Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Рэсурс «Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны»

Рэсурс «Лічбавая памяць Брэстчыны»



«Два лёсы — адна эпоха»: да 105-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа

«Два лёсы — адна эпоха»: да 105-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа

«Два лёсы — адна эпоха»: да 105-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа

З 30 студзеня 2026 года ў агульнай чытальнай зале Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага экспануецца разгорнутая выстава літаратуры «Два лёсы — адна эпоха», прымеркаваная да 105-годдзя з дня нараджэння І. Шамякіна і І. Мележа. Экспазіцыя складаецца з двух раздзелаў: «Іван Шамякін. Талент, непадуладны часу» і «Іван Мележ. Спявак Палесся». На выставе прадстаўлены поўныя зборы твораў пісьменнікаў, асобныя выданні мастацкіх твораў і іх пераклады на розныя мовы свету, кнігі і артыкулы вядомых беларускіх літаратараў аб жыцці і творчасці пісьменнікаў, аўдыёкнігі, фатаграфіі з сямейных архіваў Івана Шамякіна і Івана Мележа.


Іван Шамякін — беларускі празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі (1972). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994, член-карэспандэнт з 1980 года). Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Творчая спадчына І. Шамякіна шырокая і разнастайная. Іван Шамякін напісаў 12 раманаў, 26 апавяданняў, 10 п'ес, некалькі дзясяткаў апавяданняў, вёў дзённікавыя запісы. Першы раман маладога пісьменніка, «Глыбокая плынь» (1948), прынёс Шамякіну вялізную папулярнасць. Пенталогія «Трывожнае шчасце» (1957–1965) была створана на аснове яго ўласнай біяграфіі і жыцця блізкіх людзей. Але найбольшую вядомасць пісьменніку прынёс раман «Сэрца на далоні» (1957). У розныя перыяды творчай кар'еры пісьменніка былі апублікаваны такія выдатныя творы, як апавяданне «Помста» (1945), раманы «Крыніцы» (1956), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1979). Пісьменнік таксама працаваў і ў драматычным жанры: ён стварыў п'есы «Не верце цішыні» (1957), «Дзеці аднаго дома» (1967), «Іспыт на восень» (1973) і камедыю «Выгнанне блудніцы» (1961), якія з поспехам ставіліся на беларускай сцэне.


У першым раздзеле выставы прадстаўлены не толькі мастацкія творы пісьменніка, але і матэрыялы, якія расказваюць пра вядомыя і малазнаёмыя старонкі жыцця знакамітага пісьменніка. Кніга М. Мушынскага «Летапіс жыцця і творчасці Івана Пятровіча Шамякіна» змяшчае разнастайны матэрыял пра творчую, грамадскую, навуковую, прапагандысцкую і арганізацыйную дзейнасць пісьменніка. Разглядаюцца падзеі з яго асабістага і сямейнага жыцця, адносіны з перакладчыкамі, вучонымі і дзеячамі іншых краін. Вялікую цікавасць уяўляе новае выданне серыі біяграфічных кніг «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» — кніга «Іван Шамякін. Летапісец эпохі: успаміны, гутаркі, эсэ». Яна была падрыхтавана да выдання А. І. Шамякінай, дачкой вядомага пісьменніка. У выданне ўключаны ўспаміны пісьменнікаў, сяброў і сваякоў Івана Шамякіна. Цікавыя матэрыялы, прысвечаныя ўдзелу пісьменніка ў дыпламатыі БССР, прадстаўлены ў артыкуле І. Аўласенкі «Іван Шамякін у беларускай дыпламатыі». Творы Івана Мележа перакладзены на многія мовы свету: балгарскую, сербахарвацкую, польскую, чэшскую, іспанскую і інш. У артыкуле «Іван Шамякін на кітайскай мове — пісьменнік з моцным пачуццём часу» У. Карлюкевіч прадстаўляе пераклады і выданні твораў аўтара на кітайскую мову.


Экранізацыі дапамагаюць прыцягнуць увагу да творчасці майстра слова. Да твораў народнага пісьменніка звярталіся найлепшыя нашы рэжысёры — Міхаіл Пташук, Вячаслаў Нікіфараў, Ігар Дабралюбаў. Па творах пісьменніка былі зняты наступныя фільмы: «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», «Шлюбная ноч», «Вазьму твой боль», «Глыбокая плынь» і інш. П'есы Шамякіна ставіліся на сцэнах многіх беларускіх тэатраў. У 1976 годзе Брэсцкі абласны драматычны тэатр паставіў п'есу «І змоўклі птушкі».


Творчасць пісьменніка атрымала ўсеагульнае прызнанне і любоў як у Беларусі, так і за мяжой. Ён з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1951, за раман «Глыбокая плынь»), літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (за раман «Крыніцы»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1967, за раман «Сэрца на далоні», пенталогію «Трывожнае шчасце»), Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання за фільм «Вазьму твой боль» (1982). Імем пісьменніка названа адна з вуліц у сталічным мікрараёне «Сухарава-4». Імя Шамякіна носіць Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. На радзіме пісьменніка ў вёсцы Карма Добрушскага раёна ў 2006 годзе ўстаноўлены бюст. У 2022 годзе ў горадзе Добруш быў адкрыты помнік пісьменніку.


У другой частцы выставы прадстаўлены матэрыялы, поўныя цікавай інфармацыі аб жыцці і творчым шляху таленавітага беларускага пісьменніка Івана Мележа. Іван Мележ увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры найперш як аўтар «Палескай хронікі» — шырока вядомага цыклу раманаў («Людзі на балоце», «Дыханне навальніцы», «Завеі, снежань»). Ён адкрыў свету экзатычнае беларускае Палессе і праславіў яго. Пісьменнік стварыў мноства яркіх і маляўнічых народных вобразаў. У розныя гады творчасці І. Мележа былі выдадзены зборнікі аповесцей і апавяданняў «У завею» (1946), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), раман «Мінскі напрамак» і інш.


Пра яго творчыя задумы і стылістычныя пошукі можна даведацца з матэрыялаў, прадстаўленых у другой частцы нашай выставы. Наведвальнікаў зацікавяць кнігі З. Драздовай «Майстэрства слова: моўна-стылістычныя асаблівасці "Палескай хронікі" Івана Мележа», Д. Бугаёва «Вернасць прызванню: творчая індывідуальнасць Івана Мележа», С. Андраюка «Пісьменнікі. Кнігі: літаратурна-крытычныя артыкулы». Асаблівую цікавасць выклікае кніга з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» «Іван Мележ. Спявак Палесся»». Праз успаміны сваякоў і сяброў, пісьменнікаў і журналістаў, даследчыкаў творчай спадчыны вымалёўваецца вобраз Мастака і Чалавека, які ва ўсёй сваёй мастацкай велічы стварыў летапіс жыцця беларускага народа ў вырашальныя 30-я гады XX стагоддзя. Кнігі Мележа сталі сапраўднай нацыянальнай эпапеяй, энцыклапедыяй народнага жыцця, крыніцай выхавання патрыятызму і кахання да роднай зямлі. Яго творы атрымалі сусветнае прызнанне і былі перакладзены на многія мовы. Яго раманы былі экранізаваны на студыі «Беларусьфільм». Пад кіраўніцтвам У. Турава і Д. Зайцава па матывах «Палескай хронікі» выйшаў мастацкі фільм «Людзі на балоце». К. Цесакоў напісаў радыёоперу «Барвовы світанак». Яго п'есы былі пастаўлены ў многіх тэатрах Беларусі.


Іван Мележ — народны пісьменнік Беларусі (1972). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа за раман «Людзі на балоце» (1962), Ленінскай прэміі за раманы «Людзі на балоце» і «Дыханне навальніцы» (1972), а таксама Дзяржаўнай прэміі БССР за кнігу «Жыццёвыя клопаты» (1976). Пісьменнік вёў актыўнае грамадскае жыццё, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнай рады міру.


У гонар І. Мележа названы вуліцы ў Мінску, Хойніках, в. Глінішча, завулак у Кобрыне і бібліятэка ў горадзе Гомелі. У в. Глінішча адкрыты Дом-музей І. Мележа. У г. Хойнікі Гомельскай вобласці з'явілася скульптурная кампазіцыя героям рамана «Людзі на балоце».


У 2021 годзе да 100-гадовага юбілею народных пісьменнікаў Беларусі І. Шамякіна і І. Мележа былі выпушчаны памятныя манеты наміналам 20 рублёў.


Выстава разлічана на шырокае кола чытачоў і будзе экспанавацца на працягу лютага. Запрашаем усіх аматараў беларускай літаратуры наведаць нашу экспазіцыю!


Агульная чытальная зала

+375 162 57 48 74


Зварот да спісу