Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
З 10 студзеня 2023 г. у аддзеле рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пачне работу кніжная выстава «У пошуках страчанай спадчыны», прымеркаваная да 470-годдзя заснавання Брэсцкай друкарні.
Першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарня была заснавана ў 1553 годзе ў нашым горадзе берасцейскім старастам, віленскім ваяводам, канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, адным з найбагацейшых і ўплывовых людзей краіны князем Мікалаем Радзівілам Чорным. Выбар Бярэсця быў не выпадковым: у XVI стагоддзі горад уяўляў сабой вялікі развіты цэнтр з шырокімі міжнароднымі і культурнымі сувязямі.
Дзякуючы такой беспрэцэдэнтнай падзеі, як адкрыццё друкарні, горад Брэст стаў датычным да сусветнай культуры кнігадрукавання.
Брэсцкая друкарня дзейнічала ў 50–70 гг. XVI стагоддзя. За гэты час яна выпусціла больш за 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах. Адным з іх з'яўляецца Брэсцкая Біблія (1563 г.) — унікальны помнік сусветнай матэрыяльнай і духоўнай культуры, фрагмент арыгінала якой захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі. На выставе прадстаўлена рэпрынтнае выданне Брэсцкай Бібліі.
Экспазіцыя пазнаёміць чытачоў з гісторыяй Брэста і Брэсцкай друкарні, а таксама распавядае пра жыццё і дзейнасць Мікалая Радзівіла Чорнага, які адыграў значную ролю ў развіцці беларускай кніжнай культуры.
Сярод выданняў, прадстаўленых на выставе, асаблівай увагі заслугоўваюць кнігі беларускага кнігазнаўцы і культуролага А. А. Сушы; брэсцкага краязнаўцы і пісьменніка А. А. Гладышчука; доктара філалагічных навук, даследчыка кніжнай культуры Беларусі М. В. Нікалаева.
Запрашаем наведаць экспазіцыю, якая будзе адкрыта для прагляду да верасня 2023 г.
Аддзел рэдкай кнігі
+375 162 57 48 30