Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Дзень беларускага пісьменства


4 верасня 2011 г. па запрашэнню Міністэрства інфармацыі РБ бібліятэка прыняла ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства ў г. Ганцавічы.

У рамках правадзімага там фестываля кнігі і прэсы ў павільене “Сучасная беларуская кніга” былі арганізаваны разгорнутыя выставы літаратуры: “Святло нясіце…” (Да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа) – выканаўца С.В. Страпко, “Паэтычная крыніца Максіма Багдановіча” (Да 120-годдзя з дня нараджэння) – выканаўца І.Б. Прыходзька.

На выставе, прысвечанай Я. Коласу, значны інтарэс сярод наведвальнікаў вызвалі прыжыццевыя і факсімільныя выданні яго твораў (“На рубяжы”, “У старых дубах”, “Песні жальбы”, “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” і г.д.), творы Коласа на замежных мовах, а таксама шмат матэрыялаў, якія раскрываюць жыццевы і творчы шлях пісьменніка на Берасцейшчыне, што асабліва звязаны з Ганцавіцкай зямлей, вескай Люсіна.

У цэнтры выставы, прысвечанай М. Багдановічу, было змешчана факсімільнае выданне – зборнік “Вянок”. Гэта адзінае выданне, якое надрукавана пры жыцці паэта ў 1913 г. Вялікую цікавасць вызвалі практычна ўсе матэрыялы выставы, асабліва яго зборнік лірыкі “Маладзік” (Мн., 1968) і выбраныя вершы “Мае песні” (Мн., 1991). Апошні зборнік выданы па форме як кніга-малютка. Багаты падбор фотаматэрыялаў, прысвечаных М. Багдановічу і яго сям’і, а таксама каханым жанчынам паэта, дапаўнялі кніжныя і перыядычныя выданні. З матэрыяламі выставы падрабязна пазнаемілася кіраўніцтва Літаратурнага музея М. Багдановіча.

Выставы, арганізаваныя бібліятэкай, наведала вялікая колькасць жыхароў г. Ганцавічы і гасцей свята. Настаўнікі, краязнаўцы, студэнты і навучэнцы з розных рэгіенаў Беларусі, якія прыехалі на свята, актыўна карысталіся інфармацыяй, прадстаўленай на выставах: фатаграфавалі матэрыялы, перапісвалі для сябе назвы раздзелаў і цытаты, акцэнтавалі ўвагу на новых кнігах па тэме выстаў. Асабліва прыемна было атрымаць станоўчыя водгукі аб падборы матэрыялаў выстаў ад літаратараў і знакамітых людзей Беларусі, сярод якіх: М.К. Міцкевіч, сын Я. Коласа, А.І. Бутэвіч і г.д. Акрамя гэтага, яны падпісалі свае аўтарскія працы.

З выставамі пазнаеміліся прадстаўнікі дзяржаўнай улады РБ: намеснік прэм’ер-міністра ўрада А.І. Тозік, намеснік міністра інфармацыі Л.А Ананіч, губернатар Брэсцкай вобласці К. А. Сумар і іншыя. Агляд матэрыялаў выстаў зрабілі Т.В. Глазкова і І.Б. Прыходзька.

Глазкова Т.В., 23-21-23.

Аўтар фотаздымкаў А. Паплаўскі.