|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага |
|
||||||||
Пасля летняга перапынку кніжны клуб «Кантэкст» зноў сабраў сваіх удзельнікаў. За некалькі месяцаў назапасілася нямала прачытаных гісторый і ўражанняў, якімі хацелася падзяліцца.
Першую сустрэчу новага сезона прысвяцілі творчасці Стэфана Цвейга — пісьменніка, які дзіўна тонка раскрываў чалавечыя пачуцці і паказваў, як адно імгненне здольна змяніць лёс. Цвейг — адзін з самых чытэльных і вядомых аўтараў XX стагоддзя. Чытачы аднадушна назвалі Стэфана Цвейга «пісьменнікам пачуццяў» і непераўзыдзеным майстрам псіхалагічнага аналізу. Кнігі літаральна «крадуць душу» і прымушаюць пражываць эмоцыі герояў так, быццам знаходзішся на іх месцы. Раман «Нецярпенне сэрца» закрануў сэрцы многіх, прымусіў задумацца аб чалавечых учынках і іх наступствах.
Кароткія па форме навэлы («Ліст незнаёмкі», «Збянтэжанасць пачуццяў», «24 гадзіны з жыцця жанчыны») дзівяць сваёй драматычнасцю, інтрыгай і сілай уздзеяння, не саступаючы буйным раманам. Адна з удзельніц кніжнага клуба правяла паралель некаторых навел з творчасцю Антона Чэхава, Льва Талстога і Фёдара Дастаеўскага.
Вядома, велізарная цікавасць і да жыцця Цвейга. Нехта пазнаёміўся і з яго пранізлівай аўтабіяграфічнай кнігай «Учорашні свет», апублікаванай ужо пасля яго смерці. Гэта не проста ўспаміны пісьменніка аб дзяцінстве, творчасці і сустрэчах з выдатнымі сучаснікамі, але і развітанне са звыклым светам еўрапейскай культуры, які знікаў у яго на вачах.
Многія чытачы клуба падзяліліся цікавымі фактамі пра пісьменніка:
• Цвейг лічыў сябе грамадзянінам свету, шмат падарожнічаў і свабодна валодаў некалькімі мовамі.
• пісьменнік збіраў унікальную і вялізную калекцыю рукапісаў вялікіх людзей. У яго зборы захоўваліся аўтографы Бетховена, Гётэ, Баха, Моцарта, Талстога і Дастаеўскага. Для Цвейга рукапіс быў не проста паперай, а жывым увасабленнем духу генія. Пры гэтым ён часта раставаўся з грашыма лёгка, дзеля чарговай унікальнай знаходкі.
• дом Цвейга ў Зальцбургу быў сапраўдным культурным цэнтрам Еўропы. У яго ў гасцях бывалі Зігмунд Фрэйд (з якім пісьменнік сябраваў і перапісваўся), Рамэн Ралан, Томас Ман, Джэймс Джойс.
• Цвейг вельмі кахаў шахматы. Гэты запал і глыбокі псіхалагічны аналіз ён увасобіў у сваім апошнім шэдэўры — «Шахматнай навэле», напісанай у эміграцыі незадоўга да трагічнай згубы. Твор расказвае аб супрацьстаянні былога юрыста і чэмпіёна свету па шахматах на борце акіянскага лайнера.
• Стэфан Цвейг пачынаў свой творчы шлях як паэт. Яго раннія вершы прыцягвалі ўвагу кампазітараў, і вядомыя музыканты таго часу пісалі на яго тэксты рамансы і музычныя кампазіцыі.
Усе аднадушна сышліся ў меркаванні, што Стэфан Цвейг актуальны і сёння. Сустрэча атрымалася эмацыйнай і цёплай.
Наперадзе ў кніжнага клуба «КанТэкст» — новыя аўтары, новыя творы і, вядома, новыя сустрэчы. Далучайцеся!
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09