|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага |
|
||||||||
25–26 верасня 2026 года ў нацыянальным парку «Белавежская пушча» у рамках маштабнага фестывалю «Зубр-фест» праходзіла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Зубр 2026: ад адраджэння віда да брэнду тэрыторыі».
Белавежская пушча — адзін з галоўных турыстычных брэндаў Беларусі, якому прысвечана мноства ўнікальных кніжных выданняў: ад шыкоўных калекцыйных фотаальбомаў да фундаментальных гістарычных і навуковых прац. На пляцоўцы Музея прыроды Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» 25 верасня Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прадставіла кніжную выставу «Зямля любові нашай — Берасцейшчына».
Гісторыка-культурная спадчына нашага краю яскрава раскрываецца ў друкаваных выданнях, якія з’яўляюцца адначасова і даведнікамі для турыстаў, і візітоўкамі для міжнародных партнёраў. На экспазіцыі былі прадстаўлены кнігі, якія раскрываюць турыстычны, культурны і брэнд-потэнцыял Першага рэгіёна. Сярод іх можна было пабачыць рэдкія хронікі і сучасныя даследаванні, прысвечаныя шматгадовай гісторыі Белавежскай пушчы і выратаванню легендарнага волата — белавежскага зубра, а таксама навуковыя працы, фотаальбомы і манаграфіі аб біяразнастайнасці Брэстчыны, якія раскрываюць і прыродную спадчыну нашага краю.
Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі прыцягнуў тэматычны блок, прысвечаны жывому сімвалу Беларусі — еўрапейскаму зубру. Сярод прадстаўленых выданняў: манаграфіі Пятра Козлы і Аляксея Буневіча «Зубр у Беларусі» (Мн., 2009) і «Белавежская пушча: вытокі запаведнасці, гісторыя і сучаснасць» (Мн., 2009); кнігі Вячаслава Семакова і Валерыя Рыпергера «Мара аб першабытным лесе» (Брэст, 2009), Людмілы Корачкінай і Віктара Вакулы «Зубр Белавежскай пушчы» (Брэст, 2008), Сцяпана Качаноўскага і Людмілы Корачкінай «Гісторыя. Зубры (Белавежская пушча» (Мн., 1976), Вячаслава Семакова і Мікалая Чэркаса «Белавежская пушча» (Брэст, 2007) і інш. Разынкай жа ўсёй экспазіцыі стала факсімільнае выданне кнігі Георгія Карцова «Белавежская пушча», прысвечанае 600-годдзю Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», якое пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 2008 годзе. А таксама сігнальны экзэмпляр эксклюзіўнага падарункавага выдання «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага, выдадзенага ў мінскім выдавецтве «Сегмент» да юбілею Брэсцкай вобласці, з ілюстрацыямі вядомага беларускага графіка Лізаветы Пастушэнкі.
Кніжная спадчына Брэстчыны — гэта яе сапраўдны культурны код. Яна пачынаецца са знакамітайй старажытнай паэмы «Песня пра зубра» і працягваецца ў сучасных маляўнічых фотаальбомах: «Беларусь. Зямля пад белымі крыламі. Брэсцкая вобласць» (Мн., 2025), «Белавежскае дзіва» (Мн., 2017), «Белавежская пушча» (Мн., 2004) і інш.); турыстычных даведніках: «100 славутасцяў Брэстчыны» (Брэст, 2019), «Брэстчына турыстычная» (Мн., 2021), «Турыстычная Белавежская пушча» (Брэст, 2013); энцыклапедыях, выдадзеных да 1000-годдзя Брэста і 85-годдзя Брэсцкай вобласці: «Брэст. 1000. Вытокі, лёсы, спадчына» (Брэст, 2019), «Ліхтары горада над Бугам» (Брэст, 2019), «Брэсцкая вобласць: прырода, насельніцтва, гаспадарка» (Брэст, 2023) і інш.
Менавіта такія выданні дапамагаюць захаваць памяць аб мінулым і яскрава паказваюць усяму свету, чаму трэба прыехаць і пабачыць Берасцейшчыну на ўласныя вочы!
Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага выражае падзяку навуковаму аддзелу Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» за падораныя выданні, зборнікі навуковых артыкулаў, у фонд сектара краязнаўства.
Сектар краязнаўства
+375 162 57 48 79