Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
3 лістапада ў актавай зале Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася прэзентацыя чарговага паэтычнага зборніка Алены Ігнацюк “Будзе ўсё наадварот”.
Алена Ігнацюк нарадзілася 23 лютага 1962 г. у в. Восаўцы Драгічынскага раёна. Яна скончыла філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, працавала на радзіме, у Брэсце, у Мінску. Зараз, кандыдат філалагічных навук, Алена Ігнацюк выкладае ў Палескім дзяржаўным універсітэце, даследуе літаратуру, культуру, мастацтва, піша вершы. Паэзія Алены неаднаразова друкавалася ў беларускіх часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Дзеяслоў”, “Роднае слова”, “Бярозка”, газеце “Літаратура і мастацтва”. Яна – аўтар паэтычных зборнікаў “Нота “ля” (Мінск, 2000), “Летаргія” (Мінск, 2006).Яе творчасць высока ацэньвалі Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Анатоль Кудравец.
Згодна традыцыі адкрыла імпрэзу дырэктар Бібліятэкі Тамара Данілюк, удумлівым і крыху іранічным мадэратарам мерапрыемства выступіў кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сенькавец. Павіншаваць Алену Ігнацюк з новай кнігай прыйшлі брэсцкія пісьменнікі Мікола Пракаповіч, Лявон Валасюк, Уладзімір Лебедзеў, Мікола Аляхновіч, землякі Мікола Панасюк, Анатоль Дзенісейка і Міхась Кулеш. З Мінска прыехаў літаратуразнавец, крытык Ціхан Чарнякевіч, які прывёз прывітанні ад пісьменніцкай арганізацыі, а таксама асабіста Алеся Разанава і Васіля Жуковіча. Своеасаблівым падарункам для Алены стала мастацкае выкананне яе вершаў вучаніцамі ліцэя № 1 г. Брэста пад кіраўніцтвам Ларысы Візгульб.
Галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ірына Жэлянгоўская, вядомая як беларуская паэтэса Ярына Дашына, таксама далучылася да віншаванняў і звярнула ўвагу прысутных на змястоўную кніжную выставу аб жыцці і творчасці Алены Ігнацюк “Дакрануцца да няўлоўнага”. Ілюстрацыямі да выставы сталі фотаздымкі з асабістага архіва Алены: малая Алёнка з любімай няняй “мамай” Фрузай, выпускніца школы і студэнтка Алена, дарослая прыгожая жанчына... Выстава будзе дзейнічаць на працягу лістапада ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Кніга “Будзе ўсё наадварот” выйшла ў серыі “Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”.У анатацыі выдаўцы напісалі: “Для філасофскага асэнсавання быцця, для пошукаў ідэальнага хараства, для размовы з паэзіяй паэтка абрала імпрэсіяністычную манеру пісьма, асацыятыўную вобразнасць і галоўнае – шчырасць”. Сама Алена лічыць новую кнігу своеасаблівым працягам дзвюх папярэдніх.
У масцы я… На карнавале.
Вобраз мой не разгадалі
ўсе, хто знаў раней мяне.
Маску не адняць ад твару –
Як прылепленую мару…
Карнавал мой праміне?!
Альбо…
Я гуляла з сабою ў хованкі…
І падглядвала за сабой…
Нават вецер прыгожа-лёгенькі
Захапляўся такой гульнёй.
Ад сябе ці ад ветру хавалася
Ў самай гушчы крыклівых падзей.
Хто шукаў мяне – адгукалася
На той час у палоне надзей:
што “гульня мая – непатрэбная…”.
Мне хавацца? Ці ў гэтым сэнс?
Ад сябе ўцякаю дарэмна я
ў новы горад ці казачны лес…
Таццяна Кавенька, загадчыца аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Тэлефон для даведак: +375(162)57 48 79