Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
З 27 па 30 лістапада ў фае Брэсцкай абласной бібліятэкі дэманструецца кніжная выстава «Мастацтва факта: кнігі нон-фікшн», прадстаўленая аддзелам абанемента. «Нон-фікшн — асаблівы літаратурны жанр, для якога характэрна пабудова сюжэтнай лініі выключна на рэальных падзеях з рэдкімі украпінамі мастацкай выдумкі» (Слоўнік-даведнік «Массовая литература в понятиях и терминах»; Масква, 2015 г.).
У большасці крыніц часам з’яўлення тэрміна «нон-фікшн» лічыцца 1965 г. па даце першага твора гэтага жанру — кніга Т. Капотэ «Хладнокровное убийство» (СПб, 2008 г.). Яна лічыцца класікай жанру рамана-рэпартажу. Таксама травелогі, або дарожныя нататкі, такія, як «Путешествие из Петербурга в Москву» А. М. Радзішчава, «Фрегат „Паллада“» І. А. Ганчарова або «Былое и думы» А. І. Герцэна, створаны задоўга да другой паловы XX cт. Мы чыталі і не здагадваліся, што гэта лепшы рускі нон-фікшн.
З літаратурай аб станаўленні жанру Вы можаце пазнаёміцца ў першым раздзеле выставы. Важна памятаць аб багацці літаратуры нон-фікшн. У яе ўваходзіць дакументальная проза, публіцыстыка, эсэістыка, біяграфія і мемуары. Чытачам будзе цікава серыя «Мастацкая публіцыстыка», у якой апублікаваны лепшыя замежныя класікі, напрыклад, Т. Вулф, стваральнік новага кірунку эксперыментальнай і даследчай прозы.
У другім раздзеле выставы вы можаце пазнаёміцца з біяграфіямі і мемуарамі гістарычных дзеячаў, пісьменнікаў, акцёраў, музыкантаў. Прадстаўлены серыі «Ілюстраваныя біяграфіі вялікіх музыкантаў», «Жыццё выдатных людзей», «Ваенныя мемуары» і інш.
Нон-фікшн — тэрмін, які пазначае ўсе творы прыкладной літаратуры. Мы такія кнігі вельмі любім, яны дапамагаюць пашырыць кругагляд, вучыцца чамусьці новаму, разбірацца ў сабе, паляпшаць якасць жыцця, а часам гэта проста прыгожыя падарункавыя выданні, якія так прыемна гартаць. Раздзел «Веды і навыкі» — маляўнічыя, вялікія энцыклапедыі і даведнікі. Тут дэманструецца і серыя «Сто вялікіх».
Апошні раздзел выставы «Навукова — гэта не сумна» ўключае шырокі спектр навукова-папулярнай літаратуры па ўсіх галінах ведаў: па прыродазнаўстве, медыцыне, гісторыі, псіхалогіі, рэлігіі і інш.
На выставе прадстаўлены і сучасныя класікі гэтага жанру. Перш за ўсё, варта згадаць Стывена Хокінга, аднаго з вядомых фізікаў-тэарэтыкаў. З кніг можна даведвацца аб чорных дзюрах і іх уласцівасцях. Ізраільскі прафесар гісторыі Ю. М. Харарі — аўтар-адкрыццё гэтага дзесяцігоддзя. У кнізе «Sapiens» (Масква, 2019 г.) ён даследаваў мінулае, у «Homo Deus» (Масква, 2020 г.) — будучыню. Ідэі, выкладзеныя ў яго новай кнізе пра сучаснае «21 урок для XXI века» (Масква, 2020 г.), шмат у чым спрэчныя. Акрамя гэтага, можна пагартаць унікальны дапаможнік па белетрыстыцы Б. Акуніна «Русский в Англии» (Масква, 2022 г.)
«Нон-фікшн» — гэта цудоўная рэч», — сказаў Т. Вулф. Прыходзьце, пераканайцеся, выстава дзейнічае з 10 да 17 гадзін.
Аддзел абанемента
+ 375162574809