![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
25 ліпеня 2021 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася чарговая сустрэча ўдзельнікаў чытацкага клуба «КанТэкст». Тэма сустрэчы — «Літаратурнае залюстроўе: героі кніг і іх прататыпы».
«Пропавшие девушки Парижа» Пэм Джэнафф — кніга, заснаваная на рэальных падзеях. Элеанора Трыг стварыла каманду дзяўчат-радыстак, якіх адпраўлялі ў акупаваную Францыю. Яна лічыла, што жанчыны могуць зрабіць свой унёсак у перамогу не горш за мужчын. Але нешта пайшло не так: дванаццаць з іх не вярнуліся. Іх выдалі. Прататыпам Элеаноры з’яўляецца легендарная англійская разведчыца Вера Аткінс, якая была прататыпам і ў раманах Я. Флемінга пра Джэймса Бонда.
Адна з удзельніц клуба зачытала некалькі ўрыўкаў з аповесці Л. Талстога «Хаджи-Мурат». Аўтар пісаў гэты твор ужо на схіле жыцця, маючы велізарны духоўны вопыт. Галоўны герой кнігі — Хаджы-Мурат — рэальная гістарычная асоба, натхняў аўтара бясстрашнасцю і рашучасцю.
Цікава гісторыя стварэння рамана «Концертмейстер» М. Замшава. Чырвонай ніткай у кнізе праходзіць жыццё кампазітара Аляксандра Лакшына, рэальнага чалавека, абвінавачанага ў свой час у супрацоўніцтве з органамі і даносах. Сын Лакшына патраціў больш за трыццаць гадоў, каб даказаць бязвіннасць бацькі. Гэта вялікі раман, магутны і глыбокі, які ахоплівае тры пакаленні. У ім тонка паказаны пытанні маральнага выбару чалавека.
Папулярнасцю сярод чытачоў карыстаецца кніга А. Голдэна «Мемуары гейши». Гісторыя жыцця адной з самых знакамітых гейш XX ст. Ніта Саюры. Раман адкрывае жыццё краіны Узыходзячага сонца, традыцыі, культуру зносін, танцы і музыку. Мастацтва гейшы — адмысловае мастацтва, якому вучацца не адзін год.
Шмат цікавых гісторый, звязаных з прататыпамі, было згадана. Прататыпам Шэрлака Холмса стаў калега Конан Дойла лекар Джозэф Бэл. Ён валодаў унікальнай здольнасцю адгадваць характар і мінулае чалавека па драбнюткіх дэталях. А прататыпам вядомага героя Даніэля Дэфо Рабінзона Круза быў шатландскі марак Селькірк, які правёў на незаселеным востраве 4 гады і 4 месяцы. Ён адрозніваўся жахлівым характарам, запальчывым і скандальным. Пасля чарговай сваркі запатрабаваў, каб яго высадзілі на першым выпадковым востраве. Капітан з найвялікшай радасцю выканаў яго патрабаванне.
Вялікі камбінатар і авантурыст Астап Бэндэр мае некалькі прататыпаў. У іх ліку інспектар адэскага крымінальнага вышуку Астап Шор, жыццё якога склалася не менш захапляльна, чым у яго літаратурнага сабрата.
Немагчыма распавесці аб усіх кнігах, якія абмяркоўваліся. Запрашаем далучыцца да клуба чытачоў і быць у курсе разглядаемай тэмы.
Прыходзьце! Заўсёды рады!
Равенка Наталля Анатольеўна,
гал. бібліятэкар аддзела абанемента
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 09