Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
З 31 кастрычніка па 26 лістапада ў чытальнай зале бягучых перыядычных выданняў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага экспануецца выстава перыёдыкі «Любімыя часопісы не старэюць».
2019 год стаў юбілейным адразу для двух старэйшых жаночых часопісаў «Алеся» і «Работніца», якія выдаюцца ў Беларусі і Расіі.
У сакавіку 105-годдзе адзначыла «Работніца» — часопіс для жанчын і сям’і, заснаваны ў 1914 г. па ініцыятыве Леніна для «абароны інтарэсаў жаночага рабочага руху», але паступова адышоў ад палітыкі і быў пераарыентаваны на асвятленне сацыяльных і бытавых пытанняў. Аблічча «Работніцы», яе асаблівы шчыры і даверны стыль зносін з чытачамі складваўся дзесяцігоддзямі. Пакаленню нашых бабуль і матуль часопіс «Работніца» запомніўся серыяй публікацый «Хатняя Акадэмія». У праграму Акадэміі ўваходзілі 4 раздзелы — «Кройка і шыццё», «Вязанне», «Кулінарыя», «Догляд за сабой». У постсавецкі час у часопісе з’явіліся раздзелы «За 50, і ўсё ў парадку», «Мужчына і жанчына», «Гутарка для дваіх», «Жыццёвыя гісторыі», «Жанчына за рулём» і інш.
У лістападзе спаўняецца 95 гадоў з моманту выхаду часопіса «Беларуская работніца і сялянка» — першага друкаванага выдання для беларускіх жанчын. За доўгую гісторыю існавання часопіс некалькі разоў ўдасканальваў сваю назву, але і ранейшая «Работніца і сялянка» і сучасная «Алеся» былі і застаюцца сапраўдным летапісам жыцця беларусак. Сёння ў часопісе «Алеся» можна знайсці інфармацыю на актуальныя тэмы: прафесійная самарэалізацыя, сям’я, псіхалогія, адносіны, здароўе, стыль і мода, кулінарыя, рукадзелле, адпачынак і інш.
Матэрыялы, прадстаўленыя на выставе «Любимые журналы не стареют», пазнаёмяць карыстальнікаў Бібліятэкі з гісторыяй стварэння «Алесi» і «Работніцы», дапамогуць адчуць подых часу, раскажуць пра людзей — таленавітых публіцыстаў, літаратараў, мастакоў, дзякуючы якім гэтыя часопісы былі і застаюцца папулярнымі сярод шматлікіх аматараў чытання і выклікаюць вялікую цікавасць у жанчын усіх узростаў.
Юбілей — выдатная нагода пагартаць старыя часопісы. Наведвальнікі чытальнай залы бягучых перыядычных выданняў маюць унікальную магчымасць даведацца пра тое, што цікавіла нашых бабуль, замовіўшы архіўныя падшыўкі «Алесi» і «Работніцы» з фонду кнігасховішча Бібліятэкі.
Рэтраспектыва захоўвання часопісаў у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага:
«Работніца і сялянка»:
1957–1994 гг. — аддзел захоўвання асноўнага фонду;
«Алеся»:
1995–2013 гг. — аддзел захоўвання асноўнага фонду,
2014–2019 гг. — чытальная зала бягучых перыядычных выданняў;
«Работніца»:
1954–2013 гг. — аддзел захоўвання асноўнага фонду,
2014–2019 гг. — чытальная зала бягучых перыядычных выданняў;
Сённяшнія «Алеся» і «Работніца» — сучасныя прадстаўнікі жаночай прэсы Беларусі і Расіі з векавымі традыцыямі, здольныя паспяхова канкурыраваць з мноствам спецыялізаваных блогаў і відэаблогаў для жанчын, дзякуючы адкрытаму, давернаму і сумленнаму дыялогу, у т. л., і ў новым электронным фармаце.
Запрашаем наведаць выставу перыёдыкі «Любимые журналы не стареют» верных чытачоў «Алесi» і «Работніцы», а таксама спадзяёмся на з’яўленне ў іх новых прыхільнікаў.
Трубiцына Любоў Пятроўна,
гал. бібліятэкар чытальнай залы бягучых перыядычных выданняў
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 39