Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
8 мая — 90 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Тарасюка (1932–2015), народнага майстра Беларусі, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Яго творчасць, якая мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, — унікальная з'ява нацыянальнага інсітнага мастацтва.
Апошні жыхар в. Стойлы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці выразаў і размалёўваў драўляныя фігуркі людзей, складаў розныя сюжэтныя кампазіцыі пра вёску. Яго працы адлюстроўваюць усе значныя падзеі, якія суправаджаюць селяніна ад нараджэння да смерці.
Работы Мікалая Васільевіча занялі сваё месца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, музеі «Пружанскі палацык» і інш.
У фондзе бібліятэкі зацікаўлены чытач знойдзе больш за 80 крыніц пра народнага майстра. Іх аснову складаюць артыкулы з мясцовых і рэспубліканскіх газет.
На выставе «Натхнёны паэзіяй дрэва» ў аддзеле літаратуры па мастацтве прадстаўлены толькі кніжныя і часопісныя публікацыі. Цэнтральнае месца займае альбом-манаграфія «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» (Мінск, 2008). Пра самабытнага разьбяра вядомы рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк зняў фільм «Драўляны народ», які атрымаў Гран-пры IX Міжнароднага кінафестывалю мастацкіх рамёстваў у Манпелье (Францыя).
Выстава будзе экспанавацца з 28 красавіка па 30 мая 2022 г.
Аддзел літаратуры па мастацтве
+375 162 57 48 78