Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
З 23 па 29 снежня 2019 г. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага запрашае сваіх чытачоў у займальнае падарожжа ў свет новых кніг. Адкрываецца кніжная экспазіцыя «Мир книжных новинок» сезон «Осень – 2019». Упершыню выстава такога маштабу дэманстравалася ў Бібліятэцы ў студзені 2019 г. За гэты час з выстаў было выдадзена каля 1700 новых кніг. Убачыўшы такую папулярнасць навінак, мы вырашылі працягваць гэты цыкл. І зараз вашай увазе будзе прадстаўлена новая літаратура, якая паступіла ў аддзел абанемента ў верасні – лістападзе 2019 г., а гэта больш за 700 новых выданняў па розных галінах ведаў, якія выйшлі ў выдавецтвах Беларусі і Расіі. Такая разнастайнасць дае магчымасць пазнаёміцца з кнігамі аб апошніх дасягненнях навукі і тэхнікі, новых тэндэнцыях у эканоміцы і бізнэсе, аб сучасных кірунках развіцця права і палітыкі, з кнігамі па псіхалогіі, прыродазнаўстве, медыцыне, літаратуразнаўстве, мастацтве. У прыватнасці, вядомы псіхолаг Барыс Навадзержкін у новай кнізе «Уйми своих тараканов» (Санкт-Пецярбург, 2019) дае парады і раскрывае сакрэты, як дапамагчы сабе ў бязвыхадных сітуацыях; гісторык А. Ісаеў у кнізе «Чудо под Москвой» (Масква, 2019) распавядае пра падзеі пад Масквой восенню – зімой 1941 г.; у серыі «Война, я помню. Проект Артема Драбкина» выйшла кніга «Штурмовики», якая распавядае аб прафесіі лётчыка-штурмавіка ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Бестселеры, меладрамы, вострасюжэтныя дэтэктывы, гістарычныя раманы, фэнтэзі... Кожны чытач знойдзе для сябе нешта цікавае.
У ліку новых паступленняў — кнігі любімых многімі аўтараў: Таццяны Паляковай, Міхаіла Велера, Ганны Гавальда, Ганны і Сяргея Літвінавых, Яўгена Вадалазкіна, Эдварда Радзінскага, Віктара Ерафеева, Дар’і Данцовай, Юрыя Карчэўскага і многіх іншых.
Адно з цэнтральных месцаў на выставе займаюць выданні з праваслаўнай калекцыі, якая папоўнілася кнігамі Н. Ірценінай, П. Паламарчука, Т. Шыпошынай, І. Раманавай.
У раздзеле «Беларусь литературная» шырока прадстаўлены творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, у т. л. нашых землякоў: М. Пракаповіча, А. Каско, З. Дудзюк.
Адкрыйце для сябе творы, якія вы яшчэ не чыталі!
Краснашчок Алена Мікалаеўна,
вядучы бібліятэкар аддзела абанемента
Кантактны тэлефон: + 375 162 57 48 09