Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Рэсурс «Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны»

Рэсурс «Лічбавая памяць Брэстчыны»



«Шляхам паэзіі»: сустрэча з В. Барысюком

«Шляхам паэзіі»: сустрэча з В. Барысюком

«Шляхам паэзіі»: сустрэча з В. Барысюком

Сустрэча з аўтарам — заўсёды асаблівая падзея для чытачоў. 25 студзеня 2026 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага члены клуба «КанТэкст» сустрэліся з брэсцкім паэтам Васілём Пятровічам Барысюком. Загадчык сектара краязнаўства Ірына Іванаўна Жэленгоўская пазнаёміла прысутных з выставай публікацый аб жыцці і творчасці нашага госця, падзялілася ўспамінамі аб сумесных студэнцкіх гадах, сваімі ўражаннямі ад яго паэзіі і зачытала любімыя вершы. Затым Васіль Пятровіч расказаў крыху пра сябе. Ён — ураджэнец Кобрынскага раёна (вёска Малыя Корчыцы), бацькі былі вельмі працавітымі, шмат працавалі на зямлі, трымалі вялікую гаспадарку і Васілю таксама прыходзілася шмат працаваць па гаспадарцы. Вельмі цёплыя ўспаміны ў нашага госця захаваліся пра бабулю, якая ў дзяцінстве чытала яму казкі В. Біянкі і іншых аўтараў, а таксама народныя. У 10 гадоў Васіль напісаў свой першы верш на рускай мове, натхніўшыся кнігай Янкі Маўра «Слёзы Тубі». Калі мінулі гады і аўтар стаў студэнтам БрДУ імя А. С. Пушкіна, у яго жыццё прыйшлі выдатныя выкладчыкі, а творчасць стала больш глыбокай і дасканалай. Васіль Пятровіч адчуў, што на роднай беларускай мове пішацца лёгка, шчыра і з душой. Біяграфія нашага госця вельмі шматгранная: праца на тэлебачанні, радыё, галоўным рэдактарам «Беларускай лясной газеты». У мітусні дзён не заўсёды бывае натхненне, здараюцца і працяглыя перапынкі. Аўтар пазнаёміў нас са зборнікам «Імгненне і працяг», які нядаўна выйшаў, прачытаў некалькі дарагіх сэрцу вершаў («Хата»). Дарэчы, у зборніку ёсць і вершы, напісаныя на дыялекце. Вельмі ганарыцца Васіль Пятровіч, што кнігу ўпрыгожваюць малюнкі ягонай дачкі.


Адзін з удзельнікаў сустрэчы паспрабаваў перавесці на рускую мову верш паэта «Не, сустрэцца нельга з сабой былым». Пераклад атрымаўся прыгожым, мастацкім, але аўтар зазначыў, што гэта ўжо іншы твор. Прачытаў наш госць і свой пераклад верша астраханскага паэта. Варыянт атрымаўся вельмі ўдалым.


Сустрэча атрымалася цёплай і душэўнай. Пажадалі нашаму госцю творчага натхнення і ўдачы. Далучайцеся да аматараў чытання, прыходзьце на сустрэчы клуба і разам з намі адкрывайце бязмежны і займальны літаратурны свет!


Аддзел абанемента

+375 162 57 48 09


Зварот да спісу