Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Прэзентацыя кнігі Анатоля Брытуна

Прэзентацыя кнігі Анатоля Брытуна

Прэзентацыя кнігі Анатоля Брытуна

21 лістапада 2019 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя кнігі Анатоля Арцёмавіча Брытуна «Трылогія прыгод тысячагоддзя». Мерапрыемства праходзіла ў год 1000-годдзя г. Брэста, 80-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці, 80-годдзя Брэсцкай мытні і Год малой радзімы. Анатоль Брытун — празаік, публіцыст, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка ў намінацыі «Проза». У 2013 г. ён стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго творы публікаваліся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Бярозка», рэспубліканскіх газетах «Паляўнічы і рыбалоў» і «Таможенный вестник», рэгіянальных газетах: «Народная трыбуна», «Брестский вестник», «Заря», «Брестская газета».


Белавежскі летапісец — так сталі называць Анатоля Арцёмавіча пасля таго, як у 2012 г. пабачыў свет яго першы твор «Пах мускусу». У рамане пісьменнік знаёміць чытачоў з яцвяжскай легендай аб вечным стражніку, які ахоўваў некранутыя лясы Белавежжа.


Другі твор аўтара аповесць «Сяліба» з’явіўся ў 2015 г. Аповесць распавядае пра жыццё селяніна-беларуса на працягу амаль цэлага стагоддзя. Асновай для твора стала кніга «Бежанства 1915 года» (Беласток, 2015) — праўдзівыя гісторыі людзей, якія ў маладым узросце пакінулі свае вёскі і паехалі ў невядомасць.


І, нарэшце, у 2019 г., да 1000-годдзя г. Брэста, выходзіць трэцяя кніга Анатоля Брытуна «Трылогія прыгод тысячагоддзя», прысвечаная гераічным старонкам нашага мінулага: супрацьстаянню з вікінгамі, барацьбе з мангола-татарамі і крыжакамі. Героямі сваіх твораў аўтар абраў яцвягаў і літвінаў, якія мужна змагаліся за сваю незалежнасць, адстойвалі сваю зямлю і свой гонар.


Анатоль Арцёмавіч заўсёды цікавіўся гісторыяй месцаў, дзе нарадзіўся і жыве. І ў выніку вырашыў падзяліцца сваімі думкамі аб гістарычным мінулым у Інтэрнэце — так з’явіўся форум для тых, хто цікавіцца старажытнай гісторыяй. Спачатку старонку наведвалі чалавек сто, потым іх колькасць вырасла да тысячы, потым да мільёна. Па папулярнасці форум з’яўляецца трэцім на Брэстчыне.




Падчас мерапрыемства аўтар распавёў пра гісторыю стварэння кнігі «Трылогія прыгод тысячагоддзя», падзяліўся са слухачамі сваімі ўспамінамі, расказаў аб планах на будучыню. У размове прынялі ўдзел: начальнік аддзела ідэалагічнай работы Брэсцкай мытні С. А. Селівонец, журналіст, пісьменнік Г. С. Тамашэвіч, намеснік старшыні Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Л. М. Красеўская, пісьменнік З. І. Дудзюк. На сустрэчы прысутнічалі: навучэнцы Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, пісьменнікі Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, супрацоўнікі бібліятэкі, удзельнікі клуба «Кантэкст». Супрацоўнікамі аддзела абанемента была падрыхтавана кніжная выстава «Анатоль Брытун: лёсы, дарогі, шляхі», якая расказвае пра творчы шлях пісьменніка. Па заканчэнні мерапрыемства ў прысутных была магчымасць атрымаць аўтограф аўтара…



Пашкевіч Людміла Сцяпанаўна,

заг. аддзела абанемента

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 09


Зварот да спісу