Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.


21 лютага 2012 г. Бібліятэка прыняла ўдзел у абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі”, якое было прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы і адкрыцця Года кнігі на Брэстчыне. 

Мерапрыемства адкрыла дырэктар абласнога грамадска-культурнага цэнтраКаржук С.В., затым слова ўзялі дырэктар абласной бібліятэкі імя М. Горкага Данілюк Т.П. i дырэктар абласнога краязнаўчага музея Міцюкоў А.Ул. На мерапрыемстве прысутнічаў начальнік абласнога ўпраўлення культуры Р.Р. Бысюк.

У рамках свята супрацоўнікі чытальнай залы гуманітарных навук, аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі арганізавалі і прэзентавалі прысутным чатыры разгорнутыя выставы літаратуры.

Кнігі, адзначаныя Дзяржаўнымі прэміямі ў галіне літаратуры і прэміяй Прэзідэнта РБ “За духоўнае адраджэнне”, а таксама кнігі-пераможцы літаратурных конкурсаў Беларусі былі прадстаўлены на выставе “Літаратурная вяршыня”. У ходзе прэзентацыі Марашчук І.М. звярнула асаблівую ўвагу прысутных на шыкоўнае выданне Б. Лазука “Гісторыя сусветнага мастацтва” у 2-х кнігах – лаўрэата прэміі Прэзідэнта РБ “За духоўнае адраджэнне” 2011 г., “Альбом рисунков. 1863-1867 гг.” Д. Струкава – уладальніка Гран-пры Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2012”, шэраг твораў – лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор года. Асобным раздзелам былі прадстаўлены кнігі - лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Ул. Калесніка. Аб іх расказала загадчыца аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Кавенька Т.С.

На выставах літаратуры, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа, вялікі інтарэс выклiкалі прыжыццёвыя выданні класікаў: “Песні будаўніцтву” (Мінск, 1936), “Беларусі ордэнаноснай” (Мінск, 1937), “Ад сэрца” (Мінск, 1940) Я. Купалы; “На рубяжы” (Мінск, 1925), “У глыбі Палесься” (Мінск, 1930), “У старых дубах” (Мінск, 1941) Я. Коласа. Усяго было прадстаўлена дванаццать прыжыццёвых выданняў Я. Коласа. Акрамя гэтага, госці свята актыўна цікавіліся поўнымі зборамі твораў беларускіх класікаў.

Экспазіцыя “Летапісец эпохі”, прысвечаная 100-гадоваму юбілею М. Танка, раскрыла літаратурную спадчыну народнага паэта больш чым за 60-гадовы творчы шлях. Прысутныя актыўна знаеміліся з найбольш поўным выданнем твораў М.Танка ў трынаццаці тамах. Цікавасць вызвала факсімільнае выданне – зборнік “На этапах” (Мінск, 1936), а таксама кніга “Ave maria” (Мінск, 1980), выдадзеная ў фармаце кнігі-малюткі.

Пасля прэзентацыі бібліятэчных выстаў гасцям свята была прапанавана экспазіцыя кніжных рарытэтаў з фондаў абласнога краязнаўчага музея. 


Тэлефон для даведак: + 375 (162) 23-21-23 Глазкова Тамара Васільеўна