|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
24 красавіка 2026 года ў рамках рэспубліканскай акцыі Бібліяноч у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася вечарына для кнігаманаў. Для жыхароў і гасцей нашага горада працавалі дзесяць тэматычных пляцовак, на якіх кожны — ад малога да вялікага — знайшоў сабе занятак па душы.
Гасцей мерапрыемства сустрэлі выстава «Кава на ноч» і таямнічая акцыя «Спатканне ўсляпую».
Прыхільнікаў глыбокіх ведаў прыцягнула адкрытая лекцыя «Іосіф Бродскі. Паэты заўсёды вяртаюцца», якую правяла Людміла Міхайлаўна Садко — сябра бібліятэкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт філалагічнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна. Пасля лекцыі замацаваць новыя веды аб жыцці і творчасці паэта (і даведацца яшчэ больш!) можна было з дапамогай квіза. Каманды-пераможцы атрымалі ў падарунак зборнікі вершаў Бродскага.
Свята Бібліяночы выпала на пятніцу, а ў 2026 годзе ў Беларусі праходзіць маштабны праект «Кожная пятніца — роднае, сваё!». Праект падтрымала і Брэсцкая абласная бібліятэка, запусціўшы паэтычны марафон у сваім Telegram-канале. У рамках марафону падпісчыкі знаёмяцца з вершамі беларускіх паэтаў, напісанымі на роднай мове. У марафоне ўжо прагучалі вершы Васіля Барысюка, Уладзіміра Дубоўкі, Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Бадака ды іншых вядомых аўтараў. Падчас Бібліяночы любы ахвочы мог далучыцца да акцыі на пляцоўцы «Чытаем роднае, сваё!».
Акунуцца ў гісторыю і традыцыі Беларусі дапамагла пляцоўка «Беларускія вячоркі». Тут пад жывое музычнае суправаджэнне гасцей сустракалі любімымі народнымі песнямі («Купалінка», «Лявоніха» і інш.). Вялікую цікавасць выклікалі традыцыйныя беларускія забавы і экспазіцыя прадметаў народнай творчасці «Маёй Радзімы запаветы продкаў». Яркім акцэнтам свята стала дэгустацыя дранікаў.
Для юных даследчыкаў была арганізавана работа батлеечнага тэатра «Баечны крутаверць» ад Вольгі Сандрыкавай. Спектаклі («Легенда аб Прыбужжы», «Як грыб мухамор гасцей сустракаў», «Чаму злуецца вожык?» і інш.) суправаджаў чароўны гук дуды ў выкананні Вольгі Ярамчук.
Аматараў даўніны чакаў «Партал у мінулае», які дазволіў здзейсніць экспедыцыю ў свет кніжных старажытнасцяў. Госці даведаліся, што такое хорн-бук і цэра, як выглядалі паясныя кнігі і кнігі ў вокладцы доз-а-до, якія матэрыялы і інструменты выкарыстоўваліся для стварэння рукапісаў, хто і дзе іх перапісваў, як упрыгожваліся тэкст і вокладкі. Успомнілі і пра першадрукара Францыска Скарыну і яго «Біблію руску». Экспедыцыя таксама ўключала знаёмства з факсіміле кніжных помнікаў Беларусі: Тураўскім, Полацкім, Лаўрышаўскім Евангеллямі, Псалтыром Францыска Скарыны, Евангеллем Васіля Цяпінскага, Брэсцкай Бібліяй 1563 г. Усе жадаючыя змаглі стварыць памятны артэфакт з элементамі халоднага кангрэўнага ціснення ці сфатаграфавацца ў адзенні манаха Сярэднявечча. Ніякіх фільтраў — толькі магія гісторыі!
Адпачыць душой і целам прапаноўвала пляцоўка «Вечар у стылі рэтра». Госці атрымлівалі асалоду ад аналагавага гуку вінілавых пласцінак і глядзелі дыяфільмы.
Аматараў мясцовай гісторыі запрашаў «Краязнаўчы GPS». Тут можна было ўбачыць вінтажную аргтэхніку — апарат для чытання рулонных мікрафільмаў і мікрафіш, друкаваную машынку. Госці мелі магчымасць пакінуць пажаданне роднаму гораду, напісаўшы яго чарнільным пяром. Адмысловае захапленне ў рабят і падлеткаў выклікалі майстар-класы па скрапбукінгу і макрамэ. Спадзяемся, што зробленыя сваімі рукамі паштоўкі і бірулькі будуць доўга нагадваць пра вечар у абласной бібліятэцы!
На пляцоўцы «Сямейны перапалох» сабраліся захопленыя кнігалюбы — сем'і, для якіх наша бібліятэка стала неад'емнай часткай жыцця. Астатнія госці разгадвалі таямніцы літаратурных віктарын. Экспазіцыя «Сілуэты эпохі: жанчына ў гісторыі моды», прысвечаная Году беларускай жанчыны, запрасіла ў свет вінтажных часопісаў 1950–90-х гадоў і рэтра-сукенак. Малышы з захапленнем збіралі кніжкі-малышкі і яркія закладкі, гулялі ў настолкі.
«Гід па Інатэцы» таксама падарыў шмат цікавага: гасцей чакалі шпацыр па сектары літаратуры на замежных мовах, VR-тур па культурных сталіцах свету, моўная карта і кніжная выстава. Кнігаманы засталіся ў захапленні!
Для аматараў вострых уражанняў на цокальным паверсе прайшоў квэст «Сезам, адкрыйся! Скарбы кнігасховішча». Удзельнікі квэста пагрузіліся ў захапляльны свет літаратуры, разгадалі загадкі і выканалі заданні, раскрыўшы таямніцы дзіўных скарбаў кнігасховішча.
Падчас свята ў файе бібліятэкі быў арганізаваны продаж кніг ад магазіна «Іскра».
Свята Бібліяночы стала не проста культурнай падзеяй, але і яскравым прыкладам таго, як бібліятэка можа быць цэнтрам прыцягнення для людзей усіх узростаў. Удзельнікі атрымалі не толькі новыя веды і прыемныя ўражанні, але і самі стварылі сувеніры, адчулі сябе часткай вялікай кніжнай сям'і. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага — гэта не толькі сховішча кніг, але і месца, дзе нараджаюцца ідэі, творацца гісторыі і ажываюць мары.
Усяго ў гэты вечар бібліятэку наведалі больш за 800 чалавек, 100 з якіх сталі новымі чытачамі, а 80 аформілі фармуляры ў аддзеле абанемента.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
+375 162 57 48 76