Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
31 жніўня – 1 верасня 2024 г. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прыняла ўдзел у XXXI Дні беларускага пісьменства.
Свята праводзіцца штогод (з 1994 г.) у першую нядзелю верасня, кожны раз у розных гарадах Беларусі. Упершыню ўрачыстасць адбылася ў старажытным Полацку, далей сталіцамі Дня пісьменства станавіліся Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Смаргонь, Мір, Камянец, Ганцавічы, Гарадок і іншыя гарады. Усе яны з'яўляюцца цэнтрамі кніжнай культуры і маюць слаўныя літаратурныя традыцыі.
Сёлета святочныя мерапрыемствы прайшлі ў горадзе Івацэвічы, вядомымі ўраджэнцамі якога з'яўляюцца пісьменнік Філіп Пестрак і журналіст і майстар лірычнай прозы Яраслаў Пархута.
Абласная бібліятэка сумесна з публічнымі бібліятэкамі Брэстчыны прадставілі пляцоўку «Зямля любові нашай — Берасцейшчына», галоўнай канцэпцыяй якой стала 85-годдзе Брэсцкай вобласці.
Выставачная экспазіцыя ўключыла звыш 200 выданняў (у т. л. рэдкіх і каштоўных), якія адлюстравалі сацыяльна-эканамічныя і гісторыка-культурныя брэнды і дасягненні нашага рэгіёну. Госці і ўдзельнікі свята пазнаёміліся з гісторыяй стварэння і развіцця Брэсцкай вобласці як адміністрацыйнай адзінкі (раздзел «Летапіс часу»), яе сучаснасцю («У плыні сучаснасці») — развітай прамысловасцю, сельскай гаспадаркай, сацыяльнай сферай. У раздзеле «Здабыткі. Каштоўнасці. Скарбы» былі прадстаўлены кнігі пра помнікі культуры, гісторыі і архітэктуры, якія прыцягваюць увагу турыстаў не толькі з Беларусі, але і з усяго свету.
Брэстчына заўсёды славілася працавітымі і таленавітымі людзьмі. У яе гісторыю ўпісана нямала дасягненняў у эканоміцы, адукацыі, спорце, культуры. Выданні раздзела «Асобы» — яркае пацвярджэнне гэтаму. Таксама шырока была прадстаўлена літаратурная палітра рэгіёна, творчасць пісьменнікаў-лаўрэатаў адзінай у Беларусі абласной літаратурнай прэміі ім. У. А. Калесніка.
Госці ўрачыстасці і жыхары Івацэвічаў пазнаёміліся з рэканструкцыямі розных тыпаў кніжных вокладак, якія існавалі ў розныя гістарычныя эпохі ў розных краінах, а таксама прыстасаваннямі для іх вырабу (адукацыйна-асветніцкі праект «Гісторыя вокладак»), факсіміле Брэсцкай Бібліі 1563 г. і лічбавымі копіямі тытульных лістоў выданняў першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарні, заснаванай у Брэсце ў 1553 г. Наведвальнікі пляцоўкі, асабліва дзеці, з задавальненнем разгадвалі інтэрактыўныя віктарыны, даведваючыся новыя факты аб кніжнай культуры Беларусі і Брэстчыны.
Выставачная экспазіцыя таксама ўключыла найлепшыя праекты публічных бібліятэк рэгіёну апошніх гадоў, якія занялі прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» і «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».
Бібліятэкі вобласці рэалізуюць шэраг цікавых праектаў да самых значных падзей 2024 года: да 85-годдзя заснавання Брэсцкай вобласці, да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да Года якасці ў Беларусі. Самыя цікавыя з іх таксама былі прадстаўлены ўсім жадаючым: супрацоўнікі Баранавіцкай раённай бібліятэчнай сістэмы прапанавалі гульнёвую праграму «Зазірнуць у 1944»; спецыялісты цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Баранавічы прэзентавалі літаратурна-краязнаўчы праект «Кніга ў горадзе»; Ганцавіцкая ЦРБ імя В. Ф. Праскурава падрыхтавала віктарыну да Дня пісьменства.
Павільён наведалі і ганаровыя госці свята — намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь І. В. Петрышэнка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама П. А. Пархомчык і намеснік старшыні В. В. Краўчук.
Таксама на пляцоўцы адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў літаратурнай прэміі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта імя У. А. Калесніка.
Дзень беларускага пісьменства — значная падзея ў культурным жыцці, свята пісьменнікаў, паэтаў, даследчыкаў — усіх, хто ўносіў і ўносіць неацэнны ўклад у развіццё кніжных традыцый, хто любіць кнігу! «Любіце кнігу, таму што яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы!» (Ф. Скарына).
Аддзел сацыякультурнай дзейнасці і маркетынгу
+375 162 52 72 81