Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Кветкавыя нацюрморты — адзін з любімых сюжэтаў жывапісцаў. Кветкі і букеты ў карцінах мастакоў уражваюць разнастайнасцю, рэалістычнасцю перадачы аб'екта, багаццем фарбаў.
1 сакавіка ў аддзеле літаратуры па мастацтве адбылося адкрыццё выставы «Зачараваныя кветкамі». Умоўна яе можна падзяліць на тры часткі.
У першым раздзеле выстаўкі прадстаўлена метадычная літаратура па малюнку (каля 30 кніг) для тых, хто толькі пачынае свой шлях, і тых, хто вырашыў удасканаліць сваё майстэрства.
Да кветкавага сюжэту звярталіся практычна ўсе вялікія жывапісцы мінулага. Рэпрадукцыі карцін (каля 80) мастакоў розных краін у жанры кветкавага нацюрморта склалі другую частку выставы.
Экспазіцыя, прысвечаная кветкам у мастацтве, — гэта спроба візуальнага асэнсавання матэрыялу. Кветкі на карцінах сучасных мастакоў не менш велічныя і прыгожыя, чым на прызнаных шэдэўрах жывапісу.
Наведвальнікі выставы ўпэўніліся ў гэтым, любуючыся карцінамі Вольгі Данілюк. Вядучая (мадэратар) выставы, Таццяна Філіпава, ва ўступным слове асвяжыла веды ўдзельнікаў аб гісторыі станаўлення жанру кветкавага нацюрморта, закранула тэму кветкавага тайнапісу (флорасімволікі) і пазнаёміла гасцей мерапрыемства з мастаком, педагогам, рамеснікам Вольгай Данілюк.
Вольга прадставіла 13 кветкавых нацюрмортаў, выкананых алеем на палатне. Далікатныя вясновыя, сакавітыя летнія і яркія восеньскія кветкі на палотнах распускаюцца і марнеюць, адзначаючы плынь часу і намякаючы на цыклічнасць жыцця. Мастачка адзначыла, што кожная прадстаўленая праца звязана з пэўнай падзеяй яе жыцця.
У нефармальных зносінах з аўдыторыяй мастак дзялілася вопытам, філасофскім і творчым адносінам да жыцця, планамі на будучыню.
Сустрэча падарыла ўдзельнікам святочны вясновы настрой і натхненне. Выстаўка «Зачараваныя кветкамі» адкрыта да прагляду да 20 сакавіка.
Аддзел літаратуры па мастацтве
+375 162 57 48 78
Фота Библіятэкі і А. Люкевіча