Уладзімір Калеснік

    Быў ён чалавекам Адраджэння, як і быў Асветнікам, энцыклапедыстам — з тонкім профілем твару, што так нагадваў мне заўжды хрэстаматыйныя профілі французскіх энцыклапедыстаў-асветнікаў Дзідро ці Мантэск’е. Энцыклапедыст — фаварыт факта, фактазнаўца і сістэматызатар. Літаратурная энцыклапедыя літаратуры Заходняе Беларусі, заходне-беларускага літаратурнага руху 20–30-х гадоў нашага стагоддзя, гісторык літаратуры, выдавец анталогіяў, любімы прафесар студэнтаў і паэтаў Берасцейскага вогнішча.
    Але гэты асветнік і энцыклапедыст быў найперш чалавекам Адраджэння, і менавіта ў ім скрыжаваліся і Адраджэнне як такое, і Асветніцтва як такое. І тут і аб гэтым першым можна сказаць, што яно было ў ім найперш, і аб другім — таксама. Ды ўсё ж, што найперш?
    Адраджэнцам ён быў шырынёй свайго таленту, кругагляду інтарэсаў: зноў жа аналогія — як беларускі Леанарда да Вінчы, і тэарэтык і практык,
і мастак-жывапісец і фатограф, і крытык і празаік, і гісторык літаратуры і фалькларыст, і дойлід-разьбяр па дрэве і прафесар. Я ўжо не кажу аб грамадскай заангажаванасці, аб тытанізме духу і чыну...

Алег Лойка

Аб праекце

    Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння» створаны да 100-годдзя з дня нараджэння вучонага-літаратара, пісьменніка, мастака. Уладзімір Калеснік вядомы найперш як даследчык старажытнай і сучаснай беларускай літаратуры, адкрывальнік творчай дзейнасці пісьменнікаў Заходняй Беларусі і актыўны грамадска-культурны дзеяч ХХ стагоддзя.
    Матэрыялы рэсурсу «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння» прапануюцца ў сямі раздзелах. Найбольш аб’ёмны раздзел — «Творчасць». Ён складаецца з пяці падраздзелаў і адкрывае Уладзіміра Калесніка як аўтара глыбокіх арыгінальных даследаванняў пра выдатных дзеячаў нацыянальнай гісторыі і культуры, выяўляе грані яго творчай самабытнай асобы. Рэсурс дазваляе знаёміцца з тэкстамі кніг Уладзіміра Калесніка, а таксама з водгукамі на гэтыя творы. Падраздзел «Летапісец заходнебеларускага жыцця» характарызуе Уладзіміра Калесніка як адкрывальніка «беларускай Атлантыды» — творчасці заходнебеларускіх паэтаў. Алічбаваны зборнікі, дзе Уладзімір Калеснік з’яўляецца складальнікам і аўтарам прадмоў.
    Пра актыўную грамадска-культурную дзейнасць Уладзіміра Калесніка распавядаюць матэрыялы падраздзелаў «Вартавы Берасцейскага вогнішча», «Духоўны праваднік міжкультурных стасункаў».
    У рэсурсе прапанаваны электронныя копіі некаторых публікацый Уладзіміра Калесніка з перыядычнага друку. Ёсць і матэрыялы з рукапісаў Уладзіміра Андрэевіча, якія змешчаны тут упершыню.
    Пра творчую спадчыну Уладзіміра Калесніка, пра водгукі на яго навуковыя і мастацкія творы ў сучаснікаў і наступнікаў сведчыць надзвычай багаты раздзел — «Бібліяграфія».
    Большасць успамінаў пра жыццё і творчасць вучонага і пісьменніка прапануюцца з кнігі пра Уладзіміра Калесніка «Пасланец Праметэя», іншыя крыніцы пазначаны.
    Неардынарнасць асобы Уладзіміра Калесніка раскрываецца праз матэрыялы раздзела «Мастак».
    У кожным раздзеле змешчаны ўспаміны вядомых навукоўцаў, пісьменнікаў Беларусі, яго сяброў, вучняў. Многія прапанаваныя тэкставыя матэрыялы віртуальнага рэсурсу суправаджаюцца фотаздымкамі з хатняга архіва У. Калесніка. Некаторыя прапануюцца ўпершыню. Брэсцкая абласная бiблiятэка iмя М.Горкага выказвае шчырую падзяку Варонiк Святлане, Новiк Марыi за ўдзел у распрацоўцы структуры рэсурсу і напаўненне яго тэматычных старонак. Рэсурс можа папаўняцца і дапаўняцца новымі цікавымі матэрыяламі.
    Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння» адкрывае сучаснікам самабытную постаць нацыянальнай гісторыі і культуры. Спадчына яго — годны знак ахвярнага служэння сваёй зямлі, Радзіме, знак сцверджання нацыянальнай годнасці свайго народа ў кантэксце іншых нацыянальных літаратур і культур.

КАНТАКТЫ

Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага

Адрас: г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48, 224016
Тэлефон: +375 162 57 48 79