![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Напярэдадні навагодніх свят, 14 снежня 2022 г., у Брэсцкай абласной бібліятэцы адбыліся кулінарныя сустрэчы з удзелам прафесіяналаў у галіне кандытарскай справы і прыгатавання кавы.
Шэф-кандытар Вольга Бандарук займаецца кандытарскім мастацтвам больш за дзесяць гадоў. Яна расказала асабістую гісторыю, у якой прафесійная дзейнасць перарасла ў хобі і вялікую любоў да сваёй справы. Прысутных цікавіла літаральна ўсё: якія самыя складаныя дэсерты гатуе шэф-майстар, якая страва для яе самая смачная, дзе можна набыць неабходныя інгрэдыенты. Таксама кандытар правяла майстар-клас «Ад балерыны да дэсерту» па прыгатаванню гістарычнага пірожнага «Ганна Паўлава», падзялілася тонкасцямі і сакрэтамі працэсу.
Ніводны дэсерт не абыходзіцца без кубка духмянага напою, таму выдатным дапаўненнем да выступу кандытара стаў майстар-клас ад барыста Рамана Акачука. Аказваецца, прыгатаванне кавы — гэта цэлая навука. Дзякуючы Раману ўдзельнікі даведаліся шмат цікавага і новага пра любімы напой. Раман падрабязна расказаў кававую гісторыю, якая для большасці знатакоў кавы звычайна застаецца за кадрам: дзе і якім чынам расце кава, якія асноўныя гатункі кавы існуюць і іх адрозненні, пазнаёміў з кававым інвентаром і абсталяваннем, рознымі спосабамі заварвання напою, памолам і нюансамі пры выбары вады, ну і, вядома ж, падрабязна паказаў, як варыць каву дома рознымі спосабамі, каб гэта было сапраўды смачна. Прысутным выдалася магчымасць пакаштаваць і параўнаць каву двух розных гатункаў.
Супрацоўнікамі бібліятэкі была праведзена віктарына «Кулінарнае падарожжа па СССР» з розыгрышам прызоў, а таксама прадстаўлены ўзор сервіроўкі стала з навагоднімі матывамі. Таксама ў рамках сустрэчы была арганізавана і прэзентавана разгорнутая выстава літаратуры «Давайце жыць смачна». Кнігі і перыядычныя выданні са шматлікімі фота прадстаўлены па наступных раздзелах: «Закускі і салаты», «Асноўныя стравы», «Дэсерты і выпечка», «Кактэйлі і напоі», «Сакрэты смачнага свята», «Мастацтва афармлення стала». Акрамя таго, экспазіцыя ўключыла цэлы шэраг энцыклапедычных і даведачных выданняў аб смачнай і здаровай ежы, кніжныя «шэдэўры» ад Юліі Высоцкай, матэрыял аб кухнях народаў свету і г.д.
Выстава будзе экспанавацца ў памяшканні аддзела перыядычных выданняў да канца снежня 2022 г.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці,
агульная чытальная зала.
Тэл.: +375 162 57 48 76, +375 162 57 48 74