Агонь душы  Ніны Мацяш

Я знаю, мець сяброў адданых проста:
Умеў бы толькі сам быць шчодрым ты.

Успаміны

АНАТОЛЬ КРЭЙДЗІЧ. ЯЕ ЗАПАВЕТ — БЫЦЬ АДЗІННЫМІ    

Позна ўвечары 18 снежня 2008 года на мой электронны адрас прыйшоў апошні ліст ад Ніны Мацяш. У гэты час я скончыў працаваць і выключыў камп’ютар, і той ліст чытаў ужо раніцай 19 снежня, натуральна, не ведаючы, што яе ўжо няма. А ліст быў пяшчотны, суцешлівы, бо яна дужа непакоілася пра тое, каб літаратурная Берасцейшчына выглядала годна ва ўсіх адносінах. 
І ўжо наступны ліст пісаўся адначасова і ёй, і сабе, і людзям, і ў пространь, у невядомасць… 
«Мілая Ніна Язэпаўна, думаецца і думаецца пра Вас і пра тое, што здарылася, застылі пальцы над клавіятурай і баляць, бо як ні напружвайся, каб сабраць у адзінае цэлае, у тое адзіннае, якое Вы спавядлі заўсёды, ды ніяк, ніяк не ўмясціць у свядомасці ўсю Вашу веліч як чалавека, проста Чалавека — самага спагадлівага на свеце, самага далікатнага, прыгожага, светлага, надзейнага, мудрага, мужнага, моцнага і… безабароннага, усю Вашую веліч як Паэта — самага вытанчанага, відушчага, віртуознага, усю Вашую веліч як Грамадзяніна — самага высокага, годнага, адданага роднай старонцы, роднай Беларусі. О-о, яе, гэтую Вашую веліч, яшчэ ўсведамляць і ўсведамляць бясконца.
Вы так многа паспелі зрабіць у сваім прыгожым, як і сама, жыцці. “Агонь”, “Удзячнасць”, “Ралля суровая”, “Прыручэнне вясны”, “Поўны келіх”, “Паварот на лета”, “Шчаслівай долю назаві”, “Душою з небам гаварыць”, “Я вас люблю”, “Палёт над жытам”... Казкі, пераклады з нямецкай, французскай, польскай, украінскай моў у кнігах “Свет, варты вяртання” (з Віславы Шымборскай), “Маленькі прынц” і “Планета людзей” (з Антуана дэ Сент-Экзюперы), “Поры году” (з Франсуа Жакмэна), “Маруся Чурай” (з Ліны Кастэнка), “Перабіраю самацветы” (выбраныя пераклады з еўрапейскай паэзіі), “Багаславі сустрэчу мне” (з паэзіі Плеяды)… Гэта не проста Вашая творчасць — гэта здабытак, гонар усёй Беларусі, гэта сцвярджэнне самой Беларусі ў сябе дома і ў свеце. Наступная кніга, якую Вы назвалі “У прыгаршчах ветру”, выйдзе ў наступным годзе ў выдавецтве “Літаратура і Мастацтва” ўжо, на вялікі жаль, як пасмяротная, і Вы парадуецеся разам з намі гэтай падзеі з высокага высаку. Факультэт французскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў, выкладанне нямецкай мовы ў Белаазёрскай прафесійна-тэхнічнай навучальні, старшыня абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, уганараванне Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова, высокім званнем Ганаровага грамадзяніна Белаазёрска і Берасцейскай зоркі-98, міжнароднай прэміяй імя Георгія Скаварады і іншымі, іншымі, іншымі… Гэта многа і, для Вас, так мала. Бо Вы — народная. 
Ці мо і вышай? Цяпер, з адлётам у іншасвет, Вас адразу ж паставілі ў адзін шэраг з апосталамі. Апостал духу беларускага, беларуская заступніца. Гэтак казалі пра Вас падчас развітання. І з гэтымі словамі Вы набываеце новае жыццё, Вы працягваеце і будзеце вечна служыць любай, мілай Вам і ўсім шчырым беларусам Бацькаўшчыне.
Жыць так, каб і пасля жыцця рабіць для сваёй зямлі больш, чым робім мы, тыя, хто працягвае па ёй хадзіць — прыклад велічны, прыклад самаахвярнага служэння Радзіме. 

І покуль будзе бачыцца сцяжынка, 

якой ішла ты ў бедах, бы ў шаўках, 
вярэдзіціме сэрцы і галінка 
твайго радка.

Як жа пякуць-баляць гэтыя Вашыя слоўкі памяці Яўгеніі Янішчыц, якая, як і Вы, нарадзілася і адышла ў вечнасць слотнаю восенню. Асабліва пякуць-баляць яны цяпер — развярэдзіла сэрца галінка Вашага радка:

Пяро макала ў думнае дасвецце,
пісаліся не вершы, а лісты,
якімі й выкупілася ад смерці,
ад нематы.

Лісты… Даруйце, мілая Ніна Язэпаўна, што не паспеў адказаць на Ваш апошні ліст. Ён прыйшоў надвячоркам 18 снежня. Я адкрыў яго раніцай 19-га. Чытаў, яшчэ не ведаючы, што Вы… што адказваць Вам давядзецца на іншы, зусім іншы адрас.
Вось яно, апошняе Вашае слоўка: “Ну, шчасліва! Няхай не даймае мярзотнае надвор’е! Н. М.”
Мярзотнае надвор’е… Яно ў той жа дзень зацягнула ўсё нутро, думы і пачуцці… Холад, слата вонкавая і ўнутраная зліліся ў адно. І сталі мы ўсе адзінымі. Усе, хто развітваўся з Вамі пад хмурым і слёзным небам, чые душы зліліся і таксама сталі небам, гэткім жа слёзным. 
“…твая сляза ў маю слязу глядзела”. Трымцяць у сэрцы і гэты Ваш геніяльны радок, і сляза. 
Мы з Вамі пра многае не дагаварылі. І цяпер нічога не застаецца, як толькі працягваць распачатую даўно размову». 
…І вяртацца да тых нашых даўніх лістоў-размоў. 
Некаторыя з іх прапаную ў берасцейскі нумар «Маладосці». Нумар, прысвечаны светлай памяці і юбілею знакамітай паэтэсы. 

24 жніўня 2008
Анатоль, прывітанне! Дзякуй за ліст. Ляхновічу цяпер жа і напішу, каб перакінуў Табе свае пераклады (калі ён дома, нікуды не з’ехаў). Дасылаю ўласныя пераклады дзіцячых вершаў Ніны Горык. Больш нікога з валынян не перакладала, толькі харкаўчанку Аляксандру Кавалёву. Сваё не пішацца. Ліставацца з валынянамі цяжкавата: на маё электроннае пасланне адказу няма, а звычайнай поштай лісты ідуць не менш за 8—10 дзён у адзін бок. Але напішы, канешне.
Патлумач мне, калі ласка, у якой форме прапаноўваць кандыдатуры на прэмію Калесніка? Ці дастаткова Табе, як старшыні журы, ведаць, ці нейкія паперы патрэбныя? Мы вылучаем «Трохперсце», то бок — Рудкоўскага (пасмяротна), Каска і Пракаповіча. З прозай і ў нас цяжэй: кніжкі нібыта ёсць, але не цягнуць на прэмію. Вось хіба толькі кніжка Алеся Паплаўскага выйдзе, дык яна вартая адзнакі, я чытала тыя аповесці. А ў астатніх жанрах у нас таксама нягуста.
Разгорнуты водгук на «Жырандолю» быў у «Літаратурнай Беларусі» ў чэрвеньскім нумары. У «ЛіМе» намерваўся адгукнуцца на альманах Янка Лайкоў, але дагэтуль нічога няма. Магчыма, перадумаў. А як перадаць Табе той водгук Вярцінскага — не ведаю. Хіба паспрабаваць адпрынтаваць і пераслаць. Ды мо лепей сам напісаў бы? Мяркуй.
«Трохперсця» ў мяне яшчэ няма, хлопцы вельмі неабавязковыя з дасыланнем, пэўна, чакаюць сустрэчы ў верасні на сходзе, каб падпісаць. Дык, як бачыш, і адгукнуцца не магу. Шчыра кажучы, і не ўмею я рабіць гэта. А да ўсяго яшчэ вельмі занятая цяпер падрыхтоўкай свайго зборніка да выдання ў Карлюкевіча (угаварылі-такі!), набіраю тэксты. І Аляксандр Пашчанка, даўні бярозаўскі «крынічанін», даслаў фаліянт (звыш 500 стар.) сваіх рускамоўных вершаў, насамрэч даволі добрых, просіць быць рэдактарам... Запаруся! І адмовіцца няма як — па даўняй прыязнасці. З Украіны пакуль няма ніякіх вестак. На двары зноў лівень... У палях-сенажацях ён ужо лішні. А вось у соцыуме... Няхай бы пазмываў у невараць усё брыдкае, пошлае, жорсткае ды нялюдскае!..
Здароўя, добрага ўправунку з усімі набяганымі справамі! Ніна.

12 верасня 2008 
Прывітанне, мілая Ніна Язэпаўна! З нецярпеннем чакаю водгуку на «Трохперсце». Кніга сапраўды з’яўляецца кандыдатам нумар адзін на прэмію, хоць ёсць і Лагвіновіч, і іншыя... Што да юбілеяў трох сучасных паэтаў, то ці не сумясціць нам іх са стагадовым юбілеем Засіма? Хоць сам і не ўяўляю, як тое можа быць, але… У Пружанскім райвыканкаме дамовіўся, каб у выпадку перавыдання паэзіі Засіма закупілі некалькі соцень кніг. Паабяцалі цвёрда. Цяпер трэба рыхтаваць тое перавыданне. Што скажаце пра гэта? Хто можа быць рэдактарам, укладальнікам кнігі? У мяне ёсць добрыя ўспаміны пра Засіма Івана Аношкіна ды Уладзіміра Турава, артыкулы пра яго творчасць. 
Рэдактарства я не хацеў, проста не адмовіўся ад прапановы. Па-першае, люблю гэтую работу і ведаю яе; па-другое, надта ж моцна прыкіпеў да Іванаўшчыны, так мне тут добра; па-трэцяе, у мяне ўжо дзве студэнткі і патрэбна капейка: старэйшая Насця перайшла на трэці курс лінгвістычнага ўніверсітэта, а малодшая Каця тыдзень таму паступіла ў каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка (пры Акадэміі мастацтваў), яна ў мяне мастачка, уступны экзамен па жывапісе адна з усіх здала на дзесяць. Цяпер трэба апранаць, забяспечваць усім для адпраўкі ў Мінск, ну, і далей забяспечваць. Гэта і радасна, і клопатна. Радуе і тое, што яны размаўляюць па-беларуску. Свядома.
І самае, відаць, галоўнае. Нядаўна наш любімы кампазітар Валянцін Перапёлкін сказаў, што вельмі хоча пабачыцца з Вамі. Я паабяцаў звазіць. Яшчэ і Рыгора Сыраватку возьмем, ён з радасцю пагадзіўся паехаць. Такія госці, думаю, і для Вас будуць прыемныя. Я паведамлю загадзя, калі будзем ехаць. Калі не на гэтым тыдні, то на наступным дакладна. То будзе мажлівасць усё абгаварыць. 
На гэтым закругляюся. Усяго Вам найлепшага. Да хуткай, спадзяюся, сустрэчы. 
Анатоль.

22 кастрычніка 2008
Дзень добры, Анатолю! Нешта не азываесся... Паведамі, калі ласка, вынікі пасяджэння рады па прэміі. «Трохперсце», як я зразумела з размовы з Алесем, пайшло на зацвярджэнне? А чые творы яшчэ — па прозе, па дзіцячай? А чаму Алесь не ўведзены ў склад рады? Пэўна, гэта не ад Цябе залежыць. Найлепшага Табе! Ніна.

29 кастрычніка 2008
Дзень добры, мілая Ніна Язэпаўна! Гэта я гэтак усё еду да Вас з хлопцамі, дык прымоўк. Мяркуючы па першым пасяджэнні, дык «Трохперсце» адназначна праходзіць на прэмію. Але пакуль не зацверджана рашэнне, то лепш не агучваць яго. Па дзіцячай бліжэй за ўсё Бензерукоў «Зайцаў кажушок», а па дарослай ідуць дэбаты. Вымалёўваецца «Кола Сварога» Дудзюк. Зноў жа, гэта яшчэ толькі прыкідка, бо і «Сцежкі да сядзібы» Лявона Валасюка абмяркоўваюцца, і іншыя. 
Узнагароджанне хутчэй за ўсё пройдзе ў Пінскім драмтэатры і будзе прымеркавана да юбілею Янішчыц. Каго б Вы хацелі бачыць на свяце? 
Да хуткага спаткання. Анатоль.

4 лістапада 2008 
Вітаю, Толя! Вось прыблізны спіс сяброў, якія мяркуюць быць у Пінску: пінчане Павал Ляхновіч, Алена Ігнацюк, з Лунінеччыны — Сцяпан Нефідовіч, Віктар Філатаў, Мікола Ільючык і, магчыма, Вадзім Жылко. Заўтра дашлю яго і на імя Рагачука. Сёння я не заспела яго ў кабінеце. 
Сама не прыеду, калі змагу, павітаю праз Цябе, дашлю сваё слова на Твой электронны. Чула, што свята Янішчыц, магчыма, будзе не 20, а 21, каб і Канстанцін Сумар, кіраўнік нашай вобласці, меў мажлівасць прысутнічаць.
Азывайся. Н. М.

5 лістапада 2008
Прывітанне, мілая Ніна Язэпаўна! 
Усё, бачыце, ніяк не магу своечасова адказаць. Даруйце. 
Спіс Вы зрабілі, як я зразумеў, толькі суседзяў і тых, хто ў Пінску. А берасцейцаў? Хаця я сам не ведаю, як павінна быць. Але падумаў, што хочуць жа хто і з берасцейцаў быць, і з іншых аддаленых рэгіёнаў. Калі Вы праз мяне перадасце вітанак, то дзякуй — гэта гонар для мяне. Сапраўды, Канстанцін Андрэевіч выказаў жаданне ўручаць прэміі, таму перанёс мерапрыемства на 21 лістапада. Мяне гэта бясконца радуе. Гэта ўвага ўлады заслужана, дарэчы, паважанай усёй творчай інтэлігенцыяй, не толькі намі, пісьменнікамі. Хутчэй за ўсё свята расцягнецца на два дні: 20-га — на радзіме Янішчыц, а 21-га — у Палескім драмтэатры. 
З цеплынёю А. К.

9 лістапада 2008
Парадаваў, Толя! 
Паведамі, калі ласка, распарадак дня (дзён), аб якой гадзіне што будзе. Калі знойдзецца транспарт, дык, магчыма, і я пад’еду ў Пінск на ўручэнне. Але гэта з тэорыі малаверагоднасці. Хоць адзін добры чалавек ужо амаль гатовы завезці. Пры ўмове, што ў той дзень не будзе нарады ў нашым райвыканкаме. Яшчэ перамовімся. Бо я таксама не ведаю, ці змогуць лунінчане пабыць у Велясніцы. Абавязкова паведамі час мерапрыемстваў. Бо сябры ж працуюць, трэба адпрошвацца. А чаму было не спланаваць і правесці ўсё ў адзін дзень — паўдня ў Велясніцы, а ў другой палове падвечар — у драмтэатры? Нейкі пацёмкінскі размах... Гуляць дык гуляць?.. Поспеху Табе і ўсяго жаданага! Н. М.

18 снежня 2008
Дзякуй, Толя, за ліст і за пяшчоту. Хоць Ты мяне часам і дрэнціш. Пры вылучэнні на прэмію ажно да самога факту ўганаравання не сказаў, каму і за што прысуджана (апроч непасрэдна нашага вылучэння «Трохперсця»). А цяпер, ведаю, што С. Грышкевіч рассылае па інстанцыях сваё абурэнне няправільным выбарам намінантаў ды іх твораў. Так што будзь гатовы трымаць абарону як старшыня Рады па прэміі імя Калесніка. 
Навінаў не маю, апроч адной: учора выступала ў белаазёрскім каледжы на прэзентацыі анталогіі беларускага перакладу. Былі яшчэ пісьменнікі з Мінска. Вельмі файная сустрэча адбылася! 
Ну, шчасліва! Няхай не даймае мярзотнае надвор’е! Н. М.

* * *
На гэтым лісце Ніны Язэпаўны наша перапіска абарвалася. Хіба што з тым працягам, які вынесены ў пачатак публікацыі. Ён, той працяг, быў апублікаваны як развітальны, і ў слове адзіннае, у гэтым ёмкім наватворы Ніны Мацяш, была выкінута адна літара «н». Хоць «Маладосць» няхай паставіцца да гэтага такога натуральнага, зразумелага і сэнсава каштоўнага наватвора з разуменнем і беражлівасцю. Давайце сапраўды быць адзіннымі, гэта значыць, згуртаванымі, адзіным цэлым беларускім арганізмам.

                                                                                              Крэйдзіч, А. Яе запавет — быць адзіннымі / 
                                                                              Анатоль Крэйдзіч // Маладосць. – 2013. – № 10. – С. 6–9.

АЛЕНА ЛІТВІНА (МАЦЯШ). АДЛЯТАЕ Ў ВЫРАЙ РОЙ…  

Дзень Яе нараджэння, ды ўжо без Яе. Затым другія ўгодкі з дня Яе смерці... Адчуванне нейкай суцэльнай ірэальнасці. Пуста. Глуха. Моташна. Не хочацца нікога пускаць у свой смутак. І плакаць не магу. О, гэтая мацяшоўская ашчаднасць, стрыманасць! Як пісала Ніна: «Ды няма ў нас такой завядзёнкі…». І вось забілася я ў сваю ракавіну — ракавіну свайго маўчання. Боль, які не адпускае, ды, пэўна, ужо і не адпусціць, хоць і прыціхае з часам і яшчэ пераліваецца нечакана для самой сябе на ўласныя вершы.
Сыход сястры ў іншасвет спарадзіў столькі шчырых водгукаў-спачуванняў, што мне часам здавалася: Ніна прыадкрывае вечка сваёй «схованкі», каб паспагадаць, паратаваць маё сэрца ад нясцерпнага болю, ад разрыву, панянькаваць мяне, як некалі ў нашым з ёй мінулым. Мне так не хапае яе ўсмешкі, яе спачування, яе развагі. І яшчэ мучыць усведамленне, што пры жыцці не дазваляла сабе «слабасці» пашкадаваць як след яе самую (паралюш на яе, гэтую самую мацяшоўскую ашчаднасць), што, здаецца, ніколі не гаварыла ёй на поўны голас, як я Яе люблю і шкадую, як захапляюся Ёй, як дзіўлюся яе мужнасцю так жыць, яе мудрасцю (якая ж я дурненькая ў параўнанні з ёй), яе разважлівасцю (усё раскладзе па сваіх палічках), яе ўменню абнадзеіць і падтрымаць, яе тонкай душэўнасці і выкшталцонаму, шляхетнаму, як у маці (хоць і мужычка), густу і ў рэшце рэшт — яе таленту. З другога боку, я лічыла лішнім ускладаць на яе кволыя плечы свае асабістыя болькі і турботы, старалася ўсяляк ахоўваць яе спакой. Як толькі не абзывала мяне за гэта: «казярожыцай» (мой знак задыяка — Казярог), «сухім вожыкам», «скарынкаю». Але, праўда, і «апіркаю», бо ведала, што захіну пры любых акалічнасцях, адгукнуся па першым званку, дапамагу па першай просьбе. Пра гэта нам і гаварыць не трэба было — само сабой разумелася. А яна так мала ад мяне хацела. Так мала. І як цяпер жыць, памятаючы пра гэта? Як забыць яе сумныя вочы і развітальнае: «Ты — лепшая»? Я ж вочы адвяла, не прыгарнула, не дала выйсця свайму пачуццю. «Кожны сам сабе капае студню, кожнага свой плуг вядзе»… 
Яе развітальныя позіркі і словы… Яны даюць мне падставу сведчыць, што адметная велічнасць яе жыцця яшчэ і ў тым, што Яна, усведамляючы, пэўна, хуткаплыннасць і часовасць зямнога, не пераставала адчуваць сябе часцінкай Вечнасці і не жахалася перспектывы хуткага скону. Яе, здаецца мне, не прыгнятала жорсткая непазбежнасць смерці. Больш за тое, у апошнія свае дні так многа і так шчодра выказвала яна і ласку, і пяшчоту, і шкадаванне, і спагаду, так старалася ўсё дарабіць, давыканаць, даспавядацца, надарыць. 
Жыццё без Ніны пражыла так, быццам праседзела ў пустой цёмнай зале на сеансе чорна-белага кіно: вакол людзі — а пуста, свеціць сонца — а цяпла няма, светла — а ноч, дыхаеш — а не выдыхаецца. Праўда, зрэдку спахопліваюся: чаго гэта я так? Ніна ж і ў сваім жыцці, і ў вершах сваіх паказвала прыклад мужнасці і цярпення, «умення жыць не ў спаняверцы». Яна ж і пісала: 
                                                 
Даецца жыццё нам. Каб радасць з адчаем 
Вучыліся мы прыміраць. 

І яшчэ сказала, быццам пакідала нам наказ:     
                                                
Ёсць адзінае выйсце — жыць!  

Быццам загадзя давала сілы не зрывацца ў прорву безнявер’я і самоты. У нашай ніўскай старане ёсць звычай: каб са смерцю блізкіх табе не ўпасці ў грэх адчаю і смутку, бяруць шчопаць пясочку з магілы і насыпаюць табе за каўнер. Так было не раз і са мною, калі закрывала вочы і маці, і бацьку, і сёстрам. А цяпер вось як апошняя з роду, ці, як бы сказала Ніна, апошняя ў нашым радавым спісе Эрэтэку, сыплю шчопаць за шчопаццю салёны ад нявыплаканых слёз пясок у радкі сваіх вершаў… 
Да дня нараджэння сястры напісаўся верш «Пчаліны рой». Чаму такая назва, такая тэма? У бацькі была пасека. І сталася так, што свой пчаліны клопат ён перадаў менавіта мне, найменшай, якая да здранцвення, да смерці баялася пчол. Баялася, але калі вясною 2007 года пасека гінула, а бацька быў ужо зусім слабы, то мы з Колем узяліся яе аднаўляць: паставілі ў лесе лавушкі і заманілі ў іх некалькі раёў. Бацька яшчэ паспеў парадавацца. А за дзень да яго смерці прысніўся сон: усе чыста пчолы падняліся з вулляў услед за маткай і растварыліся ў небе. З трывогаю, памятаю, расказала сон Ніне.  
Ну а зараз вось, можа, не столькі напісаўся, колькі прысніўся гэты верш… 

Ці бачыў хто, 
як вулей — родны дом свой — 
збіраецца пакінуць рой? 
Шчэ зночы матка самавітая 
рыхтуе-дзеліць дружную сям’ю: 
каму застацца тут і тут,
а каму час збірацца да адлёту. 
Немітусліва ціхім поўднем  
з вузкай шчыліны лятка 
шыбуюць пчолы.     
З радасным гудзеннем 
шырокі робяць круг
над расквітнелым садам, 
над родным домам, нівай урадлівай.
Развітваюцца. 
Апошняй, нібы капітан, 
з прышвартаванага ў лагуне ціхай карабля 
ўзлятае сама матка… 
Не ўсцеражэш! 
Ці можна ўсцерагчы таго, 
каму няўхільна мосціць Лёс 
сваю сцяжынку — кладку 
ад берага да берага. І ўсё. 
Узаўецца ў неба рой 
і адляціць навекі, 
каб ніколі не вярнуцца 
да роднага парога. 
І толькі тыя, хто не паспеў, 
спазніўся памаліцца, 
зноў вернуцца назад, 
бо рана ім у гэтую дарогу. 
Ўсё так, як бацечку майго 
і ўвесь наш дзявочы род збалелы — 
Марыю, Ганну, Ніну — 
забрала маці ў снах маіх прарочых 
спякотным жніўнем, 
майскім разнатраўем, 
шалёным ліставеем. 
Толькі пакінула апошняй з роду 
адвечны клопат свой радзінны. 
З пчалінаю сям’ёю парадзелай 
нястомна поўніць горкаю пыльцою — 
пчаліным хлебам — ладзіць соты,
збіраць у Вырай новы рой.  

                                              Літвіна (Мацяш), А. Адлятае ў вырай рой… / А. Літвіна (Мацяш) // 
                                                                                                      Новы час. – 2010. – 24 верасня (№ 34). – С. 15 
                                                                                                      (дадатак: Літаратурная Беларусь ; вып. 9).

 ​ЛАРЫСА ЦІМОШЫК. КАРАЛЕВА  

Першае ўражанне — самае моцнае… Далей адчуванне чалавека толькі ўдакладняецца. Так і было.

Яе ўнеслі ў залу на руках — як каралеву. Мы, старшакласнікі, якія прыйшлі на сустрэчу з Нінай Мацяш, узняліся з вітальнымі авацыямі. Усё натуральна: яна і была як каралева для нас, пра яе казала настаўніца беларускай у пазакласным уроку па творчасці нашых слынных землякоў, вершы часта друкаваліся на літаратурнай старонцы ў раёнцы, якая тады прыходзіла ў кожную хату, а яе зборнікі можна было нават купіць у кнігарні (!). Мы ішлі на сустрэчу з чалавекам, пра якога ведалі: гэта паэт. Але… 
Як каралева яна заняла свой трон пасярод сцэны і пытальным позіркам акінула залу. Ціха. Знямелая аўдыторыя — і гэта з падлеткамі! Зніякавелі перад маленькай жанчынай. Было ад чаго. А яна ўсміхнулася — проста і адкрыта, не збіралася хаваць пра сябе нічога. Сама пачала размову. Казала пра юнацкія мары: вясковая дзяўчынка вельмі хацела спазнаць вялікі свет, убачыць Парыж, менавіта таму паступіла ў інстытут замежных моў (ведала, што прыйшла ў школу з паглыбленым вывучэннем англійскай?!). «А хочаце паслухаць, як гучыць французская?..» І пачала чытаць верш. А ў нейкі момант прыйшло адчуванне: мы разумеем! Неяк незаўважна яна перайшла на беларускую: словы загучалі ў яе перакладзе, але ў іх быў такі рамантычны флёр (ці яна так здолела перадаць гукі, што было абсалютнае паглыбленне ў асяродак нянашай вытанчанасці). І гэта спалучылася з такой блізкай, цалкам нашай унутранай засяроджанасцю, што пытанні пасыпаліся самі сабой. Каб задаць іх, некаторыя мае аднагодкі спачатку пісалі словы па-беларуску на паперы, потым перадавалі праз шэрагі на праверку выдатнікам — хацелі размаўляць з ёй на адной мове так жа добра, як вучыліся размаўляць на чужой. 
Яна па-каралеўску патлумачыла, якія магчымасці ў літаратурнай беларускай: любы, самы складаны еўрапейскі твор можна перакладаць, і гэта прыгожа. Так лепш разумееш іншыя культуры. Далёкі свет спасцігаць лягчэй, калі ведаеш свой. У далёкі можна лётаць (наяве, у марах ці снах, як яна), а ў свой будзеш вяртацца заўсёды, таму што толькі ў ім ёсць сілы жыць, нават калі гэта здаецца немагчымым. І словы — матэрыяльныя, у іх імпульс, энергія, што сілкуе душу, — той самы вечны рухавік чалавека, які значна мацнейшы за цела, якое толькі прыстанак сутнасці. Яна жыла ў словах. Мы гэта ўбачылі: любіла, кахала, плакала, радавалася, разважала, нараджала на нашых вачах мастацтва. Застаючыся на месцы, прыкаваная да свайго трона (немагчыма было гэта назваць вазком), яна ўзнімалася над залай як сапраўдная ўладарка нейкага чароўнага каралеўства. Не было сумневу, што яно Ёсць, калі Яна яму служыць. Што было яе ўладаннем, запаветнай зямлёй, чароўнай крыніцай сіл, я зразумею пазней. Можа быць, калі пачну чытаць больш вершаў, падобных таму, што стварыўся ў яе ў той год, калі мы скончылі школу:

— Адкуль ты?
— З Беларусі.
— Беларус?
Ківаеш галавою: ну канешне!
І стане сэрцу соладка чамусь,
Хоць застанешся і спакойным знешне…

                                                                                                       Цімошык, Л. Каралева / Ларыса Цімошык //
                                                                  Літаратура і мастацтва. – 2018. – № 38 (28 верасня). – С. 5.

 РАСЦІСЛАЎ БЕНЗЯРУК. БОЙСЯ СПАЗНІЦЦА СА СЛОВАМ ХАРОШЫМ!..  

Завяршаюцца першыя дзесяць гадоў без Ніны Мацяш — паэтэсы і перакладчыцы, цікавай суразмоўцы, якая заўсёды магла падтрымаць добрым словам і перад творчасцю і жыццёвым подзвігам якой мы схіляем галовы. Самы час згадаць апошнія дні слаўнай паэткі.

                                                                ТЫМІ ДНЯМІ  
У пачатку снежня 2008 года я прыняў рашэнне стаць сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Бо лічыў, што для гэтага маю важкія прычыны. Каб гэта не было нечаканасцю для маіх калег, накіраваў ліст Ніне Мацяш, абгрунтаваўшы маё рашэнне. У лісце Ніна Язэпаўна прапаноўвала: перш чым я зраблю гэты вырашальны крок, яшчэ раз сустрэцца з ёю і пагаварыць. 
Сустрэчы, аднак, не адбылося, бо літаральна праз дзень, як я прачытаў Нінін адказ, яе не стала, і 20 снежня мы з сынам Толем ехалі ў Белаазёрск, каб правесці яе ў апошні шлях. З Мінска прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя: Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, маладзейшыя таварышы па пяры. 
Калі труну апускалі ў зямлю, разгулялася завіруха, быццам і надвор’е шкадавала, што скончыўся жыццёвы шлях Ніны Мацяш: 

Калі ж прыйшоў расстання час, 
З трывогай і надзеяй 
Сабрала Ніна разам нас — 
Сама ж пайшла ў завею. 
  
У той дзень Васіль Жуковіч расказаў, як 17 снежня ён з калегамі-пісьменнікамі прыязджалі ў Белаазёрск, выступалі ў сярэдняй школе № 1 і гімназіі, дзе дырэктары — Мікола Жуковіч ды Галіна Скарына — Нініны сябры, якім яна прысвяціла не адзін верш. Дадам, што мне выпала сустракацца з Міколам і Галінай у «Літаратурнай гасцёўні» ў Жабінцы, дзе яны хораша і з удзячнасцю гаварылі пра сяброўку — слаўную паэтку з Белаазёрска. 
— Пасля мы заехалі на кватэру Ніны Язэпаўны, — расказваў далей Васіль Жуковіч, — каб разам выступіць у Белаазёрскім электрамеханічным каледжы. Ніна прыняла нас цёпла: кожнаму падаравала невялічкую карціну, аздобленую птушыным пер’ем. Была яна, як заўсёды, добразычлівая і радасная, адразу знайшла кантакт з моладзевай аўдыторыяй. Не было аніякіх прыкмет, што ёй блага. Мы вярнуліся ў Мінск, а ўслед — званок, што на Святога Мікалая, гэта значыць 19 снежня, Ніны не стала. 
Пазней Міхась Скобла ўспамінаў: «На сустрэчы ў каледжы яна была ў цэнтры ўвагі — чытала вершы і пераклады з нядаўна выдадзенай у Мінску анталогіі “Галасы з-за небакраю”, разам спявалі “Зорку Венеру” і “Калыханку маці”. А тады Кастусь Жмінько з Брэста як бы дапоўніў: позна вечарам 18-га яму пазваніла Ніна Язэпаўна і паскардзілася, што вельмі цісне сэрца і лекі не здымаюць болю». 
Мацяш назаўсёды пайшла ад нас, а мы засталіся, каб помніць яе. 

                                                                ГОД БЕЗ НІНЫ 
Увесь наступны год на Берасцейшчыне прайшоў пад знакам памяці слаўнай паэткі. Помніцца, што 26 студзеня Мікола Пракаповіч у перадачы «Край» хораша расказаў пра Ніну Мацяш, а некалькі дзён пазней члены Брэсцкага аддзялення СПБ сабраліся на свой сход. Мікалай Елінеўскі згадаў, што зараз якраз саракавіны па знакамітай паэтцы з Белаазёрска, а Зінаіда Дудзюк прамовіла: 
— Ніна неяк сама цэментавала нас усіх: і тых, і гэтых, а як будзе без яе?.. 
— Нам не трэба было дзяліцца, а мы — дзелімся! — уздыхнуў старэйшына гурта Іван Жытко. — Спадзяюся, што гэтак будзе не заўжды.
У думках яго, напэўна, падтрымалі многія, бо ўсе мы працавалі не на сваё аддзяленне, а на літаратуру, дзе групоўкі шкодзяць справе… 
Ніна Мацяш была заўжды жаданым госцем на свяце «Лунінская восень». На гэты раз у Лунінецкі раён ехаў яе пляменнік і хросны сын Руслан, бо Ніна Язэпаўна была ўганаравана прэміяй імя Уладзіміра Калесніка за кнігу паэзіі «У прыгаршчах ветру», якая выйшла пасля яе смерці. 
Калі далі слова госцю з Мінска пісьменніку Алесю Карлюкевічу, ён назваў Мацяш паэткай еўрапейскага кшталту, якая не толькі пісала цудоўныя вершы, але й актыўна перакладала з украінскай, польскай, нямецкай і французскай моў; назваў чалавекам-легендай, якую яшчэ ў маладыя гады невылечная хвароба прыкавала да інваліднай каляскі, а яна, нягледзячы на гэта, шмат ездзіла і выступала, даносіла беларускае слова. 
23 снежня 2009 года ў Брэсце, у абласной бібліятэцы імя М. Горкага, адзначылі гадавіну смерці Ніны Язэпаўны Мацяш. На вечарыне прысутнічалі не толькі літаратары Брэстчыны, але й госці з Мінска і Валыні. Выступоўцы падкрэслілі неацэнны ўнёсак паэткі ў братнія літаратуры. 
Вечарына мела вельмі арыгінальнае завяршэнне. Аказалася, год назад (менш чым за паўмесяца да смерці) Ніна Мацяш сустракалася з польскай журналісткай Наталляй Герасімук, адказвала на пытанні, а ў канцы павіншавала ўсіх з надыходзячым Новым годам. Летась з-за Нінінай смерці тое віншаванне не пайшло ў эфір, а ў той дзень яно было так дарэчы. 
Мусіць, не толькі ў мяне было адчуванне, што Ніна Язэпаўна прысутнічала ў зале і размаўляла з чытачамі, як рабіла звычайна: яна ўмела і дапамагала кожнаму, хто да яе звяртаўся. Нездарма ж як дэвіз Мацяш напісала: «Бойся спазніцца са словам харошым!..» І тым заслужыла вечную славу і памяць. 

                                Бензярук, Р. М. Бойся спазніцца са словам харошым!.. / Расціслаў Бензярук //
                                                                    Літаратура і мастацтва. – 2018. – 14 снежня (№ 49). – С. 4.

 ​СЯРГЕЙ ПАНІЗНІК. НЕКТАР ДУШЫ НІНЫ МАЦЯШ  

Далучыўшыся да сяброў Ніны Мяцяш, я трапіў разам з імі ў гасцініцу «Мінск». У адным з нумароў уладкавалася госця з Берасцейшчыны, і мы ўвесь вечар вялі цікавыя размовы. Раптам зазваніў тэлефон, Ніна падняла слухаўку і нібыта прабачылася перад намі: «Гэта з дому турбуюцца…». І палілася гаворка на матчынай мове. Ніна ніколечкі не засаромелася нас, бо з мамаю і трэба размаўляць на яе святой мове вёскі Нівы Бярозаўскага раёна.
Я быў уражаны? Напэўна, так. Але Нініна дзівоснае гучанне ў гаворцы зімовага вечара напрыканцы тых 1960-х гадоў я прыбярог як павучанне на ўсё жыццё. 
У мяне была старэйшая сястра Ніна. А калі з Нінай Мацяш склаліся шчырыя сяброўскія стасункі, і яе стаў называць сястрою (малодшай ці не на паўтара года). Пільна сачыў за яе творчасцю, такой прытульнай, чуллівай. У 1970 годзе ў Ніны выйшаў зборнік «Агонь». А калі атрымаў ад аўтаркі кніжачку «Ралля суровая», не ўтрымаўся і надрукаваў у газеце «Голас Радзімы» (21 студзеня 1977 года) свае ўражанні пра шырыню яе міжкантынентальных зацікаўленняў. Водгук выйшаў пад назвай «Толькі блізкіх збліжае ростань». Тут побач дотыкаў з еўрапейскімі творцамі — лірычнае дакрананне да мамы. Уразілі шчымлівыя словы Ніны: «Колькі песень ты, мамачка, // некалі ведала, — мора!» 
І тут я не быў у даўгу перад Нінай: ад сваёй мамы запісаў на магнітафон некальні народных твораў — на матчынай мове! 
А ў тым жа 1977 годзе атрымаў ад Ніны такі водгук: «Прыемна ўзрушана неспадзяванкай — тваёй рэцэнзіяй. Спадабалася, і не таму толькі, безумоўна, што станоўча ацэньваеш зборнік. Падкупляе глыбокая эрудыцыя, стрыманасць тону і, што заўжды вельмі важна для мяне, тактоўнасць. Цярпець не магу спекулятыўнага захлёбу». 
Для мяне кодэксам гонару, апостальскай меркаю сціпласці, духоўнай падтрымкі сталіся ахвярынкі Ніны Мацяш: лісты, паштоўкі, дарчыя надпісы — увесь эпісталярны скарб з Белаазёрска. Яна адгукалася на кожнае віншаванне-зычэнне, старалася адказаць на самыя незвычайныя просьбы. Працуючы ў выдавецтве «Юнацтва», я рыхтаваў да друку розныя тэматычныя зборнікі. У адказ на маё запытанне пра радзінныя мясціны 22 жніўня 1979 года Ніна напісала: «…Ну а вёска Нівы на Бярозаўшчыне — мая калыска. Паблізу — Белае возера, дзе стараюся бываць часцей, бо мне хораша там… Па сутнасці, усё — і Нівы, і возера Белае, і Белаазёрск — адно гняздо і ёсць, і я ў ім — тая птушка, якая не ведае выраю». 
Ніна ўмела падзякаваць, далікатна пахваліць і тым самым перадаць павучанні ў складаных варунках жыцця. У часопісе «Полымя» (№ 8, 1983 г.) надрукавалі маю рэцэнзію «Сэрца звычайнай канфігурацыі» на кнігу лірыкі Ніны Мацяш «Поўны келіх». І 23 верасня атрымаў з Белаазёрска ліст: «Дзякуй,даражэнькі, за глыбокае разуменне майго слова, майго радка — дакладней, таго,штоза словам, за радком… Ты надзіва тонка адчуваеш мае вершы, вельмі дакладна акрэсліваеш гэтае разуменне, і я шчыра, усёй душой удзячна табе за твае думкі, выказаныя ўголас. Так і трэба рэцэнзаваць зборнікі, паэзію. Істотна адчуваючы!» 
У 1985 годзе быў выдадзены ўкладзены мной зборнік «Воляй азорыцца свет». Ад Ніны Мацяш трапіў туды толькі адзін верш. Яна апраўдвалася перада мною за такую сціпласць: «Сам ведаеш, няма ў мяне гучнай публіцыстыкі, свет інтымны і свет агульначалавечы сплаўлены для мяне ў адно…» (3.10.1984 г.). 
Уразіла мяне і такое выказванне Ніны: «Выбраць нейкі адзін верш сапраўды страшэнна цяжка. І яшчэ ты памятуй, дружа: калі пішаш крывёю, то кожны верш — як тэстамант» (20.02.1986 г.). 
З Нінай Мацяш мы часта перагукваліся і вершамі. Хто перагартае зборнік Ніны «Я вас люблю…», той прызнае, што гэтыя радкі — пра нас: 

…І любасць белаю лілеяй 
Усходзіць з хваль саракавых… 

Суцяшалі, абнадзейвалі іскрынкі слоў, што перасылаліся з Белаазёрска: «Зычэнні — самыя найлепшыя — як брату дарагому» (20 лютага 1986 г.); «Хай сагрэе цябе вестка, што і на гэты раз я думкаю побач з табою, маім братам. Жыві доўга і горача!» (10 траўня 1987 г.); «Мне дарагое ўсё тваё — і згадкі, і вершы. Дзякую Лёсу, што ты — мая радня» (18 красавіка 1995 г.); «Няхай Хрыстова нараджэнне ўмацуе ўсіх нас у чыстасці, роднасці, любасці, годнасці!» (16 снежня 2003 г.).    
У 2008 годзе я атрымаў ад Ніны ўкладзены ёю альманах «Жырандоля» з дарчым надпісам. На асобнай паштоўцы было пазначана: «Сярожачка! Вось і выйшла наша «Жырандоля». Выданнем я задаволеная, бо аўтары шчаслівыя. 
Будзь! Жыві доўга, рухава, крылата! 7 траўня 2008 г.»
Гэта была апошняя вестка ад Ніны Мацяш — паэтэсы, драматурга, сцэнарыста, перакладчыка… Яе называлі каралевай паэзіі. А я назаву яе вясёлкай над мацерыкамі, узгадаўшы з усёй творчай спадчыны толькі 15 кніг перакладаў з французскай, нямецкай, польскай, украінскай моў. Таму Ніна была «раднёй па духу» ўсім запрошаным (разам з ёй) на Міжнародны семінар пракладчыкаў беларускай літаратуры, які праходзіў з 16 па 26 верасня 1987 г. у доме творчасці «Іслач» пад Ракавам. На адным з пасяджэнняў перакладчыкаў у мяне атрымаўся самы дарагі фотаздымак усмешліва-стрыманай Ніны Мацяш. 
Не так даўно на свяце «Бабіна лета ў Белаазёрску разам з Нінай Мацяш» я атрымаў паштоўку-запрашэнне: «Створым кнігу пра Ніну Мацяш разам». Вось і я далучаю свой верш у Мацяшоўскую анталогію. 

Пчолка 
                                                  Душа нектар свой, быццам пчолка, 
                                                  Усё шукае ў полі руху. 
                                                                                                                   Ніна Мацяш

Вясёлкай Ніначка была.  
Жыла і ў Ніны 
жар-птушка; пчолка з ёй піла 
нектар з каліны. 
Трыпутнік радасці — лячыў 
усе сустрэчы… 
І як яе праз далячынь 
крануць за плечы? 
Бог будзе за яе старацца, 
каб кожны верш быў за пасла. 
Сцяжынка помыслаў і працы 
між нас быллём не парасла.       

                                                                    Панізнік, С. Нектар душы Ніны Мацяш / Сяргей Панізнік // 
                                                                          Літаратура і мастацтва. – 2015. – 22 мая (№ 20). – С. 11. 

 ​​МАРЫЯ АНТАНАС.  З ДУШЫ МАТУЛІ.  УСПАМІНЫ ПРА НІНУ МАЦЯШ  

Што чалавека робіць чалавекам? — Душа. Так, безумоўна, скажа не кожны. Але пагодзіцца з гэтым, думаю, кожны. Асабліва той, хто шмат перажыў у сваім жыцці. 
Ніна Мацяш — паэтэса нялёгкага лёсу, была, перш за ўсё, Чалавекам з вялікай літары. Яе душа трапятліва адгукалася на кожны зварот да яе, на кожную працягнутую руку, на ўсхваляванае слова. Яна бачыла чалавека! Чула! Усёю сваёй істотай, глыбінёй мудрага, чуйнага сэрца. Ніна ўмела парадавацца добрай сустрэчы (і не абавязкова з пісьменнікам, з самым звычайным чалавекам, але ўнутраным зрокам яна бачыла і ў ім адметнасць, нейкі прыродны талент. Нехта сярод зімы клапатліва падкормлівае птушак, нехта шкадуе выкінутых былымі гаспадарамі бедных кошак, сабак, нехта…). 
Усе ў Белаазёрску яе ведалі і любілі. І ці толькі ў Белаазёрску! Яе любіла, галубіла ўся Беларусь! Але яна не прымала плачу па сабе. Яна — жыла! Паўнавартасным, годным, патрэбным у гэтым свеце жыццём! Пакуль білася сэрца — жыла! 
Ніна… Ніначка… Прабач, што запознена пішу гэтыя радкі. Але ніколі не бывае позна сказаць і наўздагон, у той ужо, іншы свет: я вельмі рада, што мы з табою аднойчы сышліся-сустрэліся! 
Думаю, што ж ты такое, паэзія, калі прыходзіш да вельмі слабенькіх фізічна? Боская рука падтрымкі? Голас Неба, калі нехта з вышыні аднойчы ўдыхае ў цябе вялікую веру ў сусветную любоў, у неапісальную прыгажосць Свету — толькі расплюшчы вочы і знойдзеш столькі радасці вакол, столькі шчасця! 
І Ніна Мацяш аднойчы, у вялікім адчаі, калі ўжо ногі не слухаліся яе жадання хадзіць, зразумела, адчула, што ў яе ёсць яшчэ нешта такое ў душы, што здольна пераадолець усе нягоды. Песня! Яна загучала ў ёй, як шаўковы галасок рамонкаў на лузе (о, як яна любіла іх у дзяцінстве гладзіць рукамі!). Яна нарадзілася паэтэсай, але, як гэта бывае ў многіх вясковых дзяцей, калі трэба падсабляць бацькам па гаспадарцы, калі няма часу асабліва прыслухоўвацца да сваёй душы, не выказвала сябе змалку. Але ж для нечага ёй былі дадзены абвостраны зрок, чуйны слых. Вунь адзінокая рабінка на роскрыжы шляхоў ірдзее полымем пакутнай любові (ці кахання?), а на яе нібыта й не зважаюць, вунь бярозанька адзінокая-адзінокая, у полі, але такая любімая ўсімі! Ах, ці перадасць яе душа гэтае хараство жыцця яшчэ некаму, ці дапаможа расплюшчыць вочы на прыгажосць свету яшчэ некаму? Адчай? Які адчай? Жыць напоўніцу! Працаваць! І піша аб тым:

Твайго палону прагну я — 
Не адпускай мяне, работа. 
Хай дыхае у твар спякотай 
Ралля суровая твая. 

І дзякуючы гэтай нястомнай працы Беларусь пабагацела на яшчэ адну Паэтэсу. Арыгінальную, са сваім, толькі ёй уласцівым голасам. Менавіта трагедыя ўласнага лёсу акрэсліла, умацавала яе прыродны талент. А тое, што ў свет прыйшла Паэтэса, Беларусь адчула яшчэ раней, ужо ў яе 20-гадовым узросце, калі быў надрукаваны першы верш. А там — далей і далей: з літаратурнай сцяжынкі — прасторная паэтычная дарога, свой адметны след на ёй, свой духмяны, азалочаны сваім сэрцам колас. 

Лёс мой, 
лёс мой — цяжкі колас 
часам — цяжкі камень… 
Мне люляць цябе да скону 
кволымі рукамі. 

Гаворачы так, паэтэса звярталася толькі да сябе, не спрабуючы выклікаць у нас пачуццё жалю. Яна, наадварот, настройвае на вялікую самаахвярную працу ў імя роднай зямлі, беларускай літаратуры. І міжволі гучыць у душы: 

Сцвярджаць я свету не баюся 
Сваёю кожнай баразной: 
Жыву! 
Люблю! 
Не наталюся! 

Я зазнала ў жыцці шмат бед, зведала і многіх людзей, і з фізічнымі калецтвамі ў тым ліку, але ніводзін з іх так глыбока не крануў маіх струн душы, як зрабіла гэта Ніна Мацяш. Сёння мне, як ніколі, блізкая Ніна. Можа, і таму яшчэ, што цяпер і я — дужа слабая, цяжка хворая, амаль сляпая. 
Але гэта толькі развагі. Як ёй было, на самой справе, можна толькі ўявіць. Добра, што ў яе былі памочнікамі блізкія яшчэ людзі. Помню яе сястрыцу, калі ўпершыню з Нінай сустрэлася ў сталічнай гасцініцы «Мінск». Як яна клапацілася пра яе! Помню… — і не магу далей. Слёзы міжволі сціскаюць сэрца, яны, здаецца, бягуць не з вачэй, а з глыбіні душы. І як жа я даражу сёння яе даверам! 
«Дасылаю табе некалькі вершаў з напісанага апошнім часам…» І звярталася як: «Марыйка»! А так звярталася да мяне толькі мама, ды яшчэ, бывала, два вядомыя паэты. 
Прытуляю да сэрца гэта цяпло, грэюся ім. Слухаю, нібыта зямны яшчэ, цёплы голас: 

Не заходзь, 
Маё сонца, 
За доўгія хмары маўчання…

Ніну хвалюе глыбіня, напоўненнасць асабістага жыцця, якое павінна яшчэ належыць людзям:
  
Не змізарнець бы на вяку, 
Не зблоцілася б глеба тая, 
Дзе і крынічка б’е, пакуль 
Рака плыве і не сплывае!.. 

Яна давярала мне свае новыя вершы, толькі што выплеснутыя з душы. Чуйная, глыбокая, ранімая, яна пакутавала бедамі дарагіх ёй людзей. Як перажывала трагічную смерць маладзейшага сябра Паэта Леаніда Якубовіча! Ляцела на Салігоршчыну на яго пахаванне! На калясачцы сваёй ляцела. Адплакала і яго. І вершам таксама. А як пранізліва і глыбока разгледзела творчасць Леаніда Якубовіча! Сумленна аднеслася да спадчыны сябра. Яе слова пра творцу — запамінальнае, яркае, адно з самых лепшых! Яе слова — чалавечае, што немалаважна, калі творцы ўжо няма на зямлі. 
Усе, хто б ні ўзгадваў Ніну Мацяш сёння, гавораць пра яе толькі добрае! Толькі самае-самае харошае! Нават нечаканка выпала: пачуць голас самога народа, яго прадстаўніка — зямлячку з Белаазёрска, якая ў маім сталічным доме сёння даглядае (за грошы, вядома) хворую 100-гадовую бабулю. 
— Ой, Ніначка! Я ж яе добра ведала. Бачыла яе на прагулках. Едзе, бывала, на сваёй калясачцы, і кожны стараўся ёй хоць чымсьці дапамагчы. За гонар лічылі. Магічна гучала, што сярод нас, звычайных, жыве паэтэса. І ніяк не верылася: такая простая з усімі, уся свойская. Кватэра яе, мусіць, і ноччу ад людзей на замкі не зачынялася! Бывала, вяртаюся з працы, душа гудзе ад рову кароў, якіх вязуць на наш мясакамбінат. Сэрца разрываецца, калі бачыш слёзы кароў (ой, той, хто бачыў, як плачуць каровы, век не будзе есці іх мяса!). Дык во, іду аднойчы з працы і сама плачу ад свайго бяссілля, што падсабіць няшчасным нічым не магу, а тут насустрач — Ніна на калясцы. Заўважыла мае слёзы, спынілася. І так звярнулася да мяне, што і па сёння яе голас у душы:
— Можа, я Вам чым падсаблю? Я рада буду дапамагчы. 
А я паглядзела на яе ўважліва і яшчэ болей заплакала. «Куды дзецца, кажу ёй, — рабіць недзе трэба, дачку карміць трэба, куды з мясакамбіната ў Белаазёрску пойдзеш? Каб гэта я спецыялістам якім была…» 
Ніна ўсё зразумела. Памаўчалі мы з ёй, разам пабедавалі. І во, колькі часу прайшло, а помню яе слязу ў глыбокіх вачах. Відаць было, што яна — незвычайны чалавек… 
Нялішняй, праўда, і гэтая згадка пра вядомую паэтэсу Беларусі. Шкада толькі, што імя сваё жанчына не назвала, не хацела, каб ведалі, як яна падпрацоўвае, каб выжываць у нялёгкім сённяшнім свеце. 
Хай жа і маё сэрца сёння напоўніцу адгукнецца на юбілей Ніны Мацяш. Мурашы па целе, што яна на тым ужо свеце пакрыўдзілася на мяне. «Як жа так, — выгаворвала ў сне маёй дачушцы, паэтэсе Дар’і Лёсавай, — мы ж з тваёй мамай сябравалі, а на мой юбілей яна — ні слова! А я ж такія пісьмы ёй слала!». 
І паказала Дашы, як яна колісь пісала мне, як думала над кожным словам, як старалася… 
Даша бачыла яе ў сне, нібыта наяве. Бачыла яе пакой, стол, як сядзіць яна, як піша мне… І крыўда была ў яе голасе, крыўда на мяне з таго свету! 
—    Паўплывай на маму, — прасіла дачку. 
Заўважце, не мне прыснілася, а Дашы! І мая кроўная ўжо паэтка выгаворвала мне: «Мама, так нельга. Жыццё наша яшчэ не скончылася. Сыдзе бяда. Я веру ў гэта. І ты вер. Адолеем. Перажывём. Толькі папрасі прабачэння ў Ніны, папрасі! Схадзі ў царкву, пастаў свечку, памаліся. Яна пачуе Цябе! 
…О, жыццё! Ты, сапраўды, загадка. Таямніца, якую яшчэ ніхто да канца не разгадаў. Бог над намі, адзін Бог — валадар цудаў. Дай, Божа, пажыць мне яшчэ на Зямлі, выратуй, Божа, каб змагла я яшчэ выправіць, замаліць усе свае грахі, каб некалі светла-светла глядзець у твае ясныя вочы. 
…І — Ніна! Хіба мы з Табою, Ніначка, развітваліся на доўгія гады? Ты жыла ва мне заўсёды! Жыла, хай сабе на нейкі перыяд прыглушана, але жыло Тваё слова! І адно з іх, самае, бадай, дарагое, — маме. І адразу ўзлятае нада мной Песня, Твая Песня: 

Быць разам выпадае нам так мала… 
Забудзь трывогу вечную сваю, 
Прыляж, мая натомленая мама, 
Як некалі ты мне, табе спяю… 

Гэта песня — незвычайная. І сіла яе — у калыханцы маме. Так і названа яна — «Калыханка маме». Цяпер яе, на жаль, рэдка выконваюць, а некалі… О, некалі яна гучала у кожным з нас, як самае дарагое пасланне сваім мілым мамам. Цікавейшае стварэнне гэтай песні. На нейкім творчым семінары ў Брэсце сустрэліся вядомая харыстка, музыка Інеса Леанідаўна Вінаградава і паэтэса Ніна Мацяш. Ніна і прачытала тады верш для ўсіх, а Інеса Леанідаўна адразу ўчула ў ім песню. А сястра яе, да таго ж спявачка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Раеўская тут жа падхапіла гэтую мелодыю, і песня палілася, нібыта рака паўнаводная, кранаючы струны душы многіх і многіх людзей. І скаланаецца сэрца ад болю радкоў Ніны, аплакваючы тую ж мамачку па ейнай смерці: 

Ляжыш, прычасаная, ўбраная, як на Вялікдзень. 
І ў печы пячэцца твой белы — наш чорны — пірог… 
Устань жа, галубка, устань, мая зорачка, выйдзі 
Хоць глянь, колькі люду сабраў твой зычлівы парог!.. 
Устань, мая родная, ты ж на дасвецці ўставала, А гэта ж — паглянь толькі! — сонца пайшло на заход… 
Усмешкай людзей прывітай, як заўсёды вітала,  
Няхай не стаяць так журботна ля нашых варот… 

Апяваючы апошні дзень мамы на зямлі, Ніна нібыта апявае ўвесь свой народ, усіх нашых мацярок, якія, на жаль, не вечныя на зямлі. І жаласна сцінаецца сэрца, і кожны з нас плача па сваёй ужо маме, словамі паэтэсы: 

Ты ж, мамачка, з кожнай птушачкай, з кожнай зялінкай 
Умела гукнуцца, — чаму ж не азвешся да нас?!. 
А як падкрэслівае Ніна хараство матчынай душы (народнай душы!)! 

Успаміну светлы каласок: 
Ты вяртаешся таропка з поля, 
Малачай ды лебяда ў прыполе, 
А ў руцэ — рамонкі для дачок… 

Як бачыце, не на голым месцы ўзыходзіць сапраўдная паэзія. Яе творцы — простыя сціплыя людзі, руплівіцы, нашы вечныя старанніцы — мацяркі… І выток паэзіі Ніны — менавіта ад мамы. Міжволі ўзгадваеш тут Яўгенію Янішчыц, якая таксама ўзнімала на п’едэстал усеагульнай любові сваю маці, калі напрамую гаварыла: 

Мама мая — паэтэса. 
Так, толькі тады, калі сэрца чалавека глыбока адчувае, разумее гэта, і нараджаецца сапраўдная паэзія.          

                                                                  Антанас, М. З душы матулі : успаміны пра Ніну Мацяш /
                                                                                 Марыя Антанас // Полымя. – 2021. – № 9. – С. 132–136.

  Святлана ВаронікЁсць толькі шлях

Не кожны чалавек здольны ўласнаручна заснаваць, стварыць сваю асабістую дзяржаву. Дзяржаву, у якой шчасліва жывуць усе падданыя, а на п’едэсталах уганаравання ўшаноўваецца слова. Слова мілоснае. Такою дзяржаваю валадарыла паэтка з Белага Краю Азёрнага — Ніна Мацяш. А называецца яе дзяржава — Дзяржава Любасці. 

Паэтычны свет Ніны Мацяш, у які дазволена зазірнуць кожнаму, напоўнены ўласнатворным, святадарным святлом, бо паэтка ведала-разумела, спазнала ісціну: І дзеля цябе сонца свеціць. Патрэба падзяліцца са светам святлом — тое важнае, тое сутнаснае, што вызначала, акрэслівала ўвесь творчы шлях паэткі: Травінка кволая — // І тая не ўзрастае // Дзеля самой сябе. Вельмі не проста выконваць гэтую светазарную місію, калі прыходзіцца збіраць у жменю смутку зёрны, калі журыцца і плачацца, калі цвітуць … цярновыя сады, калі запушчанаму саду не вернуты плён надзеі і харашыня, а людзі спазняюцца з харошым учынкам… 
  
Бойся спазніцца са словам харошым… — так прароча-прачула гучыць голас паэткі, сэрца якой да новых ран гатова і якое ўбірае ў сябе ўвесь свет — сусвет людской дабрыні, міласэрнасці, любові. Не спазніся… Як заклік-просьба-заклён гучаць гэтыя словы. У іх — квінтэсенцыя чалавечага існавання, сутнасць духоўнага шляху самой паэткі. Шляху, які вядзе да мэты. Ён і ёсць мэта, якая бясконцая ў спраўджванні, якая аяўнівае немагчымае. 

Ёсць толькі шлях… — так па-філасофску глыбінна-проста гучыць першы радок верша Ніны Мацяш «Людвіг ван Бетховен». Гучыць як музыка, як акорд-прыступка да ўзыходжання… Да гэтага вобраза шляху-дарогі паэтка звернецца неаднойчы, бо ён пространь, ён бязмежжа для спазнання свету і сябе ў ім. Ён адорвае святлом і смуткам, імгненнямі вечнасці, хараства. На гэтым шляху паэта-вандроўніка стрэне вясёлка, ніколі не пакіне матчына песня, радасна падміргне вока Белага возера, і райскі сад кахання-любові адкрые таямніцу.

Шлях любіць крокі людскасці і дабрыні. І шлях імкнецца да Любові. І гэты шлях уваскрэсіць малітву, «Малітву за ўсіх». Дарэчы, малітоўнаю запаветнасцю, ахвярнасцю прасякнута ўсё, што дорага сэрцу паэткі, што красуе ў яе душы і што робіць яе безабароннай: і асвечаны свет кахання з жаваранкамі пяшчоты, і непараўнальная краса роднай зямлі, што Белым возерам глядзіць, // Як вечнасць, // І Чорным возерам глядзіць, // Як памяць…, радасць і святло сяброўства на жыццёвых пранозлівых проймах, неабсяжны свет прыроды, гармоніі, хараства… 

Чуйная душа паэткі, яе духоўны зрок здольныя адчуць-пачуць і зразумець адзіноту лістка на галіне («Дрыжыць лісток, ды не таму, што зжоўк, // Другое страшыць: што адзін застаўся»), і скаргу дзікай яблыні («Я ў сад хачу!»// У той прасторны сад, // Дзе вішанна, і яблычна, і грушна…»), і самоту восеньскага саду («Стаяць манахамі сады // Ў сутанах вымаклых за плотам…»). 

Ніна Мацяш — гэта ўвасабленне моцы чалавечага духу. І хоць просіць Божае ласкі, ды ўсё ж ведае і сцвярджае сваю праўду: «Гасподзь схіляецца да ўсіх, // Ды духам ніцых Ён не чуе». Душа паэткі змагаецца за перамогу святла, светласці, святланоснага, бо толькі гэта з’яўляецца шляхам да паратунку, гэта шлях да повязі душы з Сутным. 

Зла са святлом змаганне йдзе заўсёды.
Няхай святло перамагае ў нас!
Бо толькі ў ім душа расце крылата.
Хай не пакіне нас такое Свята!
  

Пясняркаю дабра і чалавечнасці назваў Ніну Мацяш вядомы даследчык літаратуры Уладзімір Калеснік. Разважаючы пра любоўную лірыку паэткі, своеасаблівую «паэтычную філасофію кахання», у артыкуле «Дар гармоніі» Уладзімір Андрэевіч адзначыў: «Свет жаданай любові з інтымнага свету дваіх можа ператварыцца ў адкрыты свет агульначалавечых даброт, дзе буйнейшыя самацветы Радзіма і Народ». 

Ніна Мацяш ведала шлях да захавання Радзімы і шлях да паратунку душы свайго народа: 

Не знемагайма ў адчаі сябры,
Не знемагайма.
Сцюжа люцее на нашым двары:
Пры вогнішчах духу чувайма.


Вогнішчы духу… Яны запальваюцца іскрамі-душамі асоб мужных, ахвярных, якія ведаюць-разумеюць-імкнуцца:  

І ўласнай дарожкай
Стварыць хоць бы пробліск на выйсце
Знямогламу духам,
Каб ён, як пупышка
да лісця,
Быў прагны да руху.


Духоўны космас паэзіі Ніны Мацяш — неабсяжны. У ім валадараць Любоў, Ахвярнасць, Дабрыня… Тое, што можа дух наш увечніць. Адгукаючыся на святлівае, шчырае Слова Ніны Мацяш, разумееш, што і сапраўды: душа расце крылатая ў руху. Пры вогнішчах духу. А гэта і ёсць Шлях…     

* * *
У снежні ружа расцвіла...
У двары...
У маразы... У халады...
Снегу радасцю была
ў тым двары...
Стаіць ружа на стале...
Столькі жалю задае... 19.12.08.    
   
* * *
Да нас дзяцел прыляцеў,
Пані Ніна...
Быццам грушачкі паеў,
Пані Ніна...
Прыляталі «снегіры»
з дзіўным чубам...
Падымаюць каўняры
дзіўна людзі...
Божа, Божанька... зіма...
Пані Ніна... Вас няма...  

* * *
Запалю святло,
і яно
мяне ўбачыць...
І прабачыць
маўчанне маё...
Без Твайго Святла
музыка ўцякла...
За Тваё цяпло —
запалю Святло... 29.12.08.  

* * *
Месяц, месячык, паглянь —
снег усюды...
Бы туман,
засцілаюць слёзы мне
шлях дадому...
без Цябе...
Месяц, месячык, глядзі...
Па маіх слядах, хадзі...
Бачыш ты — усё маўчыць...
Сэрца зоркаю трымціць... 05.01.09.  

* * *
Адмаўчуся Табою...
За ракою —
чужая зямля...
Човен мовіцца з хвалямі...
Не хвалююся я...
Берагу стромкасць вернасці... 08.01.09.  

* * *
Акрайчык хлеба
на стале...
Так не хапае мне
Цябе...
Акрайчык хлеба...
Ты... і неба...
А снегам белым
вецер дзьме...
І так студзёна
без Цябе...
Акрайчык грэе...
Сэрца... б’е 12.01.09.  
                                             
                                                                        Варонік, С. «Ёсць толькі шлях…» : [памяці Н. Мацяш] /
                                                                           Святлана Варонік // Наша вера. – 2009. – № 1. – С. 64–65.

         

Вершы-прысвячэнні

Анатоль Вярцінскі Мікола Ільючык
Артур Вольскі
Міхась Рудкоўскі
Васіль Дэбіш
Расціслаў Бензярук
Васіль Жуковіч
Сяргей Законнікаў
Віктар Шніп
Сяргей Панізнік
Ірына Жарнасек
Уладзімір Данілюк
Кастусь Жмінько
Ян Чыквін
Марыя Сцяфанава
Яўгенія Янішчыц
Марыя Шаўчонак

Месцы, звязаныя з імем Ніны Мацяш