Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
1 верасня 2021 г. у аддзеле рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адкрыецца выстава «Врата книжных сокровищ».
Энцыклапедыі, слоўнікі, даведнікі заўсёды прыходзяць на дапамогу, калі патрэбны адказ на пытанне ці нейкая фактаграфічная даведка, бо чалавек не можа захоўваць у сваёй памяці ўсе падзеі мінулага і сучаснасці, даты, лічбы, назвы, імёны.
Экспазіцыя знаёміць з рэдкімі і асабліва каштоўнымі выданнямі энцыклапедый і даведнікаў па розных галінах ведаў з фонду аддзела. Гэта і «Большая энциклопедия» пад рэдакцыяй С. М. Южакова, якая выдавалася з 1900 па 1909 г., і адзін з самых буйных і поўных дарэвалюцыйных біябібліяграфічных даведнікаў агульнага тыпу — «Русский биографический словарь» (1902). Можна ўбачыць і «Энциклопедический словарь» (1890–1907), які па праву лічыцца самай буйной рускай універсальнай энцыклапедыяй. Спецыяльна для яго стварэння ў Пецярбургу было арганізавана выдавецтва нямецкай фірмы Ф. А. Бракгаўза і пецярбургскага тыпографа І. А. Ефрона. У ім жа былі надрукаваныя тамы «Еврейской энциклопедии». «Сапернікам» «Бракгаўзу» стала сёмае выданне «Энциклопедического словаря» (1910–1948) братоў Гранат — Аляксандра і Ігната, выхадцаў з Магілёва, якія для працы над слоўнікам змаглі аб’яднаць пад сваім кіраўніцтвам такіх расійскіх навукоўцаў як К. А. Ціміразеў, І. І. Мечнікаў, Я. В. Тарле і інш.
На выставе таксама прадстаўлены адзін з найбуйнейшых слоўнікаў рускай мовы — «Толковый словарь живого великорусского языка В. Даля», на складанне якога ў аўтара сышло 53 гады.
Цікавасць уяўляюць і замежныя выданні: ілюстраваная энцыклапедыя на польскай мове «Wielka encyklopedia powszechna ilustrowana», выдадзеная С. Сікорскім у канцы XIX – пачатку XX ст., а таксама 12-ы том 14-га выдання найстарэйшай англамоўнай універсальнай энцыклапедыі «Брытаніка», першае выданне якой выйшла ў 1768 г. у Эдынбургу.
Запрашаем настаўнікаў, школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў і ўсіх жадаючых наведаць выставу.
Бакун Марыя Аляксееўна,
бібліёграф аддзела рэдкай кнігі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 30