Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Паплаўскі, А. Скрыжалі душы : лірыка. – Мінск : Выдавецкі дом "Звязда", 2013. - 110 с.
Да 55-годдзя берасцейскага пісьменніка выдавецтва спадара Карлюкевіча выдала невялічкі падарунак – кніжачку вершаў. Маючы на ўвазе, што цэнзуры адсоткаў на 99 у краіне не існуе, можна меркаваць, што вершы у зборнік аўтар падбіраў сам. Туга па існасці, дэкаданс дваццаць першага стагоддзя, гэтая самая “адзінота ў Сеціве” – перапаўняюць кнігу. Як там некалі жартаваў наш амаль зямляк Еўтушэнка (гэтаксама юбіляр): паэт піша ўсё жыццё адзіны верш – “Адзінота”. Але Алесь-паэт можа быць іншым, іранічным. І гэта спараджае надзею.
На Савецкай
Ул. Глазаву
Ля падмуркаў былой сінагогі,
У панурым яўрэйскім квартале,
Коцяць дні нашы кола знямогі,
Млеюць тлумам, пакутлівым жалем.
Немач вулічных “охаў” і ахаў”
Агрызаецца юрам і смехам,
Аблятае з аголеных дахаў
Палахлівым неонавым рэхам.
У віры гэтай плыні імклівай
Упіваемся Ферэнцам Лістам.
Цэдзім з пластыку мутнае піва
У кампаніі двух кадэбістаў.
У размовах скупых і бязладных
Спадзяёмся на цуды зямныя.
І нахабна шукаем спагады,
Зазіраючы ў вочы шкляныя.
Нас няма ўжо?! Як боль -
недасяжнасць!..
Як пратэст – запазнелая споведзь…
Захмялелая праўдай прадажнай
Гіне наша душа на паўслове.
Патанае ў вачах-аметыстах
Гэты дзень векавой прыгажосцю.
Мы п’ём піва і слухаем Ліста.
Спадзяемся на вечнае штосьці.