Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Вынікі праекта «Terra incognita: пагружэнне ў эпоху»
Вось і падыходзіць да канца 2021 г. Канец года — гэта час, калі азіраешся назад, падводзіш вынікі, аналізуеш: што зроблена, якія планы, праекты ўдалося ажыццявіць, якія з іх атрымаліся ўдалымі, а якія не вельмі.
За час работы праекта «Terra incognita: пагружэнне ў эпоху» падрыхтаваны чатыры відэаролікі: «Плантен», «Эльзевиры», «Гваньини», «Тирини»; распрацаваны і праведзены музейна-бібліятэчныя заняткі па трох тэмах: «Кнігі знакамітых еўрапейскіх друкарань XVI–XVII стст.», «Кніжныя скарбы XVII ст.», «Кніжныя помнікі XVIII ст.». Іх наведвалі навучэнцы старшых класаў агульнаадукацыйных школ, навучэнцы каледжаў, студэнты першых курсаў ВНУ.
Маладыя людзі разам з супрацоўнікамі бібліятэкі пагружаліся ў эпоху XVI–XVIII стст.: падарожнічалі па тагачасных краінах Еўропы, знаёміліся з выдавецкай справай і знакамітымі еўрапейскімі друкарнямі; прасачылі прычыны ўзнікнення гербаў; пабывалі ў Другой Камчацкай экспедыцыі ў складзе Акадэмічнага атрада; даведаліся пра жыццё і дзейнасць друкарняў Крыстафа Плантэна і Ладэвейка Эльзевіра, храніста і ваеннага Аляксандра Гваньіні (аўтара кнігі «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» 1611 г.), прафесара багаслоўя і езуіта Якаба Цірыні (аўтара «Каментарыя да Святога Пісання») і тэолага Каспера Нясецкага (стваральніка гербоўніка «Карона Польская» 1728–1743 гг.), акадэміка Іагана Фішэра (аўтара працы «Сібірская гісторыя» 1774 г.).
Акрамя таго, у наведвальнікаў была ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з выданнямі XVII–XVIII стст., якія захоўваюцца ў фондзе аддзела рэдкай кнігі бібліятэкі.
А яшчэ... яны ўдзельнічалі ў віктарынах, стваралі новы дызайн вядомых выдавецкіх марак і распрацоўвалі сваю друкарскую марку. Лепшыя былі адзначаны дыпломамі і граматамі.
Падводзячы гадавыя вынікі праекта «Terra incognita: пагружэнне ў эпоху» можна з упэўненасцю сказаць: «Праект атрымаўся!». Фатаграфіі з заняткаў таму пацверджанне.
Цыкл музейна-бібліятэчных заняткаў «Terra incognita» будзе працягнуты ў наступным, 2022 г. Сачыце за афішай.
Аддзел рэдкай кнігі
Заняткі праводзяцца па папярэднім запісе: +375 162 57 48 30