|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
27 сакавіка 2026 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбыўся абласны конкурс мастацкага чытання сярод людзей з інваліднасцю па зроку — членаў Брэсцкай абласной арганізацыі Грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку». Тэматыка конкурсу была прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы — «Байкі Кандрата Крапівы». Менавіта гэтаму жанру, у якім аўтар быў недасяжным майстрам, былі прысвечаны ўсе выступленні.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства пачалося з прывітальнага слова старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення ГА «БелТІЗ» Андрэя Анатольевіча Лявіцкага. Судзіла нашых канкурсантаў вельмі шаноўнае журы: Галіна Іванаўна Гуранчук — старшыня журы, вядучы метадыст, кіраўнік Народнага клуба нацыянальных культур «Садружнасць»; Ірына Аляксандраўна Воран — дацэнт БрДУ імя А. С. Пушкіна, кандыдат філалагічных навук; Ларыса Эдуардаўна Верамчук — намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Госці і ўдзельнікі ўрачыстасці пазнаёміліся з кніжнай выставай «Верай і праўдай прайшоў праз эпоху…», прысвечанай жыццю і творчасці юбіляра, затым пачулі цікавую гістарычную даведку пра Кандрата Крапіву — настаўніка, салдата, рэдактара, але, перш за ўсё, — геніяльнага байкапісца.
А потым пачалося самае галоўнае — выступленні! Гучалі вечныя, мудрыя і дасціпныя радкі баек. Кожны чытач знайшоў свой уласны падыход, сваю інтанацыю, каб перадаць не толькі сэнс, але і той тонкі гумар і сатыру, якія назаўжды зрабілі Крапіву класікам. Канкурсанты, якія не змаглі прысутнічаць на свяце, даслалі свае відэазапісы.
Перад журы стаяла няпростая задача — вызначыць пераможцаў сярод мноства таленавітых прачытанняў. У выніку выбралі лепшых з лепшых! Першае месца заняла Кавалевіч Валянціна, другое месца — у Галавача Фёдара, а трэцяе месца падзялілі Гурыш Таццяна і Краўцова Надзея. Віншуем!
Дзякуй усім удзельнікам конкурсу за смеласць, талент і глыбіню прачытання тэкстаў! Дзякуй настаўнікам і кіраўнікам за падрыхтоўку! Дзякуй журы за ўважлівасць і справядлівую ацэнку! І вялізная падзяка ўсім гледачам за цёплую атмасферу і апладысменты!
Гэтае мерапрыемства яшчэ раз даказала, што класіка жывая, а слова мастака можа аб'ядноўваць пакаленні. Віншуем усіх, хто стаў часткай гэтай цудоўнай літаратурнай падзеі! А самае галоўнае — памятаем, шануем, ганарымся!
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці,
+375 162 57 48 76