Сектар рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага запрашае на сустрэчу з «кніжнымі ветэранамі».
З 6 мая 2019 г. пачынае працаваць выстава «Война, войною, о войне…», якая прысвечана 74-й гадавіне Перамогі савецкага народа над нацыстскай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг. і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Кнігі, часопісы, газеты, улёткі, якія былі выдадзены ў 30–40-я гг. мінулага стагоддзя — сапраўдныя сведчанні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з моманту ўзнікнення перадумоў яе трагічнага пачатку да першых спроб асэнсавання сапраўднай цаны, якая была заплачана за мір.
Сярод экспануемых бібліяграфічных рэдкасцей выставы:
— асобныя нумары часопіса «Краснофлотец и красноармеец» 1930–1931 гг.;
— «Атлас командира РККА»: камплект з 39 карт, які быў выдадзены ў 1938 г. Генеральным штабам Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі. Атлас створаны з улікам найноўшых на той момант здымкаў, даследаванняў тэрыторый і іншых картаграфічных крыніц. На карце № 19 «Политико-административная карта СССР» пазначана мяжа, усталяваная Рыжскай дамовай 1921 г. паміж Польшчай і савецкімі рэспублікамі (РСФСР, БССР, УССР);
— сапраўдныя экзэмпляры ўлётак Брэсцкага антыфашысцкага камітэта «Оперативная сводка за 18 февраля [1944 г.]» (з фонду аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі) і «Загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Генералу арміі Сакалоўскаму [выданне ЦК КП(б) Беларусі], 1943 г.»;
— факсімільныя выданні газеты «Правда» ад 3 ліпеня 1941 г. і 10 мая 1945 г. і інш.
Кнігі вайны — частка «жывой» гісторыі краіны і народа, яе помнікі і крыніцы сучасных разважанняў пра лёсы свету і чалавецтва. Дайце сабе шанс убачыць гэта.
Пінкевіч Алена Аляксееўна,
заг. сектара рэдкай кнігі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 30