|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
7 і 9 красавіка 2026 года навучэнцы I курса Брэсцкага дзяржаўнага каледжа прыборабудавання наведалі бібліятэку і іх увазе былі прадстаўлены дзве кніжныя выставы, якія суправаджаліся бібліяграфічнымі аглядамі «Жыццё — служэнне Айчыне: гісторыя Беларусі і Расіі ў асобах» і «Адкрыцці, дэбюты і трыумфы: прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры».
Моладзь даведалася пра цікавыя факты пра беларусаў, якія праславілі Расію і пра расіян, якія праславілі Беларусь. Аўтар вядомай аповесці «Алые паруса» Аляксандр Грын быў сынам ссыльнага беларуса, а сусветна вядомы псіхолаг Леў Выгоцкі з'яўляецца ўраджэнцам г. Оршы. Палёты ў космас здзейснілі наш зямляк Пётр Клімук і ўраджэнцы Мінскай вобласці Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі.
Легендарная кніга Сяргея Смірнова «Брестская крепость» — літаратурны помнік адной з самых драматычных і значных падзей ваеннай гісторыі XX стагоддзя. Беларускія карані мае і адзін з самых вядомых паэтаў і выканаўцаў Уладзімір Высоцкі. Дзед Высоцкага доўгі час жыў у Брэсце.
Другая экспазіцыя прысвечана самым высокім узнагародам у галіне літаратуры. Адной са старэйшых і галоўных з'яўляецца Дзяржаўная прэмія. Ёй былі ўганараваны аўтары-франтавікі В. Быкаў, І. Мележ, І. Шамякін, П. Броўка. У розныя гістарычныя перыяды гэтай высокай узнагароды былі ўдастоены і ўраджэнцы Брэстчыны: В. Сёмуха, Я. Пархута, Р. Баравікова і інш.
Адной з асноў духоўнага развіцця народа з'яўляецца яго гісторыка-культурная спадчына. Работы ў гэтай сферы былі адзначаны высокімі ўзнагародамі — прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» і «Спецыяльнай прэміяй дзеячам культуры і мастацтва». Сярод лаўрэатаў — розныя калектывы і асобныя асобы.
Нацыянальная літаратурная прэмія заснавана ў 2015 г. і накіравана на развіццё айчыннай літаратуры. Сярод лаўрэатаў і маладыя аўтары — Алеся Кузняцова, Улада Альхоўская і інш. Мноства намінацый і ў адным са старэйшых конкурсаў «Мастацтва кнігі». У навучэнцаў была магчымасць убачыць кнігі-пераможцы ў розных намінацыях.
Напрыканцы нашы госці пераканаліся ў тым, якая багатая на таленты і наша Брэстчына. Лепшыя з лепшых адзначаны літаратурнай абласной прэміяй імя У. Калесніка.
Аддзел абонемента
+375 162 57 48 09