Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Чэслаў Мілаш у Брэсце.


7 верасня ў Брэсцкім тэатры лялек у межах цыкла сустрэч “Мілаш у Беларусі”, прысвечаных творчасці нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша, і ў сувязі з яго 100-гадовым юбілеем, адбылася прэзентацыя аўдыёкнігі “Хадановіч чытае Мілаша”.Арганізатары мерапрыемстваў – Фундацыя Калегіум Усходняй Еўропы імя Яна Новака-Езяранскага, Польскі Інстытут у Мінску. У сустрэчы ўдзельнiчаў гурт “Рацыянальная дыета”.

Яшчэ да пачатку сустрэчы прысутныя маглі пазнаёміцца з кніжнай выставай “Феномен Мілаша. Да 100-годдзя з дня нараджэння польскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1980)”, падрыхтаванай Брэсцкай абласной бібліятэкай імяМ.Горкага. Выстава пазней была прадстаўлена заг. аддзела літаратуры на замежных мовах Таццянай Налобінай.

На пачатку сустрэчы прагучалі прывітальныя словы прадстаўнікоў Генеральнага консульства РП у Брэсце, якiя нагадалі гледачам самыя важныя падзеі з жыцця і творчасці Чэслава Мілаша, значэнне творчасці паэта для польскай і сусветнай культуры. Затым Бібліятэцы ў асобе яе дырэктара Тамары Паўлаўны Данілюк былі ўрачыста ўручаны новыя кнігі: Czesław Miłosz. Wiersze wszystkie. – Kraków : Znak, 2011 i грунтоўнае даследаванне жыцця і творчасці Мілаша: Andrzej Franaszek. Miłosz. Biografia. – Kraków : Znak, 2011. Гледачы пачулі вершы Чэслава Мілаша ў выкананні польскіх паэтаў Кшыштафа Чыжэўскага і Анджэя Дамброўскага, а таксама пераклады вершаў Мілаша на беларускую мову, прэзентаваныя аўтарамі перакладаў Лявонам Баршчэўскім і Андрэем Хадановічам. Госці з Мінску ў сваю чаргу таксама зрабілі падарунак Бібліятэцы i ўсім прысутным – пасля мерапрыемства кожны мог далучыцца да творчасці Чэслава Мілаша і ўзяць з сабой кнігі: Мілаш Чэслаў. Іншага канца свету ня будзе. Выбраныя творы. – Менск : Логвінаў, 2011; Мілаш Чэслаў. Проза : Даліна Іссы. Нобелеўская лекцыя. – Менск : Логвінаў, 2011; Мілаш Чэслаў. Выратаванне : выбраныя вершы і паэмы. – Менск : Логвінаў, 2011, а таксама дыск аўдыёкнігі “Хадановіч чытае Мілаша”, прэзентацыя якога ў аўтарскім выкананні і музычным суправаджэнні гурта “Рацыянальная дыета” стала кульмінацыяй вечарыны, прысвечанай польскаму паэту. Пасля сустрэчы ўсе жадаючыя маглі атрымаць аўтографы паэтаў і перакладчыкаў, пагутарыць з гасцямі ў нефармальнай абстаноўцы і бліжэй пазнаёміцца з кніжнай выставай “Fenomen Miłosza”. 

Усе падораныя кнігі ў кастрычніку 2011 года паступяць у фонд аддзела літаратуры на замежных мовах, дзе можна з імі пазнаёміцца, а таксама атрымаць поўную інфармацыю па матэрыялах выставы.