Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Сустрэча з Зінаідай Іосіфаўнай Дудзюк

Сустрэча з Зінаідай Іосіфаўнай Дудзюк

Сустрэча з Зінаідай Іосіфаўнай Дудзюк

9 кастрычніка 2018 г. у актавай зале Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася творчая сустрэча з беларускай пісьменніцай, паэтам, празаікам, драматургам, публіцыстам, перакладчыкам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам шматлікіх літаратурных прэмій і ўзнагарод, у т. л. Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2017 г. у галіне публіцыстыкі, Зінаідай Іосіфаўнай Дудзюк.


У ходзе сустрэчы, якая прайшла ў форме пытанняў і адказаў, пісьменніца расказала пра свой жыццёвы і творчы шлях, пра першыя паэтычныя зборнікі («Праводзіны птушак», «Абрысы лета» і інш.), а таксама грунтоўныя творы («Аднарог», «Велясіты», «Год 1812» і інш.).


Размова пра паэзію суправаджалася чытаннем навучэнцамі розных школ і гімназій горада выбраных вершаў са зборнікаў З. Дудзюк: «Ссівелая валошка на мяжы», «Абліччы», «Паводле індыйскага эпасу».


Значнае месца на сустрэчы было адведзена абмеркаванню кнігі-лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2017 г. «Пара высокага сонца: успаміны, нарысы, эсэ» (Брэст : Альтернатива, 2017). У гэту кнігу З. І. Дудзюк уключыла ўспаміны пра вядомых асоб літаратуры і культуры Беларусі, з кім аўтар была знаёмая асабіста, а таксама нарысы, эсэ пра выдатных асоб мінулых часоў і пра асобныя падзеі, звязаныя з гісторыяй Брэста.


На вечарыне Дудзюк падзялілася сваімі шчырымі ўражаннямі і ўспамінамі: пра сяброўства з Нінай Мацяш, яркую асобу і кароткае жыццё выдатнай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, перапіску з рускамоўным празаікам Святланай Курылёвай, а таксама пра адметную ролю вядомага берасцейскага пісьменніка, літаратуразнаўца, навукоўца Уладзіміра Андрэевіча Калесніка ў сваім творчым жыцці. Рамантычны настрой вечарыне дадалі цудоўныя вершы Ніны Мацяш і Яўгеніі Янішчыц, якія гучалі з вуснаў удзельнікаў мерапрыемства, а таксама песні на вершы Дудзюк і Янішчыц у выкананні настаўніцы музычнай школы г. Брэста Г. Э. Гедзік.


Спецыяльна да сустрэчы былі арганізаваны: выстава літаратуры «Жыву прасветла ў шчодрым гурце дзён… Зінаіда Дудзюк», а таксама слайдавая прэзентацыя.


Напрыканцы слова ўзяла старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Анатольеўна Дземідовіч. Яна адзначыла адметныя творчыя якасці пісьменніцы З. Дудзюк і павіншавала сваю калегу з прысваеннем высокага звання «Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі».


Пасля заканчэння творчай сустрэчы адбылася аўтограф-сесія з пісьменніцай.

 

 

Глазкова Тамара Васільеўна, заг. агульнай чытальнай залы

Тэлефон для даведак: +375 162 57 48 74




Зварот да спісу