Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
4–5 снежня 2019 г. на базе ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» адбылася ІІ Абласная школа дырэктараў бібліятэчных сістэм Брэсцкай вобласці.
Ініцыятарамі правядзення Абласной школы выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага.
Удзел у рабоце Школы прынялі нам. дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А. А. Суша, гал. бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Т. А. Лаўрык, дацэнт кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ А. В. Прадзеіна, дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава А. В. Бабенка.
Адкрылі Школу начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Н. В. Жук і дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага А. Я. Стрыжэвіч.
Першая сесія Школы была прысвечана пытанням фарміравання, папулярызацыі і выкарыстання фонду рэдкіх кніг. Асноўныя аспекты арганізацыі і тэхналогіі сістэмнай працы з кніжнымі помнікамі разгледзеў А. А. Суша. У сваёй прамове ён пазначыў крытэрыі адбору і ідэнтыфікацыі рэдкіх кніг, пазнаёміў слухачоў з «Дзяржаўным рэестрам кніжных помнікаў Беларусі». А. А. Суша на прыкладзе дзейнасці НББ прадэманстраваў, як актыўная праца і папулярызацыя рэдкіх выданняў пазіцыянуюць бібліятэку ў грамадстве.
Тэма працы з рэдкімі кнігамі мела працяг у выступленнях заг. аддзела рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна С. А. Шыпілавай (анлайн-трансляцыя), заг. сектара рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага А. А. Пінкевіч, дырэктара Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава А. В. Бабенка.
На другой сесіі Школы абмяркоўваліся тэндэнцыі фарміравання і прасоўвання інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк. Тэарэтычныя пытанні вызначэння паняцця «базы даных» разгледзела ў сваім выступленні А. В. Прадзеіна.
З віртуальнымі праектамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пазнаёміла слухачоў Т. А. Лаўрык. Яна падзялілася вопытам па стварэнні і папулярызацыі віртуальнага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця».
Аб стане і шляхах развіцця краязнаўчых баз даных Брэсцкай абласной бібліятэкі дакладваў заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага А. П. Зайко.
На сесіі абмяркоўвалася пытанне пазіцыянавання бібліятэкі ў сацыяльных сетках. З вопытам работы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пазнаёміла гал. бібліёграф інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Т. У. Кілімбет.
Удзельнікі Школы мелі магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Аб сучасных тэндэнцыях развіцця ДУК «Кобрынская РЦБС» распавяла дырэктар Л. В. Легацюк.
Вялікі рэзананс атрымала выступленне гал. бібліёграфа аддзела абслугоўвання і інфармацыі Кобрынскай ЦРБ С. Д. Курачук. Яна пазнаёміла прысутных з краязнаўчымі інфармацыйнымі рэсурсамі, якія ствараюцца бібліятэкай.
Удзельнікі Школы наведалі Залескі цэнтр культуры і вольнага часу, дзе пазнаёміліся з работай Залескай сельскай бібліятэкі. Сваю дзейнасць прадставіла і Гарадзецкая сельская бібліятэка — пераможца V Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».
Культурная праграма была насычанай: слухачы наведалі Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава, свой талент прадэманстраваў вакальны гурт «Фантазія», які створаны пры Кобрынскай ЦРБ.
Ала Сцяпанаўна Кузьміна,
заг. аддзела бібліятэказнаўства
Контактны тэлефон: +375 162 53 04 40