![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Вынаходства кнігадрукавання — адно з найвялікшых дасягненняў у гісторыі чалавецтва, параўнальнае па маштабе са з'яўленнем пісьменства і стварэннем інтэрнэту. Яно стала каталізатарам глабальных культурных, навуковых, рэлігійных і сацыяльных пераўтварэнняў у свеце, вызначыла развіццё цывілізацый на многія стагоддзі.
У Еўропе тэхналогія кнігадрукавання з дапамогай рухомых металічных літар была вынайдзена нямецкім майстрам Іаганам Гутэнбергам у сярэдзіне XV ст. Славянскае кнігадрукаванне зарадзілася ў Чэхіі — каля 1468 г. на чэшскай мове выйшла кніга «Траянская хроніка». Першы вопыт кірылічнага кнігадрукавання звязаны з імем жыхара Кракава Швайпольта Фіоля, які ў 1491 г. выдаў «Актоіх» і «Часаслоў».
Эпоху ўсходнеславянскага і беларускага кнігадрукавання адкрыў знакаміты палачанін, вучоны, асветнік і гуманіст Францыск Скарына. Менавіта ён першым з усходніх славян у 1517 г. выдаў друкаваную кнігу, зрабіўшы кніжнае слова, а праз яго і ўсе веды чалавецтва даступнымі для шырокіх пластоў насельніцтва (для «люда паспалітага»). Такім чынам, была адкрыта новая эпоха ў культурным развіцці беларускага народа. На працягу 1517–1519 гг. у Празе Францыск Скарына надрукаваў не менш за 23 кнігі Старога Запавету, у Вільні — каля 1522 г. «Малую падарожную кніжку», а ў 1525 г. — «Апостал».
Справа, распачатая Францыскам Скарынам, была працягнутая яго паслядоўнікамі: Сымонам Будным, Васілём Цяпінскім, Пятром Мсціслаўцам і інш. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалі дзейнічаць друкарні ў Брэсце, Вільні, Нясвіжы, Цяпіна, Магілёве, Куцейна і іншых гарадах.
Асаблівасцю беларускага кнігадрукавання ў XVI–XVIII стст. быў яго шматмоўны і шматканфесійны характар. Выпускаліся кнігі на царкоўнаславянскай, старабеларускай, польскай, лацінскай, французскай, нямецкай і іншых мовах кірылічным і лацінскім шрыфтамі. Яны адрозніваліся тэматычнай і жанравай разнастайнасцю і аказалі значны ўплыў на станаўленне і развіццё айчыннай культуры.
Традыцыі нацыянальнай друкарскай справы, закладзеныя першымі беларускімі друкарнямі, развіваліся на працягу наступных стагоддзяў. Сучасная Беларусь — краіна з высокаразвітай кніжнай культурай.
Запрашаем навучэнцаў старэйшых класаў школ і гімназій, навучэнцаў каледжаў, студэнтаў ВНУ і ўсіх, хто цікавіцца кніжнай культурай і гісторыяй, у сектар рэдкай кнігі на музейна-бібліятэчныя заняткі «Ля вытокаў беларускага кнігадрукавання». На мерапрыемстве наведвальнікаў чакае не толькі тэматычная лекцыя і інтэлектуальная віктарына, але і магчымасць пазнаёміцца з факсімільнымі выданнямі кніжных помнікаў: «Чацверавангелля» манаха Макарыя, «Бібліі» Сымона Буднага, «Евангелля» Васіля Цяпінскага, а таксама ўсёй друкарскай спадчыны Францыска Скарыны.
17 верасня 2025 года музейна-бібліятэчны занятак «Ля вытокаў беларускага кнігадрукавання» наведалі слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Папярэдні запіс на заняткі — па тэлефоне +375 162 57 48 30.
Сектар рэдкай кнігі
+375 162 57 48 30