Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
15 верасня ў Беларусі адзначылі Дзень бібліятэк. Традыцыйна да гэтага свята бібліятэкі рыхтуюць шырокія праграмы, якія, акрамя культурных і асветніцкіх мерапрыемстваў, уключаюць падзеі па абмене прафесійным вопытам паміж бібліятэчнымі работнікамі. 2024 год не стаў выключэннем.
13 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла навукова-метадычная канферэнцыя «Сучасны стан публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь». Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі дзейнасць абласных бібліятэк, разгледзелі пытанні стварэння Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі як прыярытэтнага напрамку сферы культуры.
Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ларыса Эдуардаўна Верамчук выступіла з дакладам аб новых культурных практыках і рэсурсных магчымасцях абласной бібліятэкі.
Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй падпісання дамоваў аб падлучэнні абласных бібліятэк да электроннай бібліятэкі НББ.
Дзякуючы доступу да электроннай бібліятэкі НББ, карыстальнікі абласной бібліятэкі змогуць працаваць з лічбавымі копіямі дакументаў з фондаў галоўнай бібліятэкі Беларусі. Гэта кніжныя выданні, аўтарэфераты дысертацый і дысертацыі на розных мовах свету, плакаты, эстампы, паштоўкі і іншыя матэрыялы. Усяго — больш за 130 тыс. дакументаў!
У гэты ж дзень у бібліятэцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта адбыўся круглы стол «Роля бібліятэк у сучасным свеце», у якім прынялі ўдзел спецыялісты бібліятэчнай справы (дырэктар бібліятэкі БрДТУ Ю. В. Азаркевіч, загадчык філіяла Брэсцкай АНТБ С. І. Кулік, загадчык бібліятэкі політэхнічнага каледжа г. Брэста Л. А. Кульбачынская, супрацоўнік бібліятэкі БрДУ імя А. С. Пушкіна А. І. Гардзіевіч, супрацоўнікі бібліятэкі БрДТУ), выкладчыкі і студэнты ВНУ.
Удзельнікі абмеркавалі пытанні аб ролі бібліятэк у жыцці сучаснага грамадства; расказалі пра бібліятэчныя рэсурсы і паслугі, якія будуць асабліва карысныя студэнтам; падзяліліся досведам працы ўстаноў. Загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Вікторыя Аляксандраўна Міхайлава пазнаёміла прысутных з асноўнымі напрамкамі дзейнасці Брэсцкай абласной бібліятэкі і сацыякультурнымі праектамі да Года якасці і 85-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці.
Паважаныя работнікі бібліятэк, чытачы, сябры! Няхай бібліятэкі заўсёды застаюцца для вас месцам культуры і новых ведаў, уражанняў і знаёмстваў! Са святам!
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
+375 162 52 72 81