Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага распачала сваю працу кніжная выстава «Творы і творцы», прысвечаная
40-гадоваму юбілею Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
Яно ўтварылася 13 студзеня 1981 г. Першым кіраўніком стаў таленавіты вучоны, літаратуразнаўца, прафесар Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Першапачаткова ў склад аддзялення ўваходзілі 11 пісьменнікаў: Уладзімір Калеснік, Іван Арабейка, Мікола Бусько, Зінаіда Дудзюк, Мікола Пракаповіч, Міхась Рудкоўскі, Святлана Курылёва, Алесь Каско, Ніна Мацяш, Алег Мінкін, Васіль Сахарчук. У розныя гады творчую суполку ўзначальвалі: Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Ніна Мацяш, Іван Мельнічук, Мікола Аляхновіч. На сённяшні дзень абласное аддзяленне налічвае 39 літаратараў.
На выставе прадстаўлены асобныя кнігі ўсіх членаў пісьменніцкай суполкі, сярод якіх шэраг выданняў з аўтографамі. У асобны раздзел выдзелены літаратурны альманах абласнога аддзялення «Жырандоля», заснаваны ў 2008 г. славутай пісьменніцай і перакладчыцай Н. І. Мацяш. На сённяшні дзень выйшаў ужо яго дванаццаты нумар.
Берасцейшчына багата на літаратурныя таленты. Сёння пісьменніцкую суполку прадстаўляюць творцы, якія працуюць у розных жанрах: паэзія, проза, драматургія. Нашы пісьменнікі-землякі пішуць як для дарослых, так і для дзяцей. Даволі плённа працуюць у жанры перакладу.
Экспазіцыя праілюстравана рэдкімі фотаздымкамі з жыцця і творчай дзейнасці аддзялення: разнастайныя літаратурныя сустрэчы і вечарыны ў розных гарадах Беларусі, стасункі з іншымі беларускімі пісьменнікамі і выступленні перад аўдыторыямі і г. д.
Кніжная выстава «Творы і творцы» будзе дзейнічаць на працягу студзеня і лютага 2021 г. Запрашаем усіх жадаючых азнаёміцца з матэрыяламі экспазіцыі і далучыцца да жывой крыніцы мастацкага слова.
Жэлянгоўская Ірына Іванаўна,
заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79