|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
З 16 па 19 сакавіка 2026 года Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прыняла ўдзел у XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, які праходзіў у выставачным комплексе «БелЭкспа».
Галоўнымі тэмамі кніжных экспазіцый і прэзентацыйных пляцовак сталі Год беларускай жанчыны і 35-годдзе з часу заснавання Садружнасці Незалежных Дзяржаў. На плошчах «БелЭкспа» размясціліся больш за 500 удзельнікаў — прадстаўнікі Расіі, Кубы, КНДР, Азербайджана, Малдовы і многіх іншых краін. На пляцоўцы Брэсцкай вобласці супрацоўнікі бібліятэкі пад агульнай назвай «Літаратурныя зоркі Берасцейшчыны» прэзентавалі віртуальныя праекты, прысвечаныя выбітным жанчынам, ураджэнкам Берасцейшчыны — паэтэсе і перакладчыцы Ніне Іосіфаўне Мацяш, літаратуразнаўцы Валянціне Іванаўне Локун і мовазнаўцы Галіне Мікалаеўне Малажай, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры.
Распрацаваныя пры падтрымцы партнёраў (Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма, Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, філалагічны факультэт БрДУ імя А. С. Пушкіна), электронныя рэсурсы змяшчаюць багатую бібліяграфічную, фактаграфічную і графічную інфармацыю, якая сістэматызавана ў асобныя раздзелы і знаёміць з жыццём і творчасцю вядомых зямлячак, раскрывае іх самабытнасць, выяўляе шматграннасць і багацце таленту. Падчас працы над рэсурсамі ўвесь сабраны матэрыял быў правераны de visu, некаторая інфармацыя (напрыклад, фотаздымкі і лісты з асабістых архіваў) апублікавана ўпершыню.
Дадзеныя віртуальныя праекты — гэта не толькі даніна памяці таленавітым жанчынам — прыгожым і сціплым, што здолелі так многа здзейсніць у сваім жыцці, але і карысны дапаможнік для шырокага кола карыстальнікаў, якія цікавяцца літаратурай і культурай Беларусі.
Акрамя знаёмства з віртуальнымі праектамі, наведвальнікі і госці выставы-кірмашу мелі магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа ў гісторыю кнігі: з дапамогай інтэрактыўных віктарын даведацца, хто, дзе і калі ствараў рукапісныя кнігі, якія матэрыялы і прылады пісьма выкарыстоўваліся, з чаго вырабляліся чарнілы і фарбы, чым упрыгожваліся тэкст і вокладкі.
Дырэктар установы Алена Якаўлеўна Стрыжэвіч прыняла ўдзел у пасяджэнні Рэспубліканскай бібліятэчнай рады, якое адбылося 18 сакавіка на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На пасяджэнні прадстаўнікі міністэрстваў культуры і інфармацыі, кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк краіны абмеркавалі пытанні камплектавання бібліятэчных фондаў.
19 сакавіка да цікавай праграмы выставы далучыліся загадчыкі структурных падраздзяленняў абласной бібліятэкі.
Кніжны кірмаш — гэта важны форум, дзякуючы якому можна даведацца аб тэндэнцыях развіцця папяровай кнігі, пазнаёміцца з лепшымі выданнямі розных краін і наладзіць партнёрскія сувязі.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
+375 162 57 48 76