Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
28 чэрвеня ў аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва адбылася прэзентацыя новай кнігі даўняга сябра нашай Бібліятэкі, прафесара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Анатоля Гладышчука «Замок Берестейский. Книга первая. Русь».
Анатоль Антонавіч Гладышчук нарадзіўся 9 чэрвеня 1947 г. у в. Чарнякава Бярозаўскага раёна. Сем класаў скончыў у школе суседняй вёскі Лясковічы, 11-гадовую, з срэбным медалём, — у вёсцы Міжлессе Бярозаўскага раёна.
У 1965 г. паступіў на факультэт фізікі ў Харкаўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Пасля заканчэння ВНУ, па запрашэнні першага рэктара Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (зараз — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт) Ігара Дзмітрыевіча Белагорцава стаў працаваць ва ўніверсітэце на кафедры фізікі.
Анатоль Антонавіч — шматгранная і творчая асоба. Ён — адзін з арганізатараў горна-турыстычнага клуба «Цытадэль», прафесійны фатограф (яго фотаздымкі друкуюцца ў розных рэгіянальных выданнях), арганізатар і ўдзельнік шматлікіх, у тым ліку і міжнародных, веламарафонаў. Ён з’яўляецца аўтарам і стваральнікам першага і адзінага дакументальнага фільма аб раскопках старажытнага Бярэсця, якое адкрыў для нас вядомы беларускі археолаг Пётр Лысенка, аўтарам кнігі «Нямцэвiчы. Сапраўдныя гiсторыi», аўтарам шматлікіх навуковых манаграфій. Анатоль Антонавіч — пастаянны ўдзельнік краязнаўчага праекта Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага — міжнародных навукова-практычных канферэнцый «Берасцейскія кнігазборы».
Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі была падрыхтавана кніжная выстава аб жыцці, творчай і прафесійнай дзейнасці Анатоля Гладышчука. У публікацыях, прадстаўленых на выставе, ён паўстае перад намі як вучоны, пісьменнік, гісторык, краязнавец.
На мерапрыемстве былі блізкія і знаёмыя аўтара, яго студэнты і паплечнікі, вядомыя ў краязнаўчых колах людзі. На пачатку сустрэчы Анатоль Гладышчук расказаў аб прэзентуемай кнізе і сваёй працы над ёй. Выхад новага выдання ён прымеркаваў да 1000-годдзя Бярэсця і падчас свайго выступлення паспрабаваў аргументаваць і канкрэтызаваць юбілейную дату нашага горада. Акрамя таго, аўтар расказаў пра раскопкі Берасцейскага замка, у якіх ён прымаў непасрэдны ўдзел. Сярод шматлікіх выступоўцаў, якія адзначалі вялікую і выключную ролю новай кнігі для горада, можна назваць: кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А. С. Пушкіна, рэцэнзента новага выдання Аляксандра Башкова; вядомага берасцейскага паэта Міколу Пракаповіча; галоўнага архітэктара Брэста Мікалая Уласюка; доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А. С. Пушкіна Аляксандра Вабішчэвіча; краязнаўца Валерыя Мароза і інш. Напрыканцы мерапрыемства дырэктар Бібліятэкі Тамара Данілюк яшчэ раз павіншавала Анатоля Гладышчука з выхадам новай кнігі і мінулай юбілейнай датай (9 чэрвеня Анатоль Антонавіч адзначыў сваё 70-годдзе), пажадала яму творчых поспехаў і новых цікавых публікацый, падзякавала ўсім выступоўцам і гасцям.
Ва ўсіх прысутных была ўнікальная магчымасць пагутарыць з аўтарам, набыць яго новую кнігу (якая, дарэчы, выйшла невялікім тыражом — 200 асобнікаў) і атрымаць аўтограф.
Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Тэлефон для даведак: +375 162 57 48 79