Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
30 кастрычніка на сустрэчу з удзельнікамі чытацкага клуба «КанТэкст» прыйшоў берасцейскі аўтар Анатоль Брытун. Многія крыніцы называюць яго белавежскім летапісцам, беларускім Феніморам Куперам.
Аўтара заўсёды здзіўляла: ёсць Аляска — і Джэк Лондан прысвятіў ёй шэраг твораў, ёсць прэрыі — і кнігі Фенімора Купера. А ў нас — самы лепшы і прыгожы лес ва ўсёй Еўропе, але няма ніводнай прыгодніцкай кнігі пра яго.
Анатоль Брытун вырашыў гэта выправіць. Так і з'явіўся раман «Пах мускусу». Падзеі ў рамане ахопліваюць перыяд з 1840 па 1917 гг. Аўтар лічыць, што прыгодніцкая кніга папулярызуе гісторыю роднага краю больш за навуковыя працы даследчыкаў.
У 2015 г. выйшаў раман «Сяліба», дзе аўтар знаёміць з гісторыяй жыцця свайго дзеда, які пражыў амаль за сто гадоў і ўбачыў Першую сусветную вайну і бежанства.
Да тысячагоддзя Брэста выйшла трэцяя кніга пісьменніка — «Трылогія прыгод тысячагоддзя». Прыгодніцкі раман пераносіць нас у часы вікінгаў, барацьбы з мангола-татарамі, крыжакамі.
Аўтар ганарыцца тым, што фрагменты твора «Пах мускусу» ўключаны ў дапаможнікі для факультатыўных заняткаў для 7-га і 9-га класаў. Лічыць гэта выдатнай магчымасцю пазнаёміць дзяцей з гісторыяй свайго краю.
Не раз творы аўтара траплялі ў топ-5 лепшых кніг месяца, які публікуецца на сайце абласной бібліятэкі ў рубрыцы «Чытацкі рэйтынг».
Заслужаны журналіст, выдавец, пісьменнік Георгій Тамашэвіч прачытаў верш, прысвечаны Анатолю Арцёмавічу, у якім згадаў кнігі, майстэрства і цікавасць да гісторыі.
Сустрэча атрымалася вельмі цёплай і эмацыйнай. Слухачы цікавіліся творчымі планамі пісьменніка. Яны ўбачылі пісьменніка рамантыкам, папулярызатарам малой радзімы, добрым пісьменнікам і чалавекам.
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09