|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
Культурна-пазнавальны турызм займае асаблівае месца ў стратэгіі развіцця турыстычнай сферы Беларусі і Брэсцкая вобласць не стала выключэннем. У рамках Пяцігодкі якасці Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага распрацавала інфармацыйна-пазнавальны занятак «Турыстычная мазаіка Брэстчыны». Занятак разлічаны пераважна на маладое пакаленне, і галоўная яго задача — пазнаёміць моладзь з багатай гісторыка-культурнай спадчынай рэгіёна, паказаць патэнцыял экалагічнага, этнакультурнага і гастранамічнага турызму. Знаёмства з унікальнымі мясцінамі, славутасцямі і народнымі традыцыямі Брэстчыны важнае не толькі для інфармавання, але і для выхавання грамадзянскасці і патрыятычных пачуццяў у маладых беларусаў.
18 і 19 лютага 2026 года занятак «Турыстычная мазаіка Брэстчыны» прайшоў для навучэнцаў Брэсцкага дзяржаўнага каледжа прыборабудавання і студэнтаў БрДУ імя А. С. Пушкіна. Загадчык агульнай чытальнай залы Тамара Васільеўна Глазкова прадставіла ўдзельнікам сустрэч выставу «Брэсцкі рэгіён. Маршрут пабудаваны». Экспазіцыя ўключыла разнастайныя кніжныя выданні, публікацыі з перыёдыкі і фотадакументы, якія дэталёва асвятляюць гістарычнае, прыроднае і культурнае багацце Брэсцкай вобласці, адроджанае намаганнямі дзяржавы і грамадства.
Асаблівая ўвага была ўдзелена аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Прысутныя даведаліся больш пра Белавежскую пушчу і геадэзічную дугу Струвэ, пра палацава-паркавыя ансамблі Івацэвіцкага і Пружанскага раёнаў. Цікавасць да рэгіёнаў абудзіў аповед пра ўнікальныя драўляныя храмы, прыродныя заказнікі («Спораўскі», «Выганашчанскае» і інш.) і гастранамічныя фестывалі, якія актыўна развіваюцца.
Пасля знаёмства са славутасцямі Брэстчыны для прысутных адбылася віктарына «Брэстчына турыстычная: ведаем, любім, беражом». Лепшыя знаўцы роднага краю атрымалі граматы і прэзенты. На заканчэнне сустрэчы ўдзельнікі прадэгуставалі адну з галоўных нацыянальных страў — дранікі.
Брэсцкая вобласць чакае сваіх турыстаў — як мясцовых, так і гасцей з розных куткоў свету. Далучайцеся да вывучэння таго, што робіць наш край унікальным!
Агульная чытальная зала
+375 162 57 48 74