Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Рэсурс «Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны»

Рэсурс «Лічбавая памяць Брэстчыны»



Дзень бібліятэк — свята кнігі і творчасці

Дзень бібліятэк — свята кнігі і творчасці

Дзень бібліятэк — свята кнігі і творчасці

Штогод 15 верасня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень бібліятэк — свята асветы, ведаў і любові да кнігі. Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага па добрай традыцыі рыхтуе да гэтай даты насычаную і разнастайную праграму. У гэты дзень нашы залы напоўнены асаблівай атмасферай творчасці і адкрыццяў, якая аб'ядноўвае прафесіяналаў бібліятэчнай справы і чытачоў розных пакаленняў.


Цэнтральнай падзеяй свята 2026 года стала падвядзенне вынікаў чэленджа «ЧытайФэст-2», рэалізаванага на базе юнацкага аддзела бібліятэкі пры падтрымцы кампаніі BREMOR. Праект, галоўная задача якога — папулярызацыя чытання сярод падлеткаў і моладзі, праходзіў ужо другі год. У ім прынялі ўдзел 334 юныя чытачы ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. За час праекту ўдзельнікі прачыталі звыш 4 тысяч кніг! Дыплом I ступені і галоўны прыз — ровар — атрымала Шуман Лея Сара Дэбора: з чэрвеня па жнівень яна прачытала 292 кнігі!


Не менш значнай падзеяй святочнай праграмы стала адкрыццё персанальнай выставы карцін «Прастора цішыні» Вольгі Данілюк. Вольга Данілюк — таленавітая мастачка, член Беларускага саюза мастакоў, пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выставак і пленэраў. Падчас прэзентацыі (і ўпершыню ў творчай біяграфіі майстра!) прайшоў акварэльны дэма-паказ: госці падзеі сталі сведкамі нараджэння карціны прама ў зале. Мастак прадэманстравала складаныя тэхнікі, у тым ліку працу «па-сыраму», раскрыла сакрэты майстэрства і адказала на пытанні гледачоў.


У аддзеле абанемента чытачоў чакалі выстава летніх кніжных навінак і акцыя «Стань чытачом бібліятэкі — атрымай прыз!». Смельчакі з азартам удзельнічалі ў бліц-віктарыне «Літаратурны Алімп»: адказвалі на пытанні пра літаратуру, успаміналі пісьменнікаў, іх творы і кніжных герояў.


У дзіцячым аддзеле Горкаўкі адбылася творчая сустрэча з аўтарам займальнай серыі дзіцячых кніг «Незвычайныя прыгоды Гаўвара і Кундаса» Наталляй Андрасюк. Пісьменніца пазнаёміла рабят са сваёй новай кнігай «Гісторыі, якія дапамагаюць» (упэўненыя, што твор абавязкова заваюе іх сэрцы!). Таксама госця расказала прысутным, як нараджаюцца казачныя творы і ілюстрацыі, што натхняе на стварэнне новых гісторый. Удзельнікі сустрэчы задалі мноства пытанняў і атрымалі аўтографы на памяць!


У сектары рэдкай кнігі прайшлі сустрэчы-адкрыцці «Кніжны Сусвет на далоньцы», удзельнікі якіх убачылі каля 150 кніг, памеры якіх не перавышаюць 104 на 170 міліметраў!


Шукальнікі прыгод мелі магчымасць паўдзельнічаць у квэстах «Скарбы кнігасховішча: Сезам, адкрыйся!» і «Код зямлі беларускай», а аматары творчасці — стварыць унікальную восеньскую паштоўку ў стылі скрапбукінгу. Гэтыя актыўнасці падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела захоўвання асноўнага фонду, агульнай чытальнай залы і сектара краязнаўства.


Сектар выданняў на замежных мовах запрасіў на настольныя гульні і пазнаёміў з самымі цікавымі кнігамі са свайго фонду.


У аддзеле перыядычных выданняў працавалі адразу дзве выставы-інсталяцыі. «Гісторыя: малавядомыя факты і падзеі» — для сапраўдных даследчыкаў таямніц мінулага, якія нельга сустрэць у звычайных падручніках. Экспазіцыя «Як гэта было: часопісы савецкай эпохі» прыцягвала ўвагу ўнікальнай магчымасцю пагартаць выданні савецкага перыяду і адчуць дух часу, але і рэтра-фотазонай.


Дзякуем кожнаму, хто правёў гэты дзень з намі!


Аддзел сацыякультурнай дзейнасці і маркетынгу

+375 162 57 48 76


Зварот да спісу