Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
21 лістапада 1694 г. у Парыжы нарадзіўся Франсуа-Мары Аруэ, будучы філосаф, вучоны, пісьменнік, які стаў вядомым ва ўсім свеце пад імем Вальтэра. Гэтае імя непарыўна звязана з XVIII стагоддзем, стагоддзем Асветы, стагоддзем Вялікай французскай рэвалюцыі. «Вальтэр не толькі чалавек, гэта — цэлы век», — казаў пра яго французскі пісьменнік-гуманіст Віктор Гюго.
Да 325-годдзя з дня нараджэння Вальтэра ў аддзеле літаратуры на замежных мовах падрыхтавана выстава, якая асвятляе развіццё філасофскай думкі Францыі ў XVIII ст. і французскай філасофіі экзістэнцыялізму ў XX ст. як пераемніцы ў зацвярджэнні ідэалаў справядлівасці і свабоды.
Выданні на французскай, ангельскай, польскай, рускай і беларускай мовах знаёмяць з даследаваннямі, прысвечанымі ідэям французскіх мысліцеляў эпохі Асветы — Вальтэра, Шарля дэ Мантэск’ё, Жан-Жака Русо, Дэні Дзідро — і сучасных вядомых французскіх пісьменнікаў-экзістэнцыялістаў — Поля Сартра і Альбера Камю.
На выставе таксама прадстаўлены разнастайныя па формах літаратурныя творы французскіх філосафаў, якія ўвасобілі погляды на чалавека і грамадства.
Запрашаем наведаць выставу з 28 лістапада па 15 снежня 2019 г. у аддзеле літаратуры на замежных мовах Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Міхальчук Тамара Мікалаеўна,
бібліёграф аддзела літаратуры на замежных мовах
Кантактны тэлефон: +375 162 59 21 74