![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
З 7 снежня 2020 г. у аддзеле рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пачынае дзейнічаць экспазіцыя «История одной книги. Гербовник „Корона Польская“ Каспера Несецкого», прысвечаная аднаму з найбольш поўных і аўтарытэтных энцыклапедычных даведнікаў XVIII ст. па шляхецкіх родах і іх гербах. Яго стваральнік — польскі даследчык геральдыкі, езуіт, лексікограф, пісьменнік, тэолаг, прапаведнік Каспер Нясецкі (1682–1744). Чатыры тамы гербоўніка «Корона Польская» былі надрукаваныя ў Львове ў 1728–1743 гг., пяты застаўся ў рукапісе па прычыне смерці аўтара.
Гісторык для сваёй кнігі збіраў генеалагічныя і геральдычныя звесткі з розных крыніц, працаваў у дзяржаўных і прыватных архівах, выкарыстоўваў багаты матэрыял сваіх папярэднікаў-геральдыстаў. Сярод гербоўнікаў XVIII ст. праца Каспера Нясецкага набыла статус самавітай дакументальнай крыніцы і шырока выкарыстоўвалася для пацвярджэння шляхецкіх правоў у Рэчы Паспалітай.
У XIX ст. праца Нясецкага была дапоўнена некалькімі іншымі аўтарамі і апублікавана ў 10 тамах Янам Непамуцэнам Бабровічам у Лейпцыгу ў 1839–1845 гг. пад назвай «Гербовник Польский».
На выставе прадстаўлена рэпрынтнае выданне «Гербовника Польского», якое выйшла ў Гродне ў 2011 г. У наведвальнікаў будзе ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з 4-м томам працы Каспера Нясецкага «Корона Польская», выдадзеным у Львове ў 1743 г.
Аддзел рэдкай кнігі запрашае наведаць Бібліятэку і пазнаёміцца з матэрыяламі новай экспазіцыі, якая будзе функцыянаваць на працягу месяца.
Казакова Віялена Віяленаўна,
бібліёграф аддзела рэдкай кнігі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 30