|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
1 чэрвеня 2026 года горад Пінск стаў сталіцай дзіцячай літаратуры — тут з вялікім поспехам прайшоў II абласны фестываль дзіцячай кнігі. Маштабны культурны форум аб'яднаў юных чытачоў, вядомых беларускіх пісьменнікаў, прадстаўнікоў вядучых выдавецтваў, кнігараспаўсюджвальнікаў і бібліятэчных спецыялістаў з усяго рэгіёна і краіны. Арганізатарам падзеі выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага, Пінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ААТ «Белкніга».
Фестываль разгарнуўся на пешаходнай вуліцы Леніна, якая ператварылася ў маштабную літаратурна-інтэрактыўную пляцоўку пад адкрытым небам. З раніцы і да позняга вечара для гасцей свята працавалі маляўнічыя лакацыі публічных бібліятэк Брэстчыны. Свае лепшыя праекты і творчыя знаходкі прадставілі Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага, Пінская гарадская Цэнтральная бібліятэка, а таксама цэнтральныя раённыя бібліятэкі Пінскага, Драгічынскага, Іванаўскага, Лунінецкага і Столінскага раёнаў. Кожная пляцоўка прапаноўвала дзецям і бацькам літаратурныя гульні, квэсты, віктарыны, творчыя майстар-класы і, вядома, знаёмства з лепшымі дзіцячымі і падлеткавымі кнігамі.
Праграма фестывалю ўключыла ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка ў гонар 40-годдзя вызвалення г. Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і працу галоўнай сцэны, на якой прайшла цырымонія ўзнагароджання лепшых чытачоў публічных бібліятэк Брэсцкай вобласці і пераможцаў абласнога конкурсу чытальнікаў «зоркі спеў». Гэта дзеці і падлеткі, для якіх кніга стала верным сябрам, а бібліятэка — другім домам.
Пасля афіцыйных урачыстасцяў цэнтр падзей зрушыўся на працу літаратурна-гульнявых пляцовак, адна з якіх сабрала сучасных беларускіх аўтараў (А. М. Карлюкевіч, М. П. Пазднякоў, І. М. Фралова), у тым ліку членаў Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: Таццяну Дземідовіч, Васіля Барысюка, Наталлю Кандрашук, Аксану Валуй, Анатоля Брытуна, Васіля Казачка і інш. Госці фестывалю атрымалі ўнікальную магчымасць пачуць вершы і ўрыўкі з празаічных твораў у аўтарскім выкананні, задаць пытанні любімым пісьменнікам і атрымаць запаветны аўтограф.
Святочную атмасферу падтрымліваў канцэрт мастацкіх калектываў Пінска і Пінскага раёна. Песні і яркія сцэнічныя нумары радавалі гасцей і жыхароў горада да самага вечара.
У рамках фестывалю адбыўся круглы стол «Чытанне дзяцей: партнёрскія адносіны пісьменнікаў, выдаўцоў і бібліятэкараў», які прайшоў на базе Пінскай гарадской дзіцячай бібліятэкі ім. Я. Коласа. У зацікаўленым дыялогу сустрэліся тыя, ад каго напрамую залежыць будучыня дзіцячага чытання і кнігавыдання. З дакладамі на панэльнай дыскусіі выступілі Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і дырэктар выдавецтва «Беларусь»; загадчыца Пінскай гарадской дзіцячай бібліятэкай ім. Якуба Коласа Ірына Уладзіміраўна Вакуліч; загадчыца інфармацыйна-асветніцкага цэнтра НББ Таццяна Уладзіміраўна Пракоф'ева; Таццяна Анатольеўна Дземідовіч, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі; Ганна Аляксандраўна Качаргіна, спецыяліст па інфармацыйных рэсурсах Астраханскай абласной бібліятэкі для моладзі ім. Б. Шахоўскага; Кацярына Аляксандраўна Ярмошка, начальнік гандлёвага аддзела ААТ «Белкніга»; Алена Якаўлеўна Стрыжэвіч, дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
II абласны фестываль дзіцячай кнігі ў Пінску даказаў, што ў першым рэгіёне гадуюць чытаючае пакаленне. Яркія лакацыі, сустрэчы з пісьменнікамі, ажыўлены кніжны гандаль і канструктыўныя прафесійныя дыскусіі зрабілі гэтыя два дні незабыўнымі для ўсіх удзельнікаў.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
+375 162 57 48 76