Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
26 верасня ў сценах БрДУ імя А. С. Пушкіна адбылося чарговае ўзнагароджанне лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка. Прэмія Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта прысуджаецца ў гонар таленавітага пісьменніка Брэстчыны Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, вядомага педагога, літаратуразнаўца, крытыка.
Напачатку мерапрыемства намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка шчыра павіншаваў пераможцаў і ўручыў ганаровыя дыпломы.
У гэтым годзе лепшымі былі названыя творы наступных аўтараў:
- у галіне прозы — Фёдар Канстанцінавіч Саевіч з вёскі Ясень Пружанскага раёна за кнігу «Беловежская пуща: моя судьба, моя любовь» і Анатоль Галушка з вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёна за кнігу «Яблычны спас»;
- у галіне паэзіі — Галіна Бабарыка з вёскі Мачуль Столінскага раёна за кнігу «Дарога ў восень» і Настасся Нарэйка з горада Камянца за кнігу «Магдэбургскае права маёй душы»;
- у галіне дзіцячай літаратуры — Алена Дэбіш (Гневушава) з горада Брэста за кнігу «Замок тайн».
Таксама Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама за актыўную грамадзянскую пазіцыю і грамадскую дзейнасць, за значны ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Берасцейшчыны быў адзначаны пісьменнік-публіцыст з горада Іванава Анатоль Дзенісейка.
З віншавальнымі словамі пераможцам, успамінамі і развагамі аб далейшым лёсе прэміі і берасцейскай літаратуры ўвогуле выступілі: начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, член Савета па прысуджэнні прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама, загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства БрДУ імя А. С. Пушкіна Уладзімір Сенькавец; дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, член Савета па прысуджэнні прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама Тамара Данілюк і інш.
Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава «Лаўрэаты. Літаратурная прэмія Брэсцкага аблвыканкама імя У. А. Калесніка». Першы раздзел выставы быў прысвечаны жыццю і творчай дзейнасці У. А. Калесніка. Сёлета вядомаму пісьменніку, кандыдату філалагічных навук, прафесару, загадчыку кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, стваральніку і кіраўніку абласнога літаратурнага аб'яднання «Зараніца», лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа споўнілася б 95 гадоў. Другі і трэці раздзелы выставы прадстаўлены творамі лаўрэатаў прэміі мінулых гадоў, сярод якіх шмат гучных імёнаў, вядомых не толькі на Берасцейшчыне, але і за яе межамі: Мікола Купрэеў, Ніна Мацяш, Міхась Рудкоўскі, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Зінаіда Дудзюк, Іван Арабейка, Анатоль Крэйдзіч і інш.
Госці і ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць азнаёміцца з усімі кнігамі-пераможцамі лаўрэатаў за мінулыя гады, пачынаючы з 2007 года — года заснавання прэміі.
Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Тэлефон для даведак: +375 162 57 48 79