![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Аддзел абанемента Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага запрашае сваіх чытачоў здзейсніць чарговае займальнае падарожжа ў свет новых кніг. З 22 па 28 чэрвеня 2020 г. у фае Бібліятэкі будзе працаваць кніжная экспазіцыя «Мир книжных новинок», сезон «Весна-2020». Вашай увазе будзе прадстаўлена новая літаратура, якая паступіла ў аддзел абанемента ў сакавіку – маі 2020 г., а гэта больш за 400 новых выданняў па розных галінах ведаў, якія выйшлі ў выдавецтвах Беларусі і Расіі.
Разнастайнасць выданняў, прадстаўленых на выставе, дае магчымасць пазнаёміцца з кнігамі аб апошніх дасягненнях навукі і тэхнікі, новых тэндэнцыях у эканоміцы і бізнэсе, аб сучасным праве і палітыцы, з кнігамі па псіхалогіі, прыродазнаўстве, медыцыне, літаратуразнаўстве, мастацтве. У прыватнасці, вядомы псіхолаг Кайя Нордэнген у сваёй новай кнізе «Держи мозг в тонусе» (Санкт-Пецярбург, 2019) дзеліцца сакрэтамі па эфектыўным выкарыстанні і трэніроўцы самага незаменнага органа нашага арганізма — мозга; доктар Філіп Ален Грын у кнізе «Держи его за руку. Истории о жизни, смерти и праве на ошибку в экстренной медицине» (Санкт-Пецярбург, 2019) пускае чытача ў нябачны эмацыйны свет экстранай медыцыны; кніга «Михаил Калашиков: „Я создавал оружие для защиты своей страны“» (Масква, 2019) прысвечана легендарнаму канструктару стралковай зброі, які да апошніх дзён захоўваў вернасць свайму прызванню і абавязку.
Бестселеры, меладрамы, вострасюжэтныя дэтэктывы, гістарычныя раманы, фэнтэзі ... Кожны чытач, пагартаўшы новенькія старонкі, знойдзе для сябе нешта цікавае.
У ліку новых паступленняў — кнігі любімых многімі аўтараў: Алены Арсенневай, Марыі Мятліцкай, Андрэя Канстанцінава, Аляксандра Празорава, Вячаслава Праха, Леаніда Юзэфовіча, Эдварда Радзінскага, Дзмітрыя Быкава, Дар’і Данцовай, Юрыя Карчэўскага, Даніэлы Сціл; перавыдадзеныя творы Габрыэля Гарсія Маркеса, Самерсета Маэма, Марыса Друона, Антуана дэ Сент-Экзюперы; упершыню выдадзеныя на рускай мове раманы П’ера Леметра «Горизонт в огне» (Санкт-Пецярбург, 2019), Амелі Натомб «Тайны сердца. Загадка имени» (Санкт-Пецярбург, 2019); новы раман Мюрыель Барберы «Странная страна» (Санкт-Пецярбург, 2019) і інш.
У раздзеле «Беларусь літаратурная» шырока прадстаўлены творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Алеся Марціновіча, Андрэя Федарэнкі, Георгія Марчука, Ізяслава Катлярова, Андрэя Жвалеўскага, Святланы Быкавай, Надзеі Салодкай, Тамары Красновай-Гусачэнка.
Адкрыйце для сябе творы, якія вы яшчэ не чыталі і абавязкова знойдзеце нешта новае!
Шчэрба Марына Пятроўна,
бібліятэкар аддзела абанемента
Кантактны тэлефон: + 375 162 57 48 09