Агонь душы  Ніны Мацяш

Ведаем, жывём занадта мала, 
Каб на прыканцы не шкадаваць, 
Што не ўсё, чым доля нас вітала, 
З годнасцю мы ўмелі адвітаць. 

СПРОБА АЎТАБІЯГРАФІІ

   Запісана ў пашпарце як Мацяш Ніна Іосіфаўна, хоць ўсё ж трэба было б — Язэпаўна: няма ў нашай мясцовасці, як, бадай, і ва ўсёй Беларусі, імені Іосіф. Ёсць Язэп, Юзя, Юзё — менавіта гэтак звалі змалку і завуць цяпер майго бацьку. 
   Бацька і маці (у дзявоцтве Сеч Алена [Галена] Сымонаўна) — з бедных сялян. Да таго ж, абое раслі-гадаваліся сіротамі: у мамы рана памёр бацька, і ўсе клопаты аб сям’і з шасцёх сясцёр і братоў узяў на сябе разам з маткай старэйшы брат Захар. А бацьку майго пасля смерці маці карміла і абмывала не дужа ўдалая характарам мачыха.

   Гэтыя акалічнасці, безумоўна, па-свойму ўплывалі на юныя душы — не толькі моцна абвастралі адвечнае чалавечае жаданне шчасця, але і паказалі адзіны шлях да яго: праца, праца і праца — дзеля матэрыяльнай і маральнай незалежнасці. Чым толькі не даводзілася займацца майму бацьку: сек лазу і плёў з яе кельні ды кашалі на продаж, капаў цераз балоты асушальныя каналы ў пана Аскеркі, упраўляючага ў памешчыка пана Пуслоўскага, шыў канапы ды кажухі людзям, служыў у польскай арміі (у вёсцы дагэтуль завуць нас, дзяцей: «капралёвымі» — па бацькаваму вайсковаму чыну), настаўнічаў, брыгадзірыў у калгасе. «Дай бог усё ўмець рабіць самому, але не дай бог самому рабіць усё!» — з сумнай усмешкай падсумоўвае часам сваё жыццё мой бацька, цяпер ужо сівенькі, шчупленькі 90-гадовы дзядок з усё яшчэ прыгожым, добрым тварам. А мама! І сеяла-садзіла, і прала, і ткала, і шыла, і вышывала.

Сям'я Мацяш. 1953 г.

   А як спявала, як танцавала! Нездарма вяскоўцы звалі яе Каралеваю. Непісьменная была, а ўсёй душой гарнулася да хараства зямнога. Турботы гаспадыні-сялянкі незлічоныя: дзеці, гаспадарка, гарод, поле. А ў нашай хаце не пераводзіліся кветкі: пасаджаныя мамай вазоны, прынесеныя мамай лугавыя краскі.

Не пераводзіліся і людзі: сямейны лад, сардэчнасць, спагадлівасць, разумная разважлівасць бацькоў выклікала да іх усеагульную павагу і пашану аднавяскоўцаў. І сама я ўжо даўно зразумела: усё, што ёсць ува мне добрае — яно ад іх, ад маіх бацькоў. У пэўнай ступені нават вершы таксама ад іх. Бо калі б не бяда, я, магчыма, і не стала б літаратарам. Жыла б сабе звычайным жыццём жанчыны з яе зямным наканаваннем, дый годзе. Але цяжкая хвароба на самым парозе юнацтва забрала ў мяне права на гэтае элементарна жаданае сціплае шчасце. «Ратуе толькі крок наперад… Яшчэ адзін крок… Усё пачынаецца з кроку наперад…». Ён вельмі своечасова ўвайшоў у маё жыццё, французскі пісьменнік-гуманіст Антуан дэ Сент-Экзюперы.

Ніна Мацяш з бацькамі 

 Аднак, каб не мелася спадчыннай волі, наўрад ці памог бы ён мне зрабіць гэты крок: асэнсаваць сваё становішча, бязлітасна ацаніць уласныя магчымасці і абраць адзінае, што яшчэ давала надзею не быць адрынутай жыццём — разумовую працу, і на першым яе этапе — вучобу ў інстытуце замежных моў з мэтай стаць перакладчыкам.  Паступіла, правучылася паўгода, а здароўе рэзка пагоршылася, і я вымушана была ўзяць акадэмічны, які расцягнуўся ажно на тры гады. Экзамены спачатку здавала экстэрнам, а чацвёрты-пяты курсы заканчвала зноў на стацыянары. Там, у інстытуце, упершыню прыйшлі і вершы — як нечаканая патрэба занатоўваць уласны роздум над жыццём, думкі і перажыванні. Чаму менавіта ў рытмізаванай, паэтычнай форме? І сабе не магу растлумачыць, не ведаю. Вялікага сур’ёзу сваім практыкаванням не надавала. Гэта ўжо значна пазней; калі скончыла інстытут і з «вольным» дыпломам у кішэні вярнулася дадому, калі атрымала бясцэнную маральную падтрымку ад Алены Сымонаўны Васілевіч, надрукаваўшай у «Работніцы і сялянцы» мой першы пераклад з нямецкай мовы (апавяданне В. Нэйхаўза «Дзяўчына з царства невадоў»), калі я паслала ў «Маладосць» нізку вершаў і яны, блаславёныя Міколам Якаўлевічам Аўрамчыкам, убачылі свет на старонках гэтага часопіса, калі з «ЛіМа» падаў шчырую руку падтрымкі Анатоль Ільіч Вярцінскі, калі ўвосень усё таго ж 1967 года я была запрошана на творчы семінар у Каралішчавічы — толькі там я канчаткова зразумела, якая гэта велізарная адказнасць — падаваць людзям свой голас. 

  Што кажу ім, што ўдаецца сказаць, і ці трэба ім тое, што хачу сказаць, — такія пытанні мучаць мяне і дагэтуль, і не адпусцяць, мабыць, ужо ніколі. І як жа ў гэтых вечных сумненнях дорага мне ўвага, сяброўская ласка-вера і названых вышэй, і неназваных Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, Івана Антонавіча Брыля, Ніла Сымонавіча Гілевіча! Як дапамагалі і дапамагаюць мне і выстойваць у нягодах, і дасканаліцца ў творчасці такія розныя, але такія блізкія мне светлыя душы, як незабыўныя Жэня Янішчыц і Леанід Якубовіч (паэт з вёскі Радкава Салігорскага раёна, загінуў у шахце), Васіль Жуковіч і Зіна Дудзюк, Данута Бічэль-Загнетава і Валодзя Барна (украінскі паэт), Асылгужа Багуманаў (башкірскі паэт і празаік), і Карлас Шэрман (паэт, перакладчык беларускай літаратуры на іспанскую і наадварот), Валодзя Васілевіч (навуковец, фалькларыст і этнограф, сын Алены Васілевіч), і Алена Караткова (мастачка, графік, масквічка)! Сіла ўплыву іх нават на водстані невымерная.

Пятро Мах, Ніна Мацяш, 
Уладзімір Калеснік і Ніл Гілевіч

   А паблізу, побач колькі разумных, добрых, чалавечных людзей, радні і па крыві, і па духу. Я шчаслівая імі. А што ў вершах маіх болей журбы, чым радасці, то што ж, гэта ўжо, відаць, маё наканаванне: сцвярджаць шчасце мовай смутку. І найгалоўнейшы тут клопат — не фальшывіць, не хлусіць ні сабе, ні людзям.

19 ліпеня 1989 года. 
Спроба аўтабіяграфіі / Ніна Мацяш // 
Літаратура і мастацтва. – 1993. – 17 верасня. – С. 7. 

ДРУГАЯ СПРОБА АЎТАБІЯГРАФІІ

Спытаюцца: «Адкуль ты?
Скуль ты родам?»
І адкажу:
— З палескай той раўніны,
Якая з даледавіковых часаў
Пароднена і з доляй, і з нядоляй.
О, нездарма яна, мая старонка,
І Белым возерам глядзіць,
Як вечнасць,
І Чорным возерам глядзіць,
Як памяць...

Ніна Мацяш

   ​Кажнюткі ў свеце чалавек плавае ў тых двух азёрах — у возеры вечнасці і ў возеры памяці... Мае ж Белае ды Чорнае маюць і гістарычную, і геаграфічную прывязку: у даўнія даўні прыстойкаўся і тут, на Бярозаўшчыне, магутны ледавік і, падтайваючы, пакінуў па сабе гэтыя велічныя, жывыя сляды. Побліз іх у XIX стагоддзі з’явіліся сталыя пасяленні. Вёска Нівы, размешчаная бліжэй да возера Белага, паводле архіўных звестак, у 1861 годзе налічвала не болей за трыццаць двароў. Цяпер гэтае паселішча разгарнулася дзясяткам вуліц і паўдзясяткам завулкаў і сталася, як суседнія Ніўкі, Маневічы, Хрыса, Ярцавічы, прадмесцем Белаазёрска, дзе я і жыву. І хоць люблю гэты гарадок, ды, як пра шчасце, думаю, што Бог даў мне нарадзіцца не пад абрыдлы брэх бадзялых сабак у засмечаным гарадскім двары, а ў ціхмяным атуллі шматкалёрнага ніўскага верасня 1943 года. Вайна кранулася злавесным ценем сваім і гэтай мясціны, але не зруйнавала яе. Фактычна немцаў тут не было, толькі ў сямі кіламетрах на поўнач, у Старых Песках стаяла вайсковая часць мадзьяраў («маджараў» па-тутэйшаму), але яны не лютавалі. 

   Бацька згадвае, як яны забіралі ў яго цудоўнага стаенніка, «огера». Той не даваўся ў чужыя рукі. Загадалі гаспадару зацугляць яго, але бацька наадрэз адмовіўся. «Самі цугляйце, калі зможаце». Дык тыя «маджары» даўмеліся: на наступны дзень з’явіліся ўжо з кабылай, тая заржала, огер азваўся, кабылу запусцілі ў хлеў і — верны гаспадару жарабец усцешана паклаў сваю прыгожую галаву саміцы на шыю. Вывелі з хлява яго ўжо зацугляным. Калі бацька адчайна збурыўся вырваць вуздэчку з рук прыхадняў, тыя толькі груба піханулі яго і пайшлі, смеючыся, з падворка. «А маглі і забіць», — кажа бацька. Мне і вусцішна, і подумна: якую ж такі моц сляпую мае жарсць любоўная!..

  Вучылася я спярша ў Ніўскай сямігодцы, дзе ў пачатковых класах настаўнічаў і бацька, Іосіф (Язэп) Мікалаевіч Мацяш. Ён у свой час закончыў толькі чатыры класы царкоўнапрыходскай школы. Стрыечная сястра Галена распавядае, што мой бацька вельмі любіў сваіх братоў, асабліва Васіля ды Антона, Галенінага бацьку. Той быў не дужа здатны да навукаў, а ў школе моцна білі лінейкай па руках за няўцямлены ўрок. А мой бацька ўсё з лёту лавіў і кеміў і моцна перажываў за брата. І як толькі настаўнік мерыўся адшлёпаць Антона, Юзік усчынаў так роспачна енчыць, плакаць і перапрошваць настаўніка, што той адкідаў прэч сваю лінейку... Дзядзька Антон згінуў без вестак дзесь на Заходнім фронце, і бацька дагэтуль уболены тою стратай. Самога ж яго вайна абмінула. 

Язэп Мікалаевіч Мацяш 
падчас службы 

   Напачатку яе ў бацькі за плячыма былі падафіцэрскія курсы ў польскай арміі, скуль ён вярнуўся ў чыне капрала (у вёсцы нас і завуць Капралёвымі), сям’я з васьмі чалавек на купленых у пана Пуслоўскага пяці гектарах няўдобіцы, і сорак гадоў цяжкага мазольнага жыцця. Быў мабілізаваны ў першыя ж дні вайны, але з дарогі ў Бярозаўскі ваенкамат яго з гуртам вясковых дзецюкоў нейкі камандзір адступаючай з-пад Брэста часці завярнуў на Бронную Гару рамантаваць пашкоджаную бамбёжкай чыгунку, скуль неўзабаве ўсе павярталіся дахаты. У партызаны бацька не пайшоў, а шыць кажухі ім давялося: бацька быў абазнаны і ў кравецкай справе. «Каб мне пашчасціла вучыцца столькі гадоў, як вам, дзеткі мае, дык я міністрам быў бы!» — часам закідаў нам наш бацька, наш ба. І ў тым мы не маем сумнення! Адразу ж пасля вызвалення ён адзіны з раёна быў пасланы на настаўніцкія курсы. «Вучыцеляваў» амаль дзесяць гадоў. Начальства ўгаворвала прадоўжыць вучобу ў інстытуце, але бацька вымеркаваў, што ўжо запозна было самому вучыцца: гады, сям’я, дзеці, падняць якіх мажлівілася адно безадхланным уляганнем у гаспадарную працу. 

   Мама, Алена Сымонаўна, родам з тутэйшых Сечаў. Дзіўнае прозвішча — Сеч, я так і не патрапіла дазнацца яго паходжанне. Мама таксама была і працаўніца, і разумніца, і красуня, цыганаватая з аблічча і далікатная з характару Каралева, як пашанліва менавалі яе вяскоўцы. Каралева была непісьменнай, бо па ранняй смерці свайго бацькі гадавалася сіратою, з трыма братамі ды сястрой мусіла пасабляць маме весці гаспадарку. Адораная тонкай, чулай душой, мама вельмі любіла вакольны прыродны свет. Нават і ў сталым ужо веку яна ніколі не вярталася з лугу ці з поля без пучочка кветак, каб потым паставіць іх у глечыку на стол. Любіла і ўмела спяваць, вяла высока і моцна. Не дзіва, што тата закахаўся ў яе і пабраўся з ёю насупор першапачатковай дзедавай неахвоце таго шлюбу. «Любіліся, кахаліся, як галубоў пара» — гэта і пра іх, маіх маму з татам, песня тая.

Ніна Мацяш з бацькамі. Сярэдзіна 1960-х гг.  

Гэля, малодшая мая сястра, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, нядаўна расказала, як яна зайшла ў бацькаў пакой і бачыць: бацька сядзіць перад партрэтам мамы, абнімае яго далоньмі і плача... Галубка мама ўжо сямнаццаць гадоў у магілцы. А тата, белым-белы галубок, і на дзевяноста сёмым годзе жыцця ссірацела тужыць па адзінай сваёй любцы, жонцы, гаспадыні... 
    Я нарадзілася ў іх восьмым дзіцем (дваіх яны перад тым пахавалі).  
   Тата моцна хацеў сына, а нараджаліся адны дзяўчынкі. У 1940-м — нарэшце! — з’явіўся сынок, Юзік. Можна ўявіць сямейную роспач, калі дзесяцімесячны любёнчык памёр ад запалення лёгкіх... Праз шэсць гадоў неба паслала-такі бацькам другога сына, Міколу. Інжынер па адукацыі, брат апошнімі гадамі старшынствуе ў Белаазёрскім сельскім Савеце, маючы ўласных трох сыноў. Брат з жонкай ужо марылі пра дзяўчынку... 
   У школу мяне аддалі ў няпоўныя шэсць гадоў: надта ж ужо я прасілася вучыцца, і бацька, мабыць, згадваючы, як у маленстве сам таго прагнуў, павёў мяне ў першы клас — проста так, дзеля адчэпнага, хоць я ўжо і лічыць, і чытаць умела. «Хай пасядзіць, паслухае». А я такая дробненькая была, што з-за парты толькі макаўка віднелася, настаўніца мусіла падушачку пад мяне падмошчваць. Аднак тое «несур’ёзнае» маё з’яўленне ў школе так ужо і не пераглядвалася болей. 
   Найуразлівай кніжкай майго маленства сталася казка П. Яршова «Канёк-гарбунок». «Сивка-бурка, вещий каурка, стань передо мной, как лист перед травой…» Ах, як я хацела, каб і ў мяне з’явіўся такі ўсямоцны чарадзей «сіўка-бурка», я папрасіла б яго толькі адным-адзінае — вылечыць маіх старэйшых сястрычак Ганну і Маню: яны шылі вясковым дзядзькам і цёткам прыгажэнныя строі, а самі седзьма сядзелі ўдома, бо з падлеткавага ўзросту праз невылечную хваробу перасталі хадзіць... Мінецца гадоў з дзесяць, і лекі ад той хваробы спатрэбяцца ўжо і мне. <…>

   Я тады, пасля Бярозаўскай дзесяцігодкі, была ўжо студэнткай Мінскага дзяржпедінстытута замежных моваў, французскае аддзяленне. Праз хваробу першыя тры курсы мусіла вучыцца ўдома, экзамены здавала экстэрнам, і толькі чацвёрты-пяты курсы адолела стацыянарна. Дагэтуль сняцца, а часта-часта, інстытуцкія ды інтэрнацкія лесвіцы, доўгія калідоры, разгубленыя пошукі патрэбнай аўдыторыі, страх, што пазнюся на экзамен, што не падрыхтаваная. Ніколі не сніцца, што не хаджу. Колькі сябе помню, любіла мастацкую літаратуру. Чытала з маленства запойна, пагатоў што вучоба ў школе давалася лёгка. Але сама пачала пісаць ужо ў інстытуце. Калі падарослела, калі стала бачыць вачыма ўласнай душы і сэрца, хоць яшчэ і дужа наіўнымі, занадта даверлівымі вачыма.

Ніна Мацяш у юнацтве   

   Першы зборнік вершаў «Агонь» падрыхтаваў да друку Мікола Аўрамчык. З глыбознай удзякай думаю пра яго, і тады ўжо сталага паэта і цудоўнага чалавека. Як і пра ўсіх, хто падтрымаў мяне ў жыццёвай і творчай дарозе: Кацярыну Сініцкую, дырэктара Белаазёрскага прафтэхвучылішча, якая ўгаварыла мяне выкладаць там нямецкую мову; Уладзіміра Калесніка, Анатоля Вярцінскага, Алену Васілевіч, Язэпа Семяжона, Янку Брыля. Усіх, хто, як і бацькі, спакваля навучаў мяне мужнасці, працы, жыццялюбству і самапавазе. І чыннай любові да зямлі беларускай, да слова беларускага, да культуры — беларускай і сусветнай.

  Напрыканцы 1994 года часопіс «Першацвет», да якога я заўсёды з прыемнасцю адгукалася, папрасіў мяне адказаць на два пытанні: 1. Што ўплывала на вас, калі вы пачалі пісаць на беларускай мове? 2. Які свет вы хацелі б стварыць у сваёй творчасці і якой вы б хацелі стварыць сябе ў гэтым свеце? Пэўна, у нейкую асаблівую хвілю таго адзінаццатага дня кастрычніка села я адказаць на тыя пытанні, бо незнарок зрыфмаваны радок «Адказ „Першацвету“ на ягоную анкету» неспадзявана акінуўся звёнкам, якое пацягнула за сабой увесь ланцужок разважанняў, нязмушана зрытмізаваных і самааздобленых рыфмай.

У. Калеснік у гасцях у Н. Мацяш. 1978 г.      

  «Што ўплывала, калі пачала я пісаць беларускаю мовай? Канаванай парою пчала назапашвае ўзятак мядовы. Канаванай, наспелай парой. Спела ў часе й маё шчыраванне... Сёння поклік настойлівы той я акрэсліла б як павітанне ўсяго, што амыла душу і жывою вадой, і мёртвай. 
  ​  Перад істай, бадай, не зграшу, як скажу: змалку ведала цвёрда, што люблю непаўторны свой род і яго анідзе не зракуся, як бы лёс ні падгорчываў мёд прыналежнасці да Беларусі.

  Давялося ж бо павандраваць мне й па розных дарогах няблізкіх: свет умее ў палон сэрца браць, і вязніцай не стала калыска майго голасу ў свеце зямным. Дзячу долі за ўсе пуцявіны, дзе й жаўронкавы час, і савіны мяне моцніў вяртаннем маім у ціхмяны мой край, да жытла каля шэрага поля й балота, каб адчуць — зноў і зноў! — я магла наўзвышальную дзею тайноты ўласнай злітнасці з гэтай зямлёй, з песні ейнае ладам снутлівым, з той адвечнай гаворкай, якой свет шматстайняць і нашыя Нівы (мая вёска, мае карані). <…>
  Гарда гэтая, можа, найбольш на мой выбар тады й паўплывала: творства ўласнае стала маёй формай пратэсту на боль, на знявагу, пахлебства, хлусню.

Ніна Мацяш      

  ​  Вопыт людства ды ўласны наш вопыт прымушаюць нас у глыбіню кожнай з’явы глядзець. Усякі клопат чалавека на пэўнай зямлі ў пэўным часе ды ў пэўным суполлі ёсць высілкам на той араллі, дзе ўсялюдская творыцца доля. Дасканаліць самога сябе азначае спрыяць дасканаллю свету цэлага, дзе зноў за даллю толькі далеч пакліча цябе. Усміхаюцца людзі ў адказ, калі часам з усмешкай зазначу, што і падлогі мыццё нам аддзячыць, калі мыем мы — не напаказ... Свет любові, ладу, чысціні ва ўзаемінах чалавечых, свет павагі і дабрыні — толькі ён можа дух наш увенчыць. Як умела, стварала яго, як пасільвала, як патрапляла. А які мне набытак з таго? Спадзяюся, у сабе ўтаймавала я хоць ноту гардыні пустой. Навучаюся не мітусіцца, спакайнець, не ірвацца душой да таго, што не можа тут збыцца. Як вучуся й дагэтуль святліцца дзякай верным сябрам за цяпло на жыццёвых пранозлівых проймах: так хачу, каб ім вольна было! Каб святло іх трымала ў абдоймах». 
  ​  Гэта мае «святцы», маё выспавяданне — духоўнае, душэўнае, пісьменніцкае. Грунт усіх паэтычных зборнікаў, ад «Агню» (1970) да «Палёту над жытам» (1997) і «Я вас люблю» (1997). На апошнюю кніжачку гляджу з усмешкай, як на прыемную цацачку, забаўку: яе склалі «альбомныя» прысвячэнні, «дацкія» (з нагоды пэўнай даты) вершаванні знаёмым, сябрам, сваякам. Марыла «перасыпаць» старонкі ўласнай «пёркаграфіяй», па дасціпнаму азначэнню Аленай Сымонаўнай Васілевіч, маіх кветкавых кампазіцый з птушыных (курыных ды качыных) пёраў. Ды не хапіла ў выдаўца грошай на маю задуму. Але і на тым, як кажуць, дзякуй! 
  ​  Выбраныя творы з’яўляліся, ях правіла, у «Мастацкай літаратуры»: «Паварот на лета» (1986), «Паміж усмешкай і слязой» (1993), а ў перакладзе на рускую «Неутолённость», яе ў 1979-м выдаў маскоўскі «Советский писатель». Толькі што паведамілі і пра сігнальны асобнік томіка «Душою з небам гаварыць» у серыі «Беларуская паэзія XX ст.». 
   Ды значна мацней усцешыла б мяне выданне маіх перакладаў, а перадусім — кнігі французскай лірыкі XVI стагоддзя «Багаславі сустрэчу мне». Яна была ўжо нават у наборы — яшчэ ў 1995 годзе, аднак і дасюль не мае шанцу трапіць да чытача: няма сродкаў на выданне, тлумачаць... Як і на здадзены ў тым жа нешчаслівым 95-м ці не чатырнаццаціаркушны том замежнай паззіі «Адна — а з табою», куды я ўклала ўсё лепшае, што далося перастварыць з польскай, нямецкай, французскай, украінскай, сербска-харвацкай, балгарскай моваў. Усё тое, што блізка майму светагляду, майму спавяданню гармоніі, святла, любові. I што не проста сведчыць пра мае маральныя, эстэтычныя схільнасці, а і выразна выяўляе мяне самую, нявыяўленую ва ўласных творчых матывах і радках. Пра што сказалася ва ўступе да таго тома:

Калі гэту кнігу чытач дачытае,
Мажліва, з сумнівам сябе папытае:
— Няўжо гэта Ніна — папраўдзе такая?
То містык, то скептык, то сэрцам палае?
Ці ж тое магчыма: ў абліччы адзіным —
І полька Віслава, і ўкраінка Ліна,
I немка Крысціна, і ўсе яны — Ніна?!.
— Мой дружа! Злічыць і сама не бяруся
Жанок ды мужчынаў, раслін ды жывёлін,
Усіх, хто ўва мне ў дзіўна згодным хаўрусе
Зжыліся, — то ўчынак, то слоўка для ролі
Маёй падкідаюць у руху праз Вечнасць,
Каб яўніць душы маёй бляск ці галечнасць,
Пакуль перамогі святла не здабуду.
Як кажа Крысціна: дзе раны — там цуды;
Як кажа Віслава: пайду я гарою!
Як Ліна журбуе: адна, а з табою.
А «ты» — гэта хто? Дух? Істота жывая?
Ды тое ўжо хай сам чытач адгадае.

  ​  Гаворка пра Крысціну Лавант, Віславу Шымборску і Ліну Кастэнка, трох маіх духоўных сясцёр, чые творы сталіся грунтам таго нявыдадзенага дасюль зборніка. 
  ​ Апошняе пяцігоддзе цяжкім гнётам прыціскае душу дадолу. Слова, як каханне, прагне пространі, вышыні, далягляду. Калі слова цынічна няславіцца, бэсціцца, нікчэмніцца, збаўляецца права на росквіт, яно, як каханне, усё глыбей заточваецца ў адно яму вядомыя спраты душы і выяўляе сябе ўсё радзей і радзей. Прынамсі, так тое ёсць у маім выпадку. Ратуе праца над перастворам паэзіі і прозы замежных аўтараў. Ратуе вера: не прападзе, прыдасца і мая жменька зярнятак. Яшчэ прыластаўчыцца свята беларушчыны на зямлі беларускай. Прыластаўчыцца годна і навекі.

1999 г. 
Другая спроба аўтабіяграфіі / Ніна Мацяш // 
Выбраныя творы / Ніна Мацяш. – Мінск, 2015. – С. 397–403.

Аўтографы Ніны ​Мацяш

«Са шчырым зычэннем светлага шчыравання ў імя Духа, Жыцця і Айчыны-Беларусі…»  

Кнігі з асабістай бібліятэкі Ніны Мацяш – частка фонду 
Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Ніны Мацяш

   У чытальнай зале Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Ніны Мацяш захоўваецца 1687 экзэмпляраў кніг з асабістай бібліятэкі паэтэсы, якія ў 2017 г. перададзены ўстанове ў дар роднымі Ніны Мацяш. Большасць з іх — на беларускай мове: класічная, энцыклапедычная, гістарычная літаратура, творы сучаснікаў. Шэраг кніг  — падарункі сяброў-пісьменнікаў Ніны Мацяш з дарчымі надпісамі: Алеся Разанава, Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Васіля Жуковіча, Уладзіміра Ліпскага і інш. Значная частка выданняў з хатняй бібліятэкі Ніны Мацяш — кнігі на замежных мовах, з якіх перакладала паэтэса.

«Мілай, таленавітай і мужнай Ніне Мацяш…»