Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
27 мая 2019 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя кнігі вучонага, пісьменніка, гісторыка, краязнаўца, аўтара навуковых манаграфій, прафесара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Анатоля Гладышчука «Замок Берестейский. Книга третья. Res Publica».
Гэта ўжо не першая сустрэча аўтара з прыхільнікамі яго навуковай дзейнасці, творчай грамадскасцю горада і чытачамі Бібліятэкі. У яе сценах адбываліся прэзентацыі і двух папярэдніх кніг навукова-папулярнай манаграфіі «Замок Берестейский», прысвечаных 1000-годдзю нашага горада. У выданні ўпершыню прапанавана сістэматычная і навукова абгрунтаваная канцэпцыя гістарычнага развіцця Берасця з часу першай узгадкі ў Наўгародскім летапісе ў 1017 г. да татальнага знішчэння ў 1660 г. Стрыжнем апавядання выступае адзін са старэйшых беларускіх замкаў — Берасцейскі.
Непасрэдна прэзентаваная кніга «Замок Берестейский. Книга третья. Res Publica» ўключае 4 главы: «Res Publica», «Паўстанне», «Шведы ў Берасці», «Руіна» і кароткую гісторыю дат і падзей. У выданні таксама поўнасцю прыводзяцца інвентары горада і замка 1661, 1668 і 1682 гг.
Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі была падрыхтавана кніжная выстава аб жыцці, творчай і прафесійнай дзейнасці Анатоля Гладышчука. У публікацыях, прадстаўленых на выставе, ён паўстае перад намі як вучоны, пісьменнік, гісторык, краязнавец и фотамастак. Анатоль Антонавіч Гладышчук з’яўляецца аўтарам і стваральнікам першага і адзінага дакументальнага фільма аб раскопках старажытнага Бярэсця, якое адкрыў для нас вядомы беларускі археолаг Пётр Лысенка, аўтарам кнігі «Нямцэвiчы. Сапраўдныя гiсторыi» і шматлікіх навуковых манаграфій.
Сярод выступоўцаў, гасцей сустрэчы — дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А. С. Пушкіна, рэцэнзент выдання Аляксандр Башкоў, кіраўнік гродзенскага выдавецтва «ЮрСаПринт» (у якім пабачылі свет усе тры часткі манаграфіі) Аляксандр Рыжы, рэдактар кнігі Марына Шэпялевіч, дырэктар Мемерыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк і інш.
На вялікі жаль, як і папярэднія дзве, кніга выйшла невялікім тыражом, на ўласныя грошы аўтара. У прысутных была магчымасць набыць выданне і атрымаць аўтограф. Як і папярэднія дзве часткі манаграфіі «Замок Берестейский», трэцяя прэзентуемая кніга папоўніць кніжныя фонды Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Жэлянгоўская Ірына Іванаўна,
заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79
♦ Брестский ученый презентовал уникальную книгу о городе над Бугом — последнюю в трилогии «Замок Берестейский» // // sb.by [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://www.sb.by/articles/brestskiy-uchenyy-prezentoval-unikalnuyu-knigu-o-breste-poslednyuyu-v-trilogii-zamok-beresteyskiy.html. – Дата доступа: 27.05.2019.
♦ Состоялась презентация издания А.Гладыщука «Замок Берестейский. Книга третья. Res Publica» // // brestcity.com [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://brestcity.com/blog/sostoyalas-prezentaciya-izdaniya-a-gladyshhuka-zamok-berestejskij-kniga-tretya-res-publica – Дата доступа: 28.05.2019.
♦ Профессор Анатолий Гладыщук: «Книги пишутся на завтра». К Тысячелетию Бреста завершена и увидела свет монография-трилогия «Замок Берестейский» // // bk-brest.by [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.bk-brest.by/2019/05/professor_gladyzhchuk/ – Дата доступа: 28.05.2019.
♦ На месте Берестейского замка установят информационные указатели // // vb.by [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://vb.by/society/history/prezentaciya_3_knigi_gladyschuka_zamok.html – Дата доступа: 28.05.2019.
♦ Мощик, С. Анатолий Гладыщук, автор трилогии «Замок Берестейский»: «Есть факты, от которых никуда не уйдешь...» : [о презентации книги А. А. Гладыщука «Замок Берестейский. Книга III. Res Publika» в ОБ (27 мая)] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. – 2019. – 31 мая (№ 22). – С. 2 : фот.