|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
Напярэдадні Новага года ўдзельнікі чытацкага клуба «КанТэкст» сабраліся за кубкам гарбаты, каб абмеркаваць творчасць яшчэ аднаго юбіляра — Іосіфа Бродскага. Цікавасць да яго твораў і асобы сапраўды вялікая. Іосіф Бродскі — адзін з найвялікшых паэтаў XX стагоддзя, чалавек з няпростым лёсам і выдатным паэтычным талентам. Яго рыфмы, якія не паддаюцца ўплыву моды і часу, і сёння кранаюць самыя тонкія пачуцці чалавечай душы. У кожнага ёсць свой «Бродскі», і ў прысутных яго неардынарная асоба выклікала мноства яркіх эмоцый і гарачых спрэчак. Чытачы цытавалі афарызмы аўтара, падкрэсліваючы іх дзіўную глыбіню, мудрасць і актуальнасць: «Імкніцеся быць добрымі да сваіх бацькоў. Калі вам неабходна бунтаваць, бунтуйце супраць тых, хто не так лёгка ранімы. Бацькі — занадта блізкая мішэнь; дыстанцыя такая, што вы не можаце прамахнуцца», «Дурань можа быць глухі, можа быць сляпы, але ён не можа быць нямым».
Большасць членаў клуба прыйшлі да адзінай думкі, што Іосіф Бродскі быў сапраўдным геніем, які стварыў унікальны літаратурны свет. Адна з удзельніц прачытала верш «Адзінота», у якім паэт разважае пра тонкасці чалавечай душы і пра тое, як важна прымаць жыццё такім, якое яно ёсць у дадзены момант. Гэты твор быў напісаны ім ва ўзросце 19-ці гадоў. Таксама ўдзельнікі звярнулі ўвагу на яшчэ адну жамчужыну — «Вялікую элегію Джону Дону», праслухаўшы запіс чытання самога аўтара. Гэта стала дзіўным паглыбленнем у паэтычную атмасферу. Чыталі і іншыя вершы («Я ўваходзіў замест дзікага звера ў клетку…» і творы з каляднага цыклу). Многія адзначылі, што чытанне Бродскага патрабуе значных намаганняў. Не ўсё можна ўсвядоміць і прыняць з першага чытання, і некаторыя вершы трэба перачытваць некалькі разоў.
Былі і тыя, хто не прыняў паэзію аўтара і лічаць, што Нобелеўская прэмія ўручана Іосіфу Бродскаму незаслужана. Сваю нязгоду адзін з сябраў «КанТэксту» выказаў вершам уласнага складання, у якім скарыстаны некаторыя цытаты паэта. Негатыўнае стаўленне да верша «Калыханка» ў паэтычнай форме выказала яшчэ адна чытачка.
Пасля абмеркаванняў мы правялі квіз, прысвечаны жыццю і творчасці Бродскага. Гульня ахапіла тры тэмы: «Жыццё ў СССР», «Эміграцыя» і «Творчасць». Гульцы падзяліліся на тры каманды, і перамогу атрымала каманда «Рыжык». Пытанні квіза адкрылі шмат цікавых і нават нечаканых фактаў. Напрыклад, Бродскі лічыў часам свайго найбольшага шчасця перыяд ссылкі ў Архангельскую вобласць. На працягу большасці гадоў у ЗША яго адзіным суседам і спадарожнікам быў кот Місісіпі. Мы таксама даведаліся, што паэт жадаў, каб яго цела знаходзілася паміж магіламі Стравінскага і Дзягілева, і чаму гэтага не адбылося.
Час праляцеў непрыкметна. Цудоўным завяршэннем вечара стаў сюрпрыз — навагоднія прадказанні, падрыхтаваныя адной з удзельніц. Кожны выцягнуў прадказанне і быў прыемна здзіўлены. Выпадковасці сапраўды не выпадковыя!
Далучайцеся да клуба аматараў чытання «КанТэкст» і дадавайце ў сваё жыццё нешта прыемнае і займальнае! Мы заўсёды радыя бачыць вас!
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09