Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Спачатку было слова.
І слова было запісана.
І ўвасобілася ў кнізе.
М. Нікалаеў
17 лютага 2017 г. у Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры прайшло абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”. Сярод шэрагу разнастайных мерапрыемстваў адбылося адкрыццё кніжнай выставы “Духоўны дыямент нацыі”, падрыхтаванай супрацоўнікамі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Першы раздзел выставы быў прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Увазе ўдзельнікаў свята былі прадстаўлены два фундаментальныя выдані па гісторыі беларускай кнігі, якія з’яўляюцца непераўзыдзенымі дагэтуль: “Чатырохсотлецце беларускага друку” (Менск, 1926 г.), “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага (факсімільнае ўзнаўленне выдання 1926 г.). Але найвялікшую цікавасць у ўдзельнікаў выклікала знаёмства з факсімільнымі выданнямі старажытных кніг: “Тураўскага Евангелля” ХІ ст., “Полацкага Евангелля” ХІІ-ХІІІ ст., “Жыція прападобнай Еўфрасінні Полацкай”, “Баркалабаўскім летапісам”, “Слуцкім Евангеллем”. Асобным блокам на выставе былі выдзелены творы Скарыны: “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” (выданне адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2016 год і атрымала Гран-пры Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2017”), “Малая падарожная кніжка”, “Прадмовы і пасляслоўі”, “Скарынаўскі каляндар”, а таксама матэрыялы аб жыцці і дзейнасці беларускага асветніка.
Другі раздзел “Вяртанне да мовы сэрца” быў прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага ва ўсім свеце. На выставе былі прадстаўлены энцыклапедыі, слоўнікі, бібліяграфічныя дапамажнікі і іншыя матэрыялы, якія адлюстроўваюць беларускую мову ва ўсіх яе праявах: яе паходжанне, граматыку, арфаграфію, разнастайнасць дыялектаў і народных гаворак, паходжанне тапонімаў і ўласных беларускіх імёнаў, акрэсліваюць моўную палітыку нашай дзяржавы і распавядаюць пра гісторыю развіцця беларускага мовазнаўства і дзейнасць вядомых беларускіх мовазнаўцаў па адраджэнні і развіцці беларускай мовы.
Трэці раздзел выставы “З моўнага набытку класікаў беларускай літаратуры” быў прысвечаны юбілярам года: 135-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа, 100-годдзю П. Панчанкі і Янкі Брыля. Вялікую зацікаўленнасць у прысутных вызвалі прыжыццёвыя выданні Я. Купалы (“Беларусі ордэнаноснай” 1937 г., “Ад сэрца: вершы” 1940 г.), Я. Коласа (“У глыбі Палесся” 1930 г., “У старых дубах” 1941 г.), а таксама пераклады беларускіх паэтаў і пісьменнікаў на замежныя мовы.
Чацвёрты раздзел выставы “Берасцейскія пісьменнікі-юбіляры. 2017” прысвечаны творчасці нашых землякоў. Сярод сёлетніх юбіляраў беларускі паэт і каваль П. Багрым, пісьменнік, гісторык і фалькларыст Ю. І. Крашэўскі, сусветна вядомы польскі рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт і фатограф Р. Капусцінскі. Таксама сёлетнімі юбілярамі з’яўляюцца і сучасныя беларускія літаратары: У. Калеснік, У. Гніламёдаў, А. Разанаў, Р. Баравікова, Л. Дранько-Майсюк, А. Кажадуб, А. Ігнацюк, М. Сянкевіч, М. Антаноўскі, А. Дэбіш, В. Дэбіш і інш. На выставе можна было пабачыць кнігі-навінкі мастацкай літаратуры: Г. Марчук “Сава Дым і яго жанчыны” (Мінск, 2016) і В. Рэчыц “Паўцарства за ўсмех” (Брэст, 2016), а таксама некаторыя з кніг-лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка — кнігу М. Купрэева “Палесская элегія” (Мінск, 2007), В. Жушмы “Гарэза” (Мінск, 2011), І. Арабейкі “Сказаць хачу” (Брэст, 2012). На працягу ўсяго года ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі будуць экспанавацца кніжныя выставы, прысвечаныя творчасці нашых землякоў-юбіляраў.
Кузьміна А. С., Марашчук І. М., Пуціліна М. М., Жэлянгоўская І. І.,
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага