Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Рэсурс «Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны»

Рэсурс «Лічбавая памяць Брэстчыны»



«Кожнаму настаўніку свой часопіс»: да Дня настаўніка

«Кожнаму настаўніку свой часопіс»: да Дня настаўніка

«Кожнаму настаўніку свой часопіс»: да Дня настаўніка

У фондах Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. М. Горкага шырока прадстаўлены перыядычныя выданні па ўсіх галінах ведаў, у тым ліку педагогіку і адукацыю.


Прафесійная перыёдыка адыгрывае ключавую ролю ў дзейнасці настаўнікаў і выхавацеляў. Такія часопісы служаць надзейнай крыніцай актуальнай метадычнай інфармацыі, эфектыўнай пляцоўкай для абмену перадавым досведам і незаменнай прыладай бесперапыннай самаадукацыі.


З 30 верасня па 12 кастрычніка 2026 года ў аддзеле перыядычных выданняў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пройдзе выстава «Кожнаму настаўніку свой часопіс». На ёй будуць прадстаўлены як сучасныя перыядычныя выданні па педагогіцы і адукацыі, так і самыя першыя педагагічныя часопісы, якія захоўваюцца ў бібліятэцы.


Сярод найстарэйшых і найбольш аўтарытэтных педагагічных выданняў выдзяляецца часопіс «Народное образование». Ён быў заснаваны ў 1803 годзе Імператарам Аляксандрам I і першапачаткова выходзіў пад назвай «Журнал Министерства народного просвещения». Да ліку аўтарытэтных педагагічных выданняў адносяцца таксама часопіс «Педагогика», які выдаваўся з 1937 па 1991 год як «Советская педагогика», і адно з вядучых беларускіх выданняў — «Народная асвета». Першы нумар гэтага часопіса выйшаў у 1924 годзе пад назвай «Асьвета» (1924–1929 гг.), у наступныя гады ён пераназываўся ў «Кансультацыя настаўніку» (1937–1939 гг.) і «Савецкая школа» (1940–1941 гг. і 1948–1959 гг.).


З сучасных беларускіх навуковых перыядычных выданняў заслугоўвае ўвагі часопіс «Педагогическая наука и образование», які выпускаецца з 2012 года. На яго старонках публікуюцца матэрыялы па філасофіі і псіхалогіі адукацыі, разглядаюцца пытанні методыкі навучання і выхавання асобы, тэорыі і практыкі развіцця навуковых школ, а таксама праблемы інклюзіўнай адукацыі.


У сваю чаргу, сярод навукова-метадычных часопісаў для настаўнікаў і выхавацеляў асаблівае месца займаюць «Веснік адукацыі», «Адукацыя і выхаванне», «Выхаванне і дадатковая адукацыя», «Спецыяльная адукацыя», «Воспитание школьников» и «Диалог». Акрамя таго, у фонды бібліятэкі рэгулярна паступае шэраг профільных прадметных часопісаў: «Беларуская мова і літаратура», «Русский язык и литература», «Матэматыка і фізіка», «Біялогія і хімія», «Геаграфія» і іншыя.


Запрашаем усіх жадаючых не толькі азнаёміцца з сучаснымі педагагічнымі часопісамі, якія паступаюць у аддзел (больш за 30 найменняў), але і дакрануцца да гісторыі педагагічнай думкі. У вас будзе ўнікальная магчымасць прагартаць старонкі рэдкіх прафесійных выданняў, якія захоўваюцца ў фондах бібліятэкі з 1951 года.


У перыяд работы выставы чытачам будзе бясплатна прадастаўляцца лагін і пароль для аддаленага доступу да калекцыі «Педагогіка і адукацыя» электроннай базы даных «ІВІС». Гэты рэсурс адкрывае магчымасці для чытання і запампоўкі паўнатэкставых артыкулаў з 46 найменняў расійскіх педагагічных часопісаў з глыбінёй архіва больш за 10 гадоў.


Аддзел перыядычных выданняў

+375 162 57 48 39


Зварот да спісу