|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
28 студзеня 2026 года супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пабывалі на экскурсіі ў адзіным у Беларусі Музеі зубра, размешчаным у будынку Брэсцкага аблвыканкама. Музей быў адкрыты 4 снежня 2025 года — у дзень стварэння Брэсцкай вобласці і ў 86-ю ягоную гадавіну. Музей прысвечаны зубру — самаму буйному млекакормячаму Еўропы, насельніку Белавежскай пушчы і сімвалу Брэстчыны.
У Музеі зубра сабрана больш за 300 экспанатаў: ад мініяцюрных фігурак (самая маленькая — усяго 1 см!) да маштабных мастацкіх работ. Кожны зубр унікальны і непаўторны, некаторыя фігуры выкананы з незвычайных матэрыялаў: дуба, які праляжаў стагоддзі ў палескіх балотах, лёну, шкла і нават бурштыну. Ёсць зубр нават з пластыліну. Большасць экспанатаў — гэта дары ад замежных дэлегацый, калектываў прадпрыемстваў і творчых майстроў.
Асобнае месца ў экспазіцыі займае эксклюзіўнае выданне паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра», напісаная ў 1523 годзе. Аўтар паэмы быў прыдворным біскупа Полацка Эразма Цыялёка, якога і суправаджаў у 1521 годзе ў яго візіце ў Рым да папы рымскага Льва Х. Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны меркаваў накіраваць у падарунак Льву X пудзіла зубра, а Мікола Гусоўскі напісаў «дадатак» да гэтага незвычайнага падарунка — вядомую дагэтуль паэму. Раскошна аформленая і выдадзеная ў адзіным экзэмпляры выдавецтвам «Сегмент» у 2024 годзе кніга была ўручана дырэктарам Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Аленай Якаўлеўнай Стрыжэвіч старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Пятру Аляксандравічу Пархомчыку 2 снежня 2024 года падчас урачыстага адкрыцця будынка бібліятэкі пасля рэканструкцыі.
Незвычайны музей ужо стаў адной са славутасцяў рэгіёну і працягвае папаўняцца новымі арт-аб'ектамі.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
+375 162 57 48 76