Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Сустрэча з беларускім пісьменнікам, гісторыкам Уладзімірам Арловым.


14 лістапада 2012 г. у лекцыйнай зале Бібліятэкі адбылася сустрэча з папулярным беларускім пісьменнікам, гісторыкам Уладзімірам Арловым.


У рамках сустрэчы Уладзімір Арлоў прэзентаваў прысутным сваю новую кнігу “Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя”, якая з’явілася працягам ранейшага выдання “Краіна Беларусь”. У ходзе выступлення аўтар расказаў аб тым, як стваралася гэта цудоўнае выданне, у тым ліку аб супрацоўніцтве з мастаком Зміцерам Герасімовічам, прывёў цікавыя факты са зместу кнігі. Акрамя гэтага, пісьменнік пазнаёміў аўдыторыю слухачоў і з іншымі сваімі кнігамі, напісанымі за апошні час: “Пакуль ляціць страла”; зборнік вершаў “Сьвецяцца вокны ды нікога за імі”.

Да мерапрыемства супрацоўнікамі чытальнай залы гуманітарных навук была падрыхтавана выстава літаратуры “Гісторыя з позіркам на вечныя сэнсы. Уладзімір Арлоў”. У першай яе частцы былі прадстаўлены выданні Уладзіміра Арлова па гісторыі Беларусі, роднай яму Полацкай зямлі і яе каштоўнасцях, аб выдатных беларускіх асветніках. Другая частка выставы ўключыла мастацкія творы пісьменніка за шмат гадоў, у тым ліку яго першую кнігу “Добры дзень, мая Шыпшына” i зборнік вершаў “Паром празь Ля-Манш”, за які Уладзімір Арлоў у 2010 г. атрымаў прэмію “Еўрапейскі паэт свабоды”, а таксама прэзентаваныя аўтарам новыя выданні. У экспазіцыі знайшлі свае месца пераклады твораў Уладзіміра Арлова на англійскую і нямецкую мовы, а таксама пераклады твораў іншых аўтараў з фінскай, украінскай і рускай моў, зробленых самім Уладзімірам Арловым. Акрамя гэтага, шмат літаратуразнаўчых матэрыялаў з даведачных выданняў, перыёдыкі было прысвечана аналізу творчай дзейнасці гэтага аўтара.


У ходзе выступлення Уладзімір Арлоў актыўна звяртаўся да літаратуры, прадстаўленай на выставе.


Сустрэча выклікала вялікі інтарэс сярод слухачоў. Уладзімір Арлоў даў грунтоўныя адказы на ўсе пытанні прысутных. Адбыўся продаж кніг аўтара, якi на прыканцы мерапрыемства правёў аўтограф-сесію. 


Тэлефон для даведак: +375 9162) 23 21 23 Прыходзька Іна Барысаўна, Казакова Вiалена Вiаленаўна